26 красавiка 2024, Пятніца, 18:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацыянальная віза ў Польшчы: Як беларусам падаваць дакументы, колькі каштуе і як доўга чакаць

6
Нацыянальная віза ў Польшчы: Як беларусам падаваць дакументы, колькі каштуе і як доўга чакаць
ФОТА: CHARTER97.ORG

Маючы гуманітарную візу, беларусы могуць афіцыйна працаўладкавацца ў Польшчы.

З 22 верасня грамадзяне Беларусі і Украіны атрымалі магчымасць падаваць заявы на атрыманне польскіх нацыянальных візаў унутры Польшчы. «Белсат» расказвае, хто можа падавацца на гэты тып візы, якія дакументы патрэбныя і як праходзіць працэдура падачы.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда яшчэ 15 красавіка падпісаў папраўкі ў закон «Аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам на тэрыторыі гэтай дзяржавы», у які ўнеслі і некалькі пунктаў, што тычацца гуманітарных віз і дазволаў на жыхарства для беларусаў. Дату пачатку выдачы стала пераносілі і вось, праз паўгода, набыў моц адпаведны загад міністра ўнутраных спраў, які ўводзіць новы ўзор заявы на атрыманне нацыянальнай візы.

Гэтая пастанова спрасціла працэдуру падачы на атрыманне польскай візы, бо цяпер па яе не трэба выязджаць у трэцюю краіну (Грузію ці Турцыю).

Нацыянальная віза выдаецца на год і дае права знаходзіцца ў краіне цягам 365 дзён, падарожнічаць і знаходзіцца ў іншых краінах Шэнгенскай зоны тэрмінам да 90 дзён у кожным 180-дзённым перыядзе. Аднак варта адзначыць, што калі дзеянне пашпарта хутка заканчваецца, то візу выдадуць на тэрмін за тры месяцы да заканчэння пашпарта - калі дзеянне пашпарта заканчваецца 1 верасня, то візу выдадуць на тэрмін да 1 чэрвеня.

Падацца на атрыманне нацыянальнай візы можна будзе толькі да 31 снежня 2022 года. Ці будзе надалей працягнутая працэдура атрымання нацыянальных візаў для беларусаў, пакуль невядома. Агулам польскія ўлады плануюць выдаць амаль 155 тысяч нацыянальных віз.

Хто можа падавацца на візы ў Польшчы

Беларусы могуць падаваць дакументы ў Польшчы толькі на гуманітарную і працоўную візы, якія з'яўляюцца нацыянальнымі. Прычым працоўная віза выдаецца толькі кіроўцам-міжнароднікам. У іншых выпадках нельга падаць заяву на атрыманне нацыянальнай візы ў Польшчы.

Для атрымання гуманітарнай візы павінны быць выкананыя дзве ўмовы:

- калі ў дзень падачы заявы грамадзянін Беларусі знаходзіўся на тэрыторыі Польшчы на законных падставах на падставе дзейнай нацыянальнай візы, выдадзенай з гуманітарнай мэтай (D21). Гэта значыць, для падачы ўжо павінна быць гуманітарная віза, якую можна прадаўжаць. Упершыню падаваць на гуманітарную візу на тэрыторыі Польшчы нельга;

- калі грамадзянін Беларусі заехаў на тэрыторыю Польшчы ў перыяд з 24 лютага 2022 года з тэрыторыі Украіны, дзе легальна пражываў да 24 лютага. У гэтым выпадку трэба падаць пацвярджальныя дакументы.

Маючы гуманітарную візу, грамадзяне Беларусі могуць афіцыйна працаўладкавацца ў Польшчы.

Грамадзяне Украіны могуць падавацца на нацыянальныя візы ў двух выпадках: для выканання працы кіроўцам у міжнародных перавозках грузаў або пасажыраў і ў якасці пілота цывільнага самалёта або іншага чальца экіпажа.

Заяву на візу можна падаць толькі асабіста. У выпадку з непаўналетнімі заяву падаюць бацькі ці законныя прадстаўнікі.

Дзе можна падацца на візу

На нацыянальную візу для працы кіроўцам, а таксама на гуманітарную візу можна падацца праз фірму-пасярэдніка, якая далей даставіць пакет дакументаў у МЗС. Пакуль гэтым займаецца толькі візавы цэнтр VFS Global.

Аформіць візу ў Польшчу пакуль можна толькі ў трох гарадах пасля запісу на прыём:

- у Варшаве: al. Jerozolimskie 181B (0 паверх) з панядзелка да пятніцы (з 8:30 да 16:30);

- у Познані: ul. Franciszka Ratajczaka 19 (0 паверх) з панядзелка да пятніцы (з 8:30 да 16:30);

- у Любліне: ul. Tomasza Zana 39A (4 паверх) з панядзелка да пятніцы (з 8:30 да 16:30).

Пункты падачы будуць закрытыя 1 лістапада, 11 лістапада і 26 снежня 2022 года. Самі заявы на атрыманне візы апрацоўваюцца ў Варшаве.

Якія дакументы спатрэбяцца для падачы

Для гуманітарнай візы:

- сапраўдны арыгінал пашпарта, выдадзены не больш за 10 гадоў таму, сапраўдны не менш як 3 месяцы пасля запланаванага тэрміну дзеяння візы, з дзвюма чыстымі старонкамі + копія яго апошняй старонкі;

- запоўненая лацінскімі літарамі і падпісаная ў электронным выглядзе анкета на візу з адной фатаграфіяй 3,5х4,5 см. Сама анкета даволі простая і падобная на анкету для падачы на шэнгенскую візу;

- Довад наяўнасці дзейнай гуманітарнай візы D21. Калі такой візы няма, трэба запоўніць заяву і пацвердзіць прыбыццё на тэрыторыю Польшчы пасля 24 лютага з Украіны ў сувязі з вайной (падыдуць ксеракопіі са штампамі з пашпарта аб выездзе) і легальнае знаходжанне ва Украіне (напрыклад, украінскі дазвол на жыхарства). Таксама ў гэтым выпадку неабходна запоўніць заяву (скачаць можна тут) аб немагчымасці вярнуцца ў Беларусь праз боязь за бяспеку, рэпрэсій ці пераследу;

- турыстычная медыцынская страхоўка (арыгінал і копія) на год са страхавой сумай, не меншай за 30 000 еўраў.

Для працоўнай візы:

- сапраўдны арыгінал пашпарта, выдадзены не больш за 10 гадоў таму, сапраўдны не менш як 3 месяцы пасля запланаванага тэрміну дзеяння візы, з дзвюма чыстымі старонкамі і копія яго апошняй старонкі;

- запоўненая лацінскімі літарамі (спампаваць можна тут) і падпісаная ў электронным выглядзе анкета на візу з адной фатаграфіяй 3,5х4,5 см;

- дакумент (арыгінал і копія), які пацвярджае законнае знаходжанне на тэрыторыі Польшчы;

- выдадзены мясцовымі ўладамі дазвол на працу (арыгінал і копія) або зарэгістраваную заяву аб прызначэнні працы. Таксама падыдзе дакумент аб тым, што працадаўца паведаміў цягам 14 дзён з пачатку працы, што ён даручае яе выкананне грамадзяніну Беларусі. Гэтыя дакументы павінны пацвярджаць, што заяўнік будзе працаваць кіроўцам грузавіка, аўтобуса, танкера, трактара або што ён дальнабойнік, і будзе выконваць гэту работу ў якасці міжнароднага кіроўцы;

- медыцынская страхоўка (арыгінал і копія) на год. Калі ёсць страхоўка, аформленая на мове, адрознай ад польскай/украінскай/беларускай/расейскай, трэба падаць гэтую страхоўку разам з яе перакладам на польскую мову;

- дакумент (арыгінал і копія), які пацвярджае наяўнасць дастатковых фінансавых сродкаў для кампенсацыі выдаткаў на пражыванне на ўвесь перыяд знаходжання ў Польшчы і для вяртання ў краіну пражывання. Гэта 75 злотых за кожны дзень знаходжання + 200 злотых у якасці забеспячэння вяртання ў краіну пражывання.

Як праходзіць працэдура падачы на візу

Спачатку неабходна запісацца на прыём у візавы цэнтр у Познані, Варшаве ці Любліне праз электронную сістэму рэгістрацыі на сайце. Адзначым, што пацвярджэнне аб рэгістрацыі прыходзіць на пошту не адразу. Далей трэба ўвайсці ў свой рахунак, абраць горад і зарэзерваваць дату і час падачы. Калі вольных дат няма, трэба дачакацца з'яўлення новых.

Пасля падачы на пошту прыйдзе ліст са штрых-кодам, у якім таксама будуць указаныя персанальныя звесткі і час падачы. Раздрукоўваць яго не абавязкова, пры ўваходзе ў візавы цэнтр папросяць толькі пашпарт.

Прыходзіць у візавы цэнтр загадзя не абавязкова, выклічуць роўна ў той час, які зарэзерваваны. На аднаго чалавека выдзяляецца блізу 30 хвілін.

У Варшаве знайсці візавы цэнтр няцяжка. Гэты вялікі шкляны будынак, а корпус В знаходзіцца справа ад галоўнага ўваходу, на асфальце ёсць паказальнікі.

Візавы цэнтр знаходзіцца справа ад уваходу, каля стойкі аховы, так што доўга шукаць не давядзецца. Вялікай чаргі з тых, хто падае дакументы на візу, тут няма, бо ўсе прыходзяць да прызначанага часу. Пры ўваходзе ў візавы цэнтр трэба паказаць пашпарт, атрымаць талон і паказаць супрацоўніку, які прымае дакументы. Персанал цэнтра размаўляе на ўкраінскай і расейскай мовах, так што складанасцяў, каб нешта растлумачыць ці спытаць, не ўзнікне.

Паколькі гэта візавы цэнтр, яго супрацоўнікі зацікаўленыя ў якасным абслугоўванні. Пры неабходнасці яны выправяць памылкі ў анкеце, а калі нейкіх дакументаў не стае ці яны не так аформленыя, дапамогуць зрабіць новыя на месцы. Таксама ў візавым цэнтры можна зрабіць копіі дакументаў, фота і аформіць турыстычную медыцынскую страхоўку - на год яна абыдзецца 439 злотых. Аплаціць можна гатоўкай ці картай.

Плата за афармленне візы не спаганяецца. Аднак неабходна будзе аплаціць паслугі візавага цэнтру ў суме 38 злотых. Зрабіць гэта можна як гатоўкай, так і картай.

Калі чакаць візу

На сайце цэнтра пазначана, што аб пастанове паведамяць цягам 15 дзён. У выключных выпадках гэты тэрмiн можа быць прадоўжаны да 30 дзён. Аднак на практыцы тым, хто падаваўся на візу ў Варшаве, яе зрабілі за тры дні.

Нагадаем, пасля атрымання польскай гуманітарнай візы можна падацца на часовы «гуманітарны» дазвол на жыхарства паводле спрошчанай працэдуры, адразу на тры гады і без аплаты гербавага збору.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках