25 красавiка 2024, Чацвер, 22:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алеся Яхно: Вайна выходзіць за межы Украіны

15
Алеся Яхно: Вайна выходзіць за межы Украіны
Алеся Яхно

Расейская прапаганда ўжо некалькі месяцаў мяняецца.

Украіна нанесла некалькі ўдараў па расейскіх авіябазах. Беспілотнікамі пашкоджаныя аб'екты пад Курскам, Разанню і Саратавам.

Як поспехі УСУ ўплываюць на наратывы расейскай прапаганды?

Пра гэта сайту Charter97.org распавяла ўкраінскі палітолаг і журналістка Алеся Яхно.

- Расейская прапаганда казала аб «Кіеве за тры дні», «ядзерным удары», цяпер жа часам прысутнічаюць паражэнчыя настроі. Пра што гэта можа казаць?

- Мне здаецца, як не варта перабольшваць ядзерныя размовы ў расейскай прапагандзе, так і паражэнчыя. Цяпер мы перажываем звычайную логіку вайны восеньска-зімовага перыяду.

Расея ўжо дастаткова даўно выкарыстоўвае стандартную рыторыку наконт ядзерных пагроз і працягне гэта рабіць. Хаця мы бачым, што Захад спрабуе ўсё больш падключаць да гэтай тэмы Кітай, што абсалютна правільна. Ніхто з суседзяў РФ, думаю, не хоча апынуцца ў сітуацыі выкарыстання ядзернай зброі, дзе б там ні было.

Вайсковая логіка палягае ў тым, што Расея нясе страты на фронце, а Украіна пераходзіць у контрнаступ, паступова вяртаючы свае тэрыторыі або падрыхтоўваючы іх да гэтага вяртання: разбураюцца вайсковыя склады і адсякаюцца лагістычныя маршруты, а таксама важныя для Расеі пункты.

Расея ж, рэагуючы на ваенную паразу, абсалютна прадказальна наносіць ракетныя ўдары па аб'ектах крытычнай інфраструктуры Украіны, каб максімальна ўскладніць сітуацыю і прычыніць найбольшую шкоду ў зімовы перыяд.

Мне здаецца, што няма крайнасці паміж ядзернымі пагрозамі і паражэнчымі настроямі.

Украіна не дапусціла заваёвы Кіева, вярнула ў значнай ступені Харкаўскую вобласць, Херсон. Цяпер ідуць разлютаваныя баі ў Запарожскай вобласці, на ўсходзе, у тым жа Бахмуце.

Відавочна, што далей вайна можа актывізавацца ў Чарнаморскім рэгіёне, бо там занадта шмат інтарэсаў, у тым ліку - эканамічных. Вайна цяпер знаходзіцца ў той стадыі, калі Расея не перамагла, Украіна не саступіла і паступова рухаецца да той стадыі, што «Украіна яшчэ не перамагла», але і «Расея не саступіла».

Кіеў нездарма звяртаецца да Захаду па дапамогу ў абароне неба, просіць СПА. Бо на гэты момант украінскае неба найбольш уразлівае. У апошнія дні паветраная трывога была фактычна ва ўсіх абласцях. Зноў Украіна апынулася ў частковым блэкаўце.

Цяпер, калі меркаваць з выступаў заходніх лідараў і даследаванняў, прагназуецца, што вайна будзе выходзіць на ўзроўні спроб дэстабілізацыі сітуацыі ў іншых дзяржавах. Ускосна гэта ўжо адбываецца: падзенне ракет у Польшчы, Малдове. Гэта ўсё таксама праявы вайны.

- Ці мяняюцца наратывы расейскіх прапагандыстаў пасля ўдараў па авіябазах ў РФ?

- Для нас вялікі поспех, калі нешта адбываецца на расейскіх базах, дзе ёсць ракеты, узбраенне. Гэта сведчыць аб тым, што Украіна спрабуе максімальна ліквідаваць магчымасці РФ для вядзення вайны або рыхтуе глебу для контрнаступлення.

Скажу, што расейская прапаганда прыкметна мяняецца. Гэта адбываецца ўжо некалькі месяцаў. Змены прасочваюцца ў выступах самога Пуціна і іншых афіцыйных асобаў Расеі. Цяпер акцэнтуецца ўвага на тым, што Расея нібыта ваюе «не з Украінай, а супрацьстаіць калектыўнаму Захаду». Насамрэч, гэта Захад «такі кепскі» і даходзіць ужо проста да «барацьбы з сатанізмам» і гэтак далей.

Расея спрабуе маштабаваць сябе праз маштабаванне выявы ворага, распавядаючы, што гэта «не Украіне яны могуць саступіць, а ўсяму магутнаму Захаду», які «апалчыўся на РФ».

Трэба ж тлумачыць расейцам, для чаго іх мабілізоўваюць. Відавочна, што грамадзяне РФ не мараць на канапах ля тэлевізара пападаць на фронт і паміраць незразумела чаму. Таму ім будуць расказваць, што Захад «хоча знішчыць Расею», «абрабаваць, увёўшы санкцыі» і г.д.

Не факт, што гэта пераканаўчае тлумачэнне. Аднак «спецаперацыя», як гэта ў пачатку падавалася ў Расеі, перайшла да адкрытай вайны, раз ідзе мабілізацыя, а ПВК «Вагнера» катаецца па ўсёй РФ і збірае расейцаў. Насамрэч, апраўдваць свае пройгрышы ў РФ могуць як заўгодна, ёсць ужо стандартны наратыў - «мы самі адтуль сышлі». Часам яны і паражэнне выдаюць за перамогу.

На мой погляд, прапаганда РФ і надалей будзе ўсё больш акцэнтавацца на Захадзе. Таму нездарма краіны не выключаюць рызыку, што расейска-ўкраінская вайна можа выйсці за межы Украіны не толькі ў гібрыдным сэнсе і закрануць іншыя дзяржавы.

- Галоўная прапагандыстка РФ Маргарыта Сіманьян нарвалася на хвалю крытыкі з боку расейцаў за свой допіс з пагрозамі Захаду. Як мяняецца ўспрыманне прапаганды ў саміх расейцаў?

- Тут ёсць складнік, арыентаваны на ўнутраную і замежную аўдыторыю.

Упэўненая на 100%, што чым далей, тым больш расейцаў будзе ўсё ж супраць вайны. Гэта не азначае, што яны за Украіну, але адна справа абараняць сваю тэрыторыю, калі прыйшоў вораг, а іншая - ісці ў чужую дзяржаву і паміраць незразумела за што.

Што да допісу Сіманьян, дзе яна пагражае Захаду. З прагнозаў заходніх аналітыкаў, якія я чытаю, вынікае, што рызыкі нанясення Расеі ўдараў або спробы падарваць аб'екты, якія знаходзяцца на тэрыторыі Захаду, не перабольшаныя. Акрамя ядзерных пагроз існуе імавернасць таго, што Расея можа паспрабаваць перанесці вайну на тэрыторыю краін Захаду.

У апошнія тыдні было шмат інфармацыі аб тым, што расейскіх грамадзян затрымліваюць, калі яны запускаюць дроны над стратэгічнымі аб'ектамі, да прыкладу, у Нарвегіі. Таксама акрамя газаправода «Паўночны струмень», дзе былі ўчыненыя наўмысныя падрывы, ёсць маса падводных кабеляў, да якіх РФ можа атрымаць доступ.

Вяртаючыся да вашага пытання, допіс Сіманьян - гэта ўсё ж прапаганда, але і ў нейкіх працэнтных суадносінах рэальная рызыка таго, што Расея будзе рэагаваць на поспех Украіны ў вайне.

Перадача Украіне СПА Захадам адбываецца вельмі павольна, хоць усе цудоўна разумелі, што РФ у зімовы перыяд будзе знішчаць ўкраінскую інфраструктуру. Краіны Захаду вельмі асцерагаюцца, што праз пастаўкі Расея будзе ўспрымаць яго як удзельніка вайны і яна выйдзе за межы Украіны не толькі ў гібрыдным сэнсе, але і вайсковым.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках