20 траўня 2024, панядзелак, 3:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

170 еўрапейскіх парламентарыяў папярэдзілі кіраўніцтва беларускіх турмаў

12
170 еўрапейскіх парламентарыяў папярэдзілі кіраўніцтва беларускіх турмаў

Еўропа сочыць за тым, што адбываецца ў Беларусі.

Адкрыты ліст да МУС Беларусі і начальнікаў 48 беларускіх папраўчых устаноў падпісалі 170 парламентарыяў з 16 еўрапейскіх краін. Яны заклікаюць спыніць грэбаванне правамі зняволеных у беларускіх калоніях і турмах.

Зварот апублікавала швайцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя Libereco. Ён з'яўляецца супольнай ініцыятывай Libereco і праектаў у падтрымцы палітвязняў Politzek.me, DissidentBY, праваабарончага цэнтру «Вясна», Каардынацыйнай рады і народных амбасадаў Беларусі ў еўрапейскіх краінах.

Парламентарыі Еўропы, зазначаецца ў звароце, уважліва сочаць за сітуацыяй у Беларусі і ведаюць аб масавым пазбаўленні волі людзей за іх палітычную пазіцыю.

«Мы ведаем пра парушэнні ў беларускіх турмах і пра тое, што палітвязням адмаўляюць у захаванні асноўных правоў. Мы ведаем, што затрыманых змяшчаюць у перапоўненыя камеры без належнага адзення і ложкаў. Мы ведаем, што зняволеным адмаўляюць у атрыманні лістоў і пасылак, у сустрэчах з блізкімі і ў належным юрыдычным прадстаўніцтве, у доступе да лекараў і лекаў. Што палітвязняў адпраўляюць у карцары, каб націснуць на іх. Бесчалавечнае абыходжанне са зняволенымі непрымальнае», — гаворыцца ў тэксце.

У лісце падкрэсліваецца, што Беларусь як член ААН падпісала мноства дамоваў, якія замацоўваюць правы чалавека, напрыклад «Канвенцыю супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць тыпаў абыходжання і пакарання», і кіраўнікі пенітэнцыярных устаноў нясуць адказнасць за абыходжанне са зняволенымі і выкананне гэтых міжнародных абавязацельстваў. Парламентарыі Еўропы заклікалі спыніць парушэнне правоў зняволеных ва ўсіх месцах утрымання пад вартай і вызваліць усіх палітвязняў. У звароце зазначаецца, што яны прадоўжаць сачыць за сітуацыяй.

Ліст падпісалі чальцы парламентаў Аўстрыі, Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Ірландыі, Італіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Шатландыі, Славаччыны, Гішпаніі, Швэцыі і Швайцарыі.

- Важна, каб тыя, хто адказвае за жыццё, здароўе і бяспеку палітвязняў у Беларусі, ведалі, што незаконнае і бесчалавечнае абыходжанне з імі не застаецца беспакараным, - заявіў прадстаўнік Libereco ў Вялікай Брытаніі Кен Макбейн. - Мы спадзяемся, што персанальныя лісты ад такіх шматлікіх еўрапейскіх парламентарыяў з многіх краін прымусяць адказных за гэта задумацца аб сваіх абавязках. Яны могуць думаць, што застаюцца ананімнымі і дзейнічаюць беспакарана, але свет назірае за імі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках