24 красавiка 2024, Серада, 19:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ідзе хваля ковіда, а вакцыны для бустэрнай дозы няма»

46
«Ідзе хваля ковіда, а вакцыны для бустэрнай дозы няма»

Куды ў Беларусі падзеўся «Спадарожнік V», які патрэбны для тых, хто ўжо прышчапіўся?

У канцы чэрвеня беларускія медыкі папярэдзілі: чарговая хваля ковіда не за гарамі, і заклікалі ўсіх прышчапіцца. Мянчанка Ірына вельмі сур'ёзна ставіцца да вакцынацыі: па-першае, ад каранавіруса памерлі ейныя блізкія, па-другое, яна лекарка. Жанчына і яе родныя зрабілі ўжо не толькі асноўную прышчэпку, але і адну бустэрную дозу. Цяпер прыйшоў час рабіць другую. Праўда, усё выявілася не так проста, піша zerkalo.io.

Нагадаем, у Беларусі людзей прышчэплівалі і прышчэпліваюць трыма вакцынамі - расейскімі "Спадарожнік V" і "Спадарожнік Лайт", а таксама кітайскай Vero Cell.

- Першапачаткова робіцца сама прышчэпка "Спадарожнік V" двухразова. Затым не раней як праз паўгода мы рабілі рэвакцынацыю. Гэта была ўжо “Спадарожнік Лайт”, - тлумачыць Ірына. - Праз паўгода патрэбна яшчэ адна бустэрная доза. І гэта ўжо павінен быць "Спадарожнік V". Але яе няма нідзе. Ні ў Менску, ні ў Менскай вобласці дакладна. Калегі гавораць, што няма яе па ўсёй краіне. Цяпер ёсць толькі “Спадарожнік Лайт”. Усюды пішуць, што хваля ковіда зноў ідзе. Для фармавання імунітэту трэба 3-4 тыдні, хочацца своечасова ўсё зрабіць.

Ці сапраўды названай вакцыны няма па ўсёй краіне і калі яна будзе? З гэтымі пытаннямі журналістка "Зеркала" патэлефанавала на гарачую лінію Міністэрства аховы здароўя як прыватная асоба.

- “Спадарожнікам Лайт” робяць. “Спадарожніка V” няма зараз. Яна не знікла. Яе выкарысталі - і ўсё, - адказала дзяжурная.

- А калі будзе? Трэба ж рабіць бустэр? Цяпер хваля ідзе.

- Я вам яшчэ раз кажу, робяць “Спадарожнікам Лайт”. Калі будзе вакцына, сказаць не магу. Пра пастаўкі ў нас інфармацыі няма.

- Нам сказалі, што для другой бустэрнай дозы патрэбны “Спадарожнік V”…

- Робяць “Спадарожнікам Лайт” бустерную вакцынацыю, таму што калі будзе “Спадарожнік V”, невядома.

- А эфект такі ж будзе? Рэкамендуюць жа “Спадарожнік V”.

- Ну чаму не будзе? Будзе. Там жа сутнасць практычна адна і тая ж. Прышчэпка ад адной і той жа інфекцыі. Канечне будзе, чаго не будзе.

Пра тое, калі будуць пастаўкі "Спадарожнік V" мы патэлефанавалі і ў абласное аддзяленне "Белфармацыі". Там пацвердзілі: гэтай вакцыны няма ні ў вобласці, ні ў краіне.

- Мы нават не атрымлівалі “Спадарожнік V” на вобласць. Я не памятаю, каб мы яго набывалі. Памятаю, што гэта была самая першая пастаўка напрыканцы 2020 года. Разавая, і больш яе не было. Цяпер толькі “Спадарожнік Лайт”, - адзначылі ў “Белфармацыі”.

Між тым, на сайце Міністэрства аховы здароўя ёсць загад № 794 ад 14 чэрвеня 2022 года. У ім - інструкцыя аб парадку правядзення асноўнай і бустернай вакцынацыі.

У пункце 5 інструкцыі выразна гаворыцца, што для прышчэпленых "Спадарожнік V" ці Vero Cell першая бустерная доза робіцца "Спадарожнік Лайт". Калі ж асноўная прышчэпка была зроблена "Спадарожнік Лайт", то тады паводле інструкцыі чалавека прышчэпліваюць другім кампанентам "Спадарожнік V".

Далей наступны парадак. Калі першая бустерная вакцына была "Спадарожнік Лайт", то наступная робіцца другім кампанентам "Спадарожнік V".

- Яны супярэчаць сваёй жа інструкцыі, калі кажуць, што будуць рабіць прышчэпкі "Спадарожнік Лайт" замест "Спадарожнік V", – тлумачыць Ірына. - Тым больш, што другі кампанент, якога няма, патрэбны для рэвакцынацыі і тым, хто прышчапляўся "Спадарожнік Лайт". Гэта студэнты, паджылыя людзі і тыя, хто хранічна на нешта хварэе.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках