27 красавiка 2024, Субота, 2:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Беларусь увойдзе ў ЕЗ і NATO разам з Украінай

28
Наталля Радзіна: Беларусь увойдзе ў ЕЗ і NATO разам з Украінай
Наталля Радзіна

Якім будзе канец Лукашэнкі?

Апошнім часам ва Украіне ўсё больш кажуць аб пагрозе новага наступу з Беларусі. Што думаюць пра магчымы напад беларускія вайскоўцы? Як беларуская апазіцыя рэагуе на апошнія падзеі? Якім будзе канец Лукашэнкі і будучыня Беларусі? Пра гэта ўкраінскаму выданню «Главком» распавяла галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна.

«Важна разумець, што беларусы супраць гэтай вайны»

- На розныя ацэнкі, як беларускіх, так і заходніх сацыёлагаў, якія правялі апытанне беларускіх грамадзян у ліпені гэтага года, за вайну з Украінай выступае ад 3 да 11% беларусаў (апошні паказчык атрыманы з улікам адказаў жыхароў сельскай мясцовасці). А якая сітуацыя цяпер?

- Сітуацыя не змянілася. Абсалютная большасць беларусаў і надалей выказваецца і, вядома ж, выступае супраць вайны. Няхай гэта нават не адбываецца сёння публічна. Першапрычынай гэтага з'яўляецца немагчымасць праявы якой-небудзь адкрытай нязгоды з рэжымам Лукашэнкі.

За адкрыты супраціў караюць арыштамі і вялізнымі турэмнымі тэрмінамі. Але, тым не менш, мы ведаем дакладна, што 85-90% беларусаў супраць вайны ва Украіне. І насамрэч беларускае грамадства даволі шмат разоў дэманстравала сваю салідарнасць з Украінай.

Аднак нават за самыя нявінныя праявы салідарнасці ў выглядзе ўкраінскай сімволікі, якую насілі з сабой мае суграмадзяне, за тое, што размяшчалі ў інтэрнэце допісы салідарнасці ці вешалі на ўласныя аўто ўкраінскія сцяжкі, іх проста кідалі за краты.

Гэта важна разумець і ведаць, што беларусы сапраўды не падтрымліваюць гэтую вайну.

- Якое стаўленне да вайны ў беларускім войску?

- Беларускае войска - гэта частка грамадства. Мы даследуем настроі сярод беларускіх вайскоўцаў, маем стасункі з імі. Я сама дачка беларускага вайскоўца. Праўда, ужо пенсіянера. І магу сказаць, што беларускія вайскоўцы не жадаюць ваяваць ва Украіне.

Байцы палка імя Кастуся Каліноўскага, якія сёння ваююць за Украіну, гавораць, што 8 з 10 беларускіх жаўнераў не хочуць ваяваць у вашай краіне. У мяне гэта не выклікае ніякіх сумневаў. Мне дакладна вядома, што беларусы не хочуць ваяваць ні за Лукашэнку, ні за Пуціна ці нейкія там балючыя імперскія фантазіі расейцаў.

Таму, калі ўсё ж беларускае войска нейкім чынам прымусяць уступіць у гэтую вайну, перасекчы мяжу, то я ўпэўненая, што абсалютная большасць вайскоўцаў здасца ва ўкраінскі палон.

Асабіста мне падаецца, што найлепшым сцэнарам з усіх магчымых будзе здача беларускіх вайскоўцаў у палон украінцам з наступным уступленнем у шэрагі палка Каліноўскага. А потым яны змогуць вярнуцца ў Беларусь у складзе палка, каб вызваліць краіну ад дыктатуры.

- Мы з вамі раней ужо згадвалі аб тым, што беларусаў, якія падтрымлівалі Украіну, кідалі ў турму. Бо яны больш не выходзяць на акцыі?

- Вы павінны разумець, наколькі ў Беларусі ўстанавіўся жорсткі рэжым. Многія з украінцаў ніколі не жылі ў такіх умовах. І менавіта таму вам складана сабе ўявіць узровень жорсткасці сённяшняй беларускай дыктатуры. У краіне, фактычна, абвешчанае надзвычайнае становішча. Людзей арыштоўваюць за ўсё. Нават за выкарыстанне беларускай мовы падчас размовы. Можаце сабе ўявіць, якая там цяпер атмасфера. У такіх варунках усякі адкрыты пратэст непазбежна прывядзе да асуджэння да турэмнага пакарання на тэрмін ад 10 да 20 гадоў. У нас ужо і такія тэрміны прысуджаюць. Гэта не нейкія там 15 дзён адміністратыўнага арышту.

Да таго ж, у беларускай турме цалкам сабе можна памерці праз жахлівыя ўмовы. Там людзей катуюць. Палітвязні ўжо паміралі ад катаванняў. Баюся, што смерцяў будзе рабіцца ўсё больш.

У Беларусі таксама прынялі закон, які дазваляе выкарыстанне баявой зброі супраць мірных дэманстрантаў. Такім чынам, расстрэл мірных маніфестацый фактычна ўзаконілі. І таму, перш чым асуджаць нас, трэба даведацца, што адбываецца на маёй радзіме і асэнсаваць гэта.

«Ціханоўская - выпадковая фігура, якую вынесла наверх...»

- Якія пануюць настроі цяпер у беларускай апазіцыі? Ці ўсе праціўнікі рэжыму аднадушныя ў сваёй падтрымцы Ціханоўскай як альтэрнатывы Лукашэнку?

- Паслухайце, Ціханоўская не з'яўляецца і не можа быць ніякім прэзідэнтам Беларусі. Яе варта разглядаць хутчэй як выпадковую фігуру, якая апынулася ў спрыяльных для яе абставінах падчас пратэстаў у 2020 годзе. Тады ў прэзідэнцкіх «выбарах» не змагла ўзяць удзелу вялізная колькасць годных кандыдатаў. Сярод іх - і тагачасныя лідары апазіцыі. Проста таму, што шмат каму з іх давялося эміграваць, іншыя былі за кратамі напярэдадні выбараў.

Нехта не мог быць удзельнікам гонкі праз статус былога палітычнага зняволенага. Найперш, праз нежаданне Лукашэнкі рэабілітаваць сваіх палітычных апанентаў. На момант выбараў 2020 года ў рэальнай апазіцыі не было законных падставаў для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. Яны зазнавалі рэпрэсіі. Менавіта праз незаконную забарону ўдзелу ў выбарчай кампаніі тыя выбары можна было прызнаваць недэмакратычнымі.

Сюды ж дадаём і забарону дзейнасці незалежных медыяў. Да прыкладу, наш сайт «Хартыі-97» тады заблакавалі акурат напярэдадні выбараў.

Вось так Ціханоўская і сталася зусім выпадковай фігурай, якую вынесла наверх на хвалі пратэстаў. Нарэшце, выбарцы ж галасавалі не за Ціханаўскую, не за нейкую яе праграму. Тым больш што ніякай праграмы яна не мела. У яе быў толькі адзін пункт: у выпадку, калі яна пераможа ў гонцы, то адразу ж правядзе новыя свабодныя, дэмакратычныя выбары, у якіх могуць узяць удзел усе вартыя гэтага кандыдаты. І ўсё.

Таму людзі аддавалі свае галасы найперш супраць Лукашэнкі. Адначасова спадзеючыся, што неўзабаве будуць праведзеныя новыя прэзідэнцкія выбары. Прадстаўляць Ціханаўскую на чале дзяржавы проста смешна. Яна ж ніколі, ні дня не была ў шэрагах апазіцыі. Больш за тое, ні дня ў сваім жыцці не працавала, здавольваючыся роляй хатнія гаспадыні. Аж да пазамінулага года яе не цікавіла сітуацыя ў краіне.

Не думаю, што за два гады пасля пратэстаў нешта моцна для яе змянілася, што яна неяк заўважна прасунулася ў пытанні разумення палітычнай сітуацыі. Вось таму ніхто сур'ёзна і не разглядае гэтую фігуру як палітычнага лідара.

Унутры Беларусі яе ўплыў цяпер мінімальны. За два з паловай гады штабам Ціханоўскай было ўпушчана вельмі шмат магчымасцяў змены сітуацыі ў краіне, таму сёння яна ні на што не ўплывае.

- Добра. Хто ж тады можа стаць тым, у кім мае патрэбу Беларусь насамрэч?

- Месца прэзідэнта ў Беларусі могуць заняць многія людзі. Магу прыгадаць нобелеўскага лаўрэата, вядомага нашага праваабаронцу Алеся Бяляцкага. Гэта вельмі важны чалавек, які сядзеў у турме за тое, чым займаўся. І цяпер працягвае адбываць пакаранне. Яго арыштавалі летась. Гэтаму чалавеку я абсалютна давяраю. Ведаю, што яму неабыякавы лёс краіны. Ён усё жыццё прысвяціў спробам змяніць сітуацыю.

Ёсць і Мікола Статкевіч - лідар сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада. Вось ён самы сапраўдны лідар апазіцыі. За гады кіравання Лукашэнка правёў у зняволенні сумарна больш за 10 гадоў. Цяпер працягвае знаходзіцца за кратамі.

Можна ўзгадаць і Паўла Севярынца, лідара партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (25 траўня мінулага года прысуджаны да сямі гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у пратэстных акцыях – заўв.). Павел знаходзіцца ў апазіцыі да рэжыму ледзь не з першага дня, з таго часу, як у 1994 годзе Лукашэнка стаў прэзідэнтам.

Увогуле, ёсць вельмі шмат годных кандыдатаў. І як толькі мы дэмакратызуем Беларусь пасля звяржэння цяперашняга рэжыму, у нас будуць свабодныя выбары, на якіх нам будзе вельмі складана выбраць лепшага з усіх годных.

- Далей акурат гаворка аб метадах звяржэння рэжыму. Паплечніца Ціханоўскай Аліна Коўшык кажа, што ў іх ёсць вялікія надзеі прыбраць Лукашэнку мірным шляхам. А якое ваша меркаванне на гэты конт: гэта рэальна?

- Мне зусім не цікава, што кажуць людзі са штаба Ціханоўскай. Большасць з іх некампетэнтныя. Сярод іх ёсць і тыя, хто дзясяцігоддзямі працавалі на рэжым Лукашэнкі і з'яўляюцца выхадцамі з сілавых, карных структур, створаных дыктатарам.

Калі яны кажуць нешта пра «мірны шлях» ці «дыялог з рэжымам», гэта проста смешна. Бо зусім зразумела, што ніякіх мірных спосабаў змяніць сітуацыю ў Беларусі ўжо няма.

- Украінскі палітолаг Яўген Магда кажа, што ўкраінцы і беларусы не могуць зразумець адзін аднаго. Маўляў, у гэтым галоўная праблема нашых двух народаў. Як, па-вашаму, нам знайсці такое неабходнае разуменне?

- Я заўсёды ўважала беларусаў і ўкраінцаў за вельмі блізкія народы. І ведаю, што беларусы вельмі цёпла ставяцца да ўкраінцаў. Нягледзячы на вайну, мне падаецца, што ўкраінцы сёння разумеюць, што ваюе супраць іх не беларускі народ.

Мы гістарычна блізкія, родныя народы і ў нас, насамрэч, агульная будучыня. Мы разам будзем змагацца за сваю свабоду і незалежнасць. І ўрэшце разам увойдзем у Еўразвяз і NATO.

Беларусам трэба яшчэ шмат чаго даведацца пра вас, украінцаў, каб пабудаваць здаровы міждзяржаўны дыялог. Як прадстаўніца беларускіх незалежных журналістаў, разам з калегамі спрабую даносіць інфармацыю аб тым, што адбываецца ва Украіне. Улічваючы блакаванне многіх незалежных крыніц, многія беларусы дагэтуль не ведаюць, што менавіта ў вас адбываецца. У тым ліку і тое, што тычыцца зверстваў расейскага войска. І ўвогуле, праз што праходзіць украінскі народ вось ужо 10 месяцаў. Павінна быць больш інфармацыі. Але і ўкраінцы таксама са свайго боку павінны больш даведвацца, якое гэта - жыць у перыяд лукашэнкаўскай дыктатуры.

Аднак я ўпэўненая, што нашы народы не змогуць падзяліць два вайсковыя злачынцы і маньяк – Пуцін і Лукашэнка. Мы назаўжды застанёмся блізкімі і роднымі.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках