5 траўня 2024, Нядзеля, 22:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для беларусаў надышоў час адказнасці

12
Для беларусаў надышоў час адказнасці

Годзе пасыпаць галаву попелам.

Адно з самых бескарысных пачуццяў - гэта пачуццё віны, піша сацыёлаг Генадзь Коршунаў. Мала таго, што віна бясплодная, яна яшчэ і знішчальная. Віна спараджае самакапанне і агрэсію, накіраваную на самога сябе. Чалавек пазбаўляецца сіл, «абясточваецца», становіцца пасіўным. Без якой-небудзь карысці і для сябе самога, і для свайго асяроддзя, і для ўсяго свету. Віна пустая і атрутная.

У той жа час гэтае пачуццё, яго дэкларацыя могуць быць дастаткова зручнымі. Прызнаеш, што ты вінаваты – Mea culpa, mea maxima culpa – і нібыта нешта зрабіў, і нібыта сумленне чыстае: «Ну я ж павініўся!». Тая ж пустата фальшывай індульгенцыі.

Яшчэ больш пустым і нават шкодным з'яўляецца канцэпт калектыўнай віны. Дзе вінаватыя ўсе - не вінаваты ніхто. Тым больш што да шчырага пачуцця віны звычайна больш схільныя якраз тыя, каго яна павінна была б тычыцца ў меншай ступені. Ханна Арэнт выдатна гэта апісала на прыкладзе Нямеччыны, дзе за грахі фашызму больш за ўсё каяліся тыя, хто з ім ваяваў.

З пачатку вайны, у якую Беларусь была ўцягнутая дзякуючы Лукашэнку, прайшло ўжо дастаткова часу, каб перастаць пасыпаць галаву попелам, каб пабыць у шоку і ўсвядоміць, што здарылася немагчымае. Усвядоміць і выйсці і з шоку, і з «вінаватасці» - у «адказнасць».

Паміж гэтымі аднакарэннымі словамі - «адказнасцю» і «віной» - ёсць прынцыповая розніца. Віна будуецца на самапрыніжэнні, адказнасць - на самасцвярджэнні; віна арыентаванае на мінулае, адказнасць - на будучыню; віна - нішчыць, адказнасць - арганізоўвае.

І мы ўмеем не толькі быць вінаватымі, мы ўмеем і быць адказнымі.

Узгадайце першую хвалю ковіду, узгадайце месяцы да і пасля жніўня 2020 года. Калі беларуская дзяржава адразу кінула, а потым выступіла супраць грамадства, мы пачалі ўсё рабіць самі. Самастойна. Хтосьці больш, хтосьці менш. Тады не было месца віне, тады быў час адказнасці. Адказнасць рабіла нас беларусамі, яна ператварала нас у нацыю.

Цяпер сітуацыя вельмі падобная - дзяржава (перш за ўсё ў асобе спадара Лукашэнкі) здрадзіла свайму народу. Чарговы раз. Дала сваю тэрыторыю, свае ўзлётныя палосы, свае шпіталі для войскаў усходняга акупанта. Пагарджаючы воляй свайго народа.

Шок ад неверагоднасці, сюррэалізму здарэння праходзіць. Немагчымае стала рэальнасцю. Што б мы ні думалі з гэтай нагоды - так ёсць. І нам з гэтым жыць.

З гэтай нагоды можна заставацца ў палоне віны і самаразбурэння, фактычна дапамагаючы акупантам падзяляць і панаваць. А можна пасля шокавай паўзы вярнуцца ў жыццё і прыняць на сябе частку адказнасці за тое, што адбываецца. Не віны, а адказнасці.

Адказнасць - гэта быць, думаць, дзейнічаць. Клапаціцца, засцерагаць, дапамагаць - жыць.

Так, адразу адказнасць за сябе. Потым за тых, хто побач. Пасля за тых, хто далей.

Мы розныя, сітуацыі розныя. Камусьці дастаткова сіл адказваць толькі за сябе, камусьці - за многіх. Цяпер вельмі многім стае сіл на многіх.

Таму што ў два апошнія гады змясцілася некалькі жыццяў. Бо беларусы зноў адчуваюць сябе асобнай нацыяй. Таму што калектыўныя траўмы павінны быць пражытыя і пераўтвораныя ў калектыўны досвед. У той досвед, які робіць нас мацнейшымі.

Яшчэ раз - у кожнага з нас розныя сілы, розныя рэсурсы, розныя магчымасці. Але частку адказнасці МОЖА ўзяць на сябе кожны. Таму сёння не пра сорам, віну і роспач. Гэтаму быў час і ён прайшоў.

Надышоў час адказнасці.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках