20 траўня 2024, панядзелак, 1:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дабрачынны спектакль на выездзе

15
Дабрачынны спектакль на выездзе
ФОТА: ТАСС

Крэмль грошай не даў.

Лукашэнка вярнуўся з Масквы 19 лютага не ў настроі. Было шмат шуму, шмат прыгожых слоў, але грошай Крэмль не даў. Прычым гэта ўжо стала традыцыяй. Нагадаем, што апошнія грошы ў фармаце крэдыту (1,5 млрд. даляраў ЗША) Лукашэнка атрымаў ад РФ увосень 2020 года (некалькімі ратамі, і ў 2021 годзе), піша расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў для сайта politoboz.com.

Нагадаем, што фон расейска-беларускага саміту, які адбыўся ў Маскве, быў выключна цяжкім, і сустрэча Пуціна і Лукашэнкі была першапачаткова арыентаваная на геапалітыку.

Лукашэнку патрэбныя грошы. Беларусь не пацягне плацяжы за крэдыты сёлета - больш за 3 млрд. даляраў.

Пытанне санкцыйнага ціску на Беларусь з пачатку 2022 года стала крытычна важным для беларускага правадыра. Нагадаем, што АТ «Беларуськалій» з'яўляецца не проста «валютным цэхам» краіны, але і фактычна найважнейшым «сямейным» актывам клана Лукашэнкі.

Нагадаем, што на мінулым тыдні ўкраінскае кіраўніцтва закрыла транзіт беларускага калію праз украінскія парты. Пытанне аб адгрузцы беларускіх угнаенняў праз расейскія прыпартавыя тэрміналы мае для Менска стратэгічны характар.

У «партфелі» Лукашэнкі ёсць і пытанні тэхнічнага абсталявання беларускага войска, ільготы для беларускага экспарту на расейскі рынак, але ў адказ Маскву цікавілі тэмпы «гарманізацыі» 28 саюзных праграм, частка з якіх ужо пачала пазніцца.

Калі для Расеі прыезд Лукашэнкі ў Маскву быў упісаны ў стратэгію геапалітычнага супрацьстаяння, то для Лукашэнкі сустрэча з прэзідэнтам Расеі павінна была легалізаваць прызначаны на 27 лютага канстытуцыйны рэферэндум.

Лукашэнка нядрэнна даў рады сваёй ролі, але «спектакль на выездзе» быў дабрачынным, што не магло не адбіцца на настроі беларускага правадыра. У Менску Лукашэнка выйшаў з самалёта са «скамянелым» тварам. Непрыемна, калі цябе выкарыстоўваюць…

Лукашэнка зняпраўдзіў сам сябе. Рэч у тым, што яшчэ ў студзені, у інтэрв'ю расейскаму журналісту Салаўёву Лукашэнку сцвярджаў, што нейкі «наш» бізнэсовец ужо будуе на беразе Фінскай затокі «беларускі порт», з якога павінен быць накіраваны на экспарт беларускі калій. Высветлілася, што нічога не будуецца, і будоўля нават не ўзгодненая! У. Пуцін распарадзіўся аператыўна дапамагчы беларусам, каб яны прыступілі да будаўніцтва. Зразумела, што гэта прасцей, чым «падкідваць» Лукашэнку мільярды даляраў.

Беларускі порт у Фінскай затоцы - перспектыва пакуль вельмі каламутная, але тое, што пастанова аб будоўлі прынятая, кажа пра тое, што Менск так і не змог «пасунуць» расейскіх вытворцаў угнаенняў на іх уласным рынку і на ўласных адгрузачных тэрміналах. Менску давядзецца будавацца самому, што, па-першае, зацягне развязанне праблемы аб вывазе беларускага калію на сусветны рынак, абыходзячы Клайпеду, мінімум на два гады, а па-другое, запатрабуе касмічных выдаткаў. Партовае будаўніцтва - адно з самых капіталаёмістых у сферы будаўніцтва. Адкуль Лукашэнка возьме гэтыя грошы? Так што інтрыга з вывазам беларускага калію праз новы тэрмінал пакуль не раскрытая.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках