20 траўня 2024, панядзелак, 2:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саліван: У выпадку агрэсіі РФ сутыкнецца з усёй моцай амерыканцаў і іх хаўруснікаў

6
Саліван: У выпадку агрэсіі РФ сутыкнецца з усёй моцай амерыканцаў і іх хаўруснікаў
ДЖЭЙК САЛІВАН
ФОТА: AFP

ЗША падрыхтавалі смелыя меры ў адказ на выпадак расейскай агрэсіі.

Злучаныя Штаты падрыхтавалі смелыя меры ў адказ на выпадак расейскай агрэсіі, і Расея «сутыкнецца з усёй моцай амерыканцаў і іх хаўруснікаў», калі ажыццявіць якія-небудзь дзеянні супраць любой краіны, якая ўваходзіць у NATO. Пра гэта заявіў у панядзелак дарадца прэзідэнта ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван, выступаючы ў праграме Today на тэлеканале NBC, паведамляе «Голас Амерыкі».

У той жа дзень кіраўнік абароннага ведамства Вялікабрытаніі Бэн Уолес падкрэсліў, звяртаючыся да заканадаўцаў, што нельга дапусціць, каб дэстабілізацыйныя дзеянні Расеі адбіліся на тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

«Мы ставім сваёй задачай абарону рэгіянальнай бяспекі. Мы абавязаны не дапусціць, каб дэстабілізацыйныя дзеянні Расеі тым ці іншым чынам адбіваліся на тэрытарыяльнай цэласнасці кожнай суверэннай дзяржавы. Злучанае Каралеўства застаецца непахісным у справе надання падтрымкі Украіне», - сказаў Уолес, выступаючы ў парламенце.

Раней у панядзелак прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін склікаў экстранае пасяджэнне Рады бяспекі Расейскай Федэрацыі. Яно было прысвечанае звароту, які паступіў у Крэмль, з просьбай прызнаць «незалежнасць» самаабвешчаных сепаратысцкіх «рэспублік» ва ўсходняй Украіне - так званых ДНР і ЛНР.

Да гэтага Пуціна заклікалі дэ-факта лідары названых «рэспублік», а таксама спікеры Дзярждумы і Савета Федэрацыі Расеі.

«Пастанова будзе прынятая. Сёння», - заявіў прэзідэнт РФ.

Аб зваротах лідараў сепаратыстаў стала вядома за 15 хвілін да пачатку пасяджэння.

Пуцін абвінаваціў Украіну ў нежаданні выконваць Менскія пагадненні і дадаў, што пытанне аб сітуацыі ў Данбасе наўпрост звязана з расейскімі патрабаваннямі так званых гарантый бяспекі ад ЗША і NATO.

Між тым камандаванне расейскай Паўднёвай вайсковай акругі заявіла, што ў панядзелак у Растоўскай вобласці яго падраздзяленні ўступілі ў бой з узброеным атрадам, які перайшоў расейскую мяжу з тэрыторыі Украіны. У заяве сцвярджаецца, што знішчаныя дзве БМП і пяць «дыверсантаў», а таксама што сярод расейскіх салдат страт няма.

Довадаў гэтых сцвярджэнняў не пададзена.

Мінабароны Украіны назвала паведамленне расейскага камандавання «фэйкавай навіной», заявіўшы, што ўкраінскія вайскоўцы не перасякалі мяжу Растоўскай вобласці.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках