26 красавiка 2024, Пятніца, 8:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Лукашэнкі адбіла памяць

57
У Лукашэнкі адбіла памяць

Аб стварэнні «першага беларускага ноўтбука» абвясцілі яшчэ ў 2009 годзе.

Беларускія ўлады за апошнія дзесяцігоддзі высунулі столькі нечаканых ідэй і далі столькі абяцанняў, што, здаецца, ужо і не памятаюць пра іх, паўтараючы задачы з мінулага, піша «Салiдарнасць».

Так 1 верасня Аляксандр Лукашэнка прадэманстраваў школьнікам і студэнтам «першы беларускі ноўтбук», сабраны на заводзе «Гарызонт».

- Гэта першы кампутар, які мне падарылі нашы разумныя людзі. Ім была пастаўленая задача пацягацца па ўсім свеце, знайсці самае лепшае з таго, што мы пакуль не можам ствараць (працэсары, праграмнае забеспячэнне), і стварыць гэты камп'ютар. Шчыра скажу, у ім сёння блізу 12% беларускага. Да канца года будзе 30 адсоткаў. Але важны сам факт, - сказаў правадыр.

У сетцы аператыўна адшукалі прататып «айчыннага ноўтбука»: як напісаў журналіст Аляксандр Арсёнаў, ім хутчэй за ўсё з'яўляецца Lenovo IdeaPad 3.

Але самае цікавае, бадай, нават не гэта. Рэч у тым, што аб стварэнні «першага беларускага ноўтбука» абвясцілі яшчэ ў 2009 годзе (!). На тым жа «Гарызонце» - дакладней на прадпрыемствае, якое ўваходзіць у холдынг ААТ «Мінскае вытворчае аб'яднанне вылічальнай тэхнікі».

Тады на прадпрыемстве прадэманстравалі першую партыю ноўтбукаў «Калега». На МВАВТ шчыра прызналіся, што кампутар сабраны на платформе кампаніі НР, усе дэталі імпартныя і толькі зборка была зробленая ў Менску.

Цяпер, у 2022-м, літаральна напярэдадні гендырэктар кіроўнай кампаніі холдынгу «Гарызонт» Юры Прадка на БТ патлумачыў: «Было даручэнне знайсці магчымасць вырабляць ноўтбукі ў Беларусі. Мы сабралі каманду спецыялістаў, зрабілі вялікую колькасць паездак за мяжу, выбралі пастаўшчыкоў кампанентаў. Першая задача не была зрабіць яго цалкам беларускім. Гэта, уласна, і немагчыма. А задача яго сабраць».

З прагнозу топ-мэнэджара, да канца года беларускі складнік у ноўтбуку можа дасягнуць 35%.

13 гадоў таму планаваліся, што ноўтбукі «Калега» будуць пастаўляць у бюджэтныя арганізацыі, але справа, як відаць, не пайшла. А Лукашэнка і ягоныя падначаленыя за наступны час вылучылі толькі неверагодных ідэй, што, відавочна, ужо і забыліся пра папярэднюю спробу стварыць айчынны ноўтбук.

І гэта не першы такі выпадак. Напрыклад, пачынаючы з 2017 года чыноўнікі рэгулярна ставяць задачу для стварэння беларускага электрамабіля. Прычым, калі верыць іх словам, ужо даўно павінна была быць распачатая іх серыйная вытворчасць.

Дарэчы, ці шмат хто прыгадае, што ў мінулым на даручэнне Лукашэнкі быў нават створаны «айчынны смартфон»? У 2018 годзе яго журналістам дзяржаўных ТВ паказаў старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Нібыта гаджэт быў цалкам распрацаваны ў Беларусі і меў высокую ступень абароны ад перахопу размоў і перапіскі.

Магчыма, пра гэта не памятае і сам Лукашэнка. Так што нельга выключаць, што ў будучыні мы яшчэ раз пачуем аб стварэнні «айчыннага смартфона».

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках