26 красавiка 2024, Пятніца, 18:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Хара: У Кіева з'явіўся важны супольнік

4
Аляксандр Хара: У Кіева з'явіўся важны супольнік
Аляксандр Хара

Мэта Украіны - паказаць, што ў Беларусі ёсць новыя лідары.

Як Захад можа адказаць на правакацыі Пуціна? Ці будзе новы наступ ва Украіну з тэрыторыі Беларусі? З кім з беларускіх апазіцыянераў варта размаўляць Кіеву?

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org распавёў украінскі дыпламат і палітолаг, эксперт фонду "Майдан замежных спраў" Аляксандр Хара.

- Аналітыкі называюць дзве магчымыя правакацыі з боку РФ, якія могуць быць выкарыстаныя Пуціным. Гэта падрыў Кахоўскай ГЭС і ядзерную зброю. Які з гэтых сцэнарыяў можа быць скарыстаны расейскімі ўладамі?

- Прымаючы да ўвагі тое, што Расея ўжо ўчыніла на тэрыторыі Украіны, можна сказаць, што яны здольныя на рознага кшталту ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці. Таму ніякія варыянты выключаць нельга.

Сэнсам званка Шайгу і размовы з брытанскім, амерыканскім і французскім міністрамі была спроба напалохаць іх, каб яны спынілі дапамогу Украіне, перш за ўсё - вайсковую. Там увесь час гучала тэза, што канфлікт можа перарасці ў некантраляваную эскалацыю, а ў гэтай фразе схаваная пагроза выкарыстання ядзернай зброі Расеяй як супраць Украіны, так і супраць чальцоў NАТО. Прычынай гэтага з'яўляецца няздольнасць расейскіх узброеных сіл выканаць свае задачы на ваеннай ніве - яны знаходзяцца на мяжы таго, каб атрымаць новыя паразы на паўднёвым кірунку. Эвакуацыя войска РФ з Херсона і гвалтоўная дэпартацыя ўкраінскіх грамадзян адтуль, паказваюць сумнае становішча расейскіх войскаў.

Вядома, магчымы падрыў дамбы. Літаральна ўчора з'явіўся каментар кіраўніка нашай вайсковай выведкі, дзе ён кажа, што расейцы замінавалі частку дамбы Кахоўскай ГЭС, але ён не бачыць сэнсу падрываць яе. Для поўнага затаплення левабярэжжа Херсона неабходна значна больш выбухоўкі і правільна яе расставіць, паколькі гэта дастаткова буйное ахоўнае збудаванне. Тое, што яны зрабілі, можа прынесці нейкую экалагічную катастрофу і неяк затрымаць на некаторы час прасоўванне ўкраінскіх войскаў. І самае галоўнае, што падрыў Кахоўскай ГЭС будзе азначаць спыненне паставак вады ў Крым, што не ў інтарэсах акупантаў. Другая рэч - гэта паставіць пад пагрозу Запарожскую АЭС, таму што дамба адыгрывае важную ролю ў экасістэме падтрымкі жыццезабеспячэння атамнай электрастанцыі. Але паколькі дурням закон не пісаны і пасля таго, як рускія захапілі Чарнобыльскую АЭС, абкапаліся ў Рудым лесе, атрымаўшы апрамяненне, паводзяць сябе дастаткова небяспечна на Запарожскай АЭС, чакаць ад гэтых людзей нейкіх рацыянальных і лагічных дзеянняў асабліва не даводзіцца.

Расейцы могуць паспрабаваць учыніць ядзерную правакацыю. Яна не прынясе ніякіх ваенных поспехаў - гэта будзе велізарнае бедства тэхнагеннага, антрапагеннага характару. Натуральна, што іх прапаганда будзе паказваць, што гэта неанацысцкі рэжым у Кіеве гэта зрабіў, каб абвінаваціць бедную і няшчасную Расею, якая абараняе расейскамоўных ва Украіне. Але ўчора я бачыў супольную заяву брытанцаў, амерыканцаў і французаў, яны адкінулі любую магчымасць ужывання ядзернай зброі Украінай ва ўсялякіх фарматах і ўсклалі ўсю адказнасць цалкам на Расейскую Федэрацыю. Калі паглядзець на Суравікіна, якому напякло сірыйскае сонца і мазгі, калі яны там калі-небудзь былі, нібы расплавіліся, то ён можа пайсці на такі крок. Ён мяснік, кацап. Кацап - гэта ў перакладзе з некалькіх моў - цюркскай, арабскай і іўрыту - мяснік, забойца, жывадзёр. Ён можа выканаць такі загад, ён можа прапанаваць такую дурную ідэю, каб абвінаваціць Украіну. Ці хопіць мазгоў у фюрара расейскага свету не рабіць гэтага? Гэтае пытанне пакуль застаецца адкрытым.

- Як Захад можа адказаць на гэтыя пагрозы?

- Першы момант - гэта тое, што называецца стрымліваннем. Яно пачалося тады, калі расейцы, спачатку прапагандысты, потым дробныя сошкі ва ўрадзе, пачалі пагражаць выкарыстаннем усіх сродкаў. Пад такой фармулёўкай заўсёды маецца на ўвазе ядзерная зброя.

Найперш, на гэта даў дакладны адказ прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн, які папярэдзіў Пуціна. Далей і дарадца ў нацыянальнай бяспецы, і дзяржсакратар сказалі, што наступствы для Расейскай Федэрацыі будуць катастрафічнымі, а тым часам былыя амерыканскія вайскоўцы і былыя дыпламаты ў сродках масавай інфармацыі расказвалі пра магчымыя варыянты адказу.

Адзін з іх у поўным знішчэнні расейскай групоўкі войскаў на тэрыторыі Украіны, не толькі Данецка, Луганска і Херсона, але і на тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым. Гэта можа мець катастрафічныя наступствы для расейскага войска, таму што практычна ўся баяздольная расейская тэхніка знаходзіцца зараз на нашай тэрыторыі.

Другая рэч - трымаць супраціўніка ў няведанні што да канкрэтных дзеянняў улады, так званая стратэгічная нявызначанасць. Думаю, што да ўвагі расейскіх вайскоўцаў даносілі, які можа быць адказ Захаду і як зменіцца палітыка заходніх партнёраў у падтрымцы Украіны.

Калі зараз ёсць пэўныя самаабмежаванні на пастаўкі некаторых відаў узбраенняў, напрыклад - сучасных танкаў, ракетных сістэм з далёкасцю больш за 80 кіламетраў, гэта значыць тыя ж самыя аператыўна-тактычныя ракеты да «Хаймарс», якія могуць наносіць удары па тыле на глыбіню 300 кіламетраў. Гэтыя рэчы будуць проста аўтаматычна разблакаваныя, нават не кажучы пра іншыя больш важныя віды ўзбраенняў, якімі Украіна магла б наносіць удары па тэрыторыі Расейскай Федэрацыі.

Самаабмежаванне Захаду ў гэтым сэнсе можа быць знятае, а гэта не ў інтарэсах Расеі - атрымаць разгром сваёй жывой сілы і тэхнікі, якая яшчэ нават не прыступіла да баявых дзеянняў на тэрыторыі Украіны. І Белгарад, і Крым, і тэрыторыя Краснадарскага краю, і той жа самы Растоў, які першапачаткова быў фактычна базай вядзення агрэсіі супраць Украіны, гэтыя гарады, гэтыя раёны адчуюць на сабе ўвесь смутак вайны, якую перажывае на сабе Украіна з 2014-га года.

- Яшчэ адна пагроза для Украіны сёння - паўторны наступ з тэрыторыі Беларусі. Які ёсць інструментарый папераджальных дзеянняў, каб не чакаць паўтарэння лютаўскіх падзей?

- Вядома, Лукашэнка з'яўляецца заўзятым вырадкам і забойцам сваіх грамадзян, таксама ён суўдзельнік ваенных злачынстваў на тэрыторыі Украіны. Але пры ўсім гэтым наўрад ці ён з'яўляецца ідыётам, ён дзесяць разоў павінен падумаць, перш чым далучыцца да кампаніі паразы Пуціна. У яго было больш шанцаў быць часткай гэтай вайсковай кампаніі ў лютым і сакавіку, калі ўсё выглядала дастаткова цяжка для Украіны. Цяпер жа гэта будзе проста самагубная рэч. Уласна, таму мы і чуем гэтую ваяўнічую рыторыку Лукашэнкі, але акрамя выдачы тэрыторыі Беларусі ніякіх іншых дзеянняў асабліва не бачна.

Цяпер ягоны рэжым трымаецца выключна на расейскіх грошах і штыках. Беларускае войска і КДБ — гэта тыя інструменты, на якія, як ён спадзяецца, можа разлічваць у выпадку нейкіх спрэчак з ягоным старэйшым партнёрам у Крамлі. Калі ён прыме пастанову і пашле беларусаў забіваць украінцаў у гэтай вайне на баку агрэсара, большасць беларусаў, якія б яны не былі прарасейскія, разумеюць несправядлівы характар гэтай вайны і матывацыя ў іх будзе не вельмі добрая, бо яны не будуць абараняць сваю дзяржаву і нават гэты вырадскі рэжым.

Другі момант — наша выведка расказвала, што Беларусь перадала вялікую колькасць тэхнікі і цяжкіх узбраенняў расейцам. Таму ў іх недастаткова моцы і сродкаў, каб нешта сур'ёзнае зрабіць. Так, яны могуць перайсці мяжу, недзе замацавацца на тэрыторыі Украіны, але наша краіна рыхтавалася да гэтага сцэнарыя, мы разумеем небяспеку нанясення ўдару на заходнім кірунку для спынення паставак узбраенняў з Польшчы. У нас ёсць там матываваныя хлопцы, гатовыя знішчаць усіх акупантаў, незалежна ад таго, ці будуць гэта прадстаўнікі брацкага народа Беларусі ці фашысцкай Расеі.

І самае галоўнае - думаю, што і звычайныя беларусы і беларускія вайскоўцы бачылі перапоўненыя лякарні ў гарадах Беларусі, калі прывозілі туды параненых акупантаў у лютым, сакавіку і красавіку гэтага года. Я не думаю, што яны выстаўляюць з сябе «рэмба», што яны будуць сябе неяк па-іншаму паводзіць або будуць больш абароненыя, чым самыя лепшыя расейскія войскі, якія былі кінутыя на захоп Кіева. Гэтыя жахі вайны, якія беларусы бачылі праз пакуты расейскіх вайскоўцаў, будуць іх стрымліваць. А спробы задзейнічаць войска могуць прывесці да таго, што мы бачылі ў Расеі пасля абвяшчэння так званай частковай мабілізацыі.

Таму сумняваюся, што беларускі дыктатар пойдзе на такое глупства, падштурхнуўшы свой рэжым да калапсу. Беларускія маці і жонкі не будуць моўчкі глядзець на тое, як у мяшках будуць прывозіць іх дзяцей і мужоў. У Беларусі пасля сфальсіфікаваных несправядлівых выбараў людзі выходзілі не толькі ў Менску, у адрозненне ад Расеі, дзе адукаваная моладзь пратэставала толькі ў буйных гарадах. Таму ў мяне ёсць сумневы, што Лукашэнка настолькі ідыёт, каб не разумець небяспеку для свайго рэжыму.

Не кажу, што ён дбае пра беларусаў ці нешта яшчэ, ён думае выключна пра сваю ўладу, але гэтыя фактары павінны быць у яго ў галаве самымі галоўнымі. Менавіта яны стрымліваюць Лукашэнку ад уступлення ў прайграную Расеяй вайну на такім этапе, калі ўжо ўсім зразумела, што ніякага пераможнага маршу па Хрэшчаціку не будзе.

Хіба што як гэта было на Дзень Незалежнасці Украіны, калі стаяла пабітая расейская тэхніка, іншых варыянтаў няма. Не думаю, што Лукашэнка хоча ўбачыць там беларускіх палонных ці беларускую разбітую тэхніку.

- Украінскі дэпутат ад партыі «Слуга народа» Багдан Яроменка напісаў вялікі артыкул аб пераасэнсаванні стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. Чаму яе доўгі час не было ва Украіне?

- Перш за ўсё, абсалютна згодны з тымі тэзамі, якія там ёсць, з пункту гледжання таго, што Украіна павінна публічна вызначыцца. Прайшлі тыя часы, калі мы пра нешта недагаворвалі, спадзеючыся на розум Лукашэнкі. Калі зірнуць на мапу, то Украіна мае толькі адну траціну межаў, якія знаходзяцца ў бяспецы. Беларусь - супольніца Расейскай Федэрацыі. Натуральна, мы не жадаем, каб такая працяглая мяжа, якая знаходзіцца побач з Кіевам і нашымі заходнімі абласцямі, якія мяжуюць з Польшчай, мела пагрозу. Калі паглядзець далей па мапе, гэта значыць расейская мяжа, акупаваныя тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей, зараз таксама Херсон, Крым і «Прыднястроўе».

Працяглы перыяд часу Кіеў спадзяваўся на тое, што не будзе адкрыты дадатковы фронт з тэрыторыі Беларусі, гэта па-першае. Па-другое, калі мы гаворым пра час да 24 лютага, Беларусь адыгрывала ролю пляцоўкі, праз якую мы атрымлівалі энэргарэсурсы, тую ж самую салярку, якая нам патрэбная для нашых узброеных сіл. Важным момантам была таксама кантрабанда запчастак для ваеннага абсталявання, узбраення з Расейскай Федэрацыі, паколькі з ёй у нас не было ні транспартных злучэнняў, ні нейкага іншага. Гэта значыць, да 24 лютага гэта былі разлікі папярэдняга кіраўніцтва Украіны, такія прагматычныя інтарэсы, магчымасць дадатковай пагрозы і магчымасць страціць доступ да танных энэргарэсурсаў, стрымлівалі Кіеў.

Зноў жа, я кажу з пункту гледжання разважання ўлады, якая была тады і якая ёсць зараз. Майдан замежных спраў і вялікая колькасць іншых арганізацый, якія займаюцца замежнай палітыкай і бяспекай, крытыкавалі наш урад - і Парашэнкі, і цяперашні, за тое, што не былі разарваныя дыпламатычныя стасункі. Дагэтуль мы маем дыпламатычныя стасункі з Беларуссю, гэта абсалютна няправільна, бо згодна з міжнародным правам гэтая краіна з'яўляецца такім жа самым агрэсарам, як і Расейская Федэрацыя. Таму сэнсу ў дыпламатычных стасунках проста няма.

Консульскія стасункі быў сэнс захаваць, улічваючы, што ёсць грамадзяне Украіны на тэрыторыі Беларусі. І самае галоўнае - Беларусь з'яўляецца транзітным маршрутам для нашых суграмадзян, якіх незаконна вывезлі на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі, яны маюць магчымасць трапіць назад на тэрыторыю Украіны. Таму захаваць консульскіх супрацоўнікаў там для нас надзвычай важна.

Надзвычай важныя пункты, якія былі ў артыкуле спадара Яроменкі, гэта тое, што павінна быць шырокая апазіцыйная платформа, а не толькі адзін прызнаны (прынамсі — заходняй супольнасцю) лідар. Паколькі мы разумеем, што ў спадарыні Ціханоўскай няма дастатковых вагароў уплыву на сітуацыю ў Беларусі і адназначна, што яна са сваім штабам (якія б яны не былі дэмакратычнымі і добрымі намерамі) не здольныя супрацьстаяць такому моцнаму супраціўніку, які кантралюе ўладу, сілавікоў і якога падтрымлівае Пуцін.

Таму мы павінны глядзець шырэй - ёсць апазіцыйныя фігуры, якія паказалі сябе значна раней, чым апошнія выбары ў Беларусі. Мы павінны таксама прымаць да ўвагі новыя фактары, перш за ўсё тых беларусаў, якім мы надзвычай удзячныя, якія ваююць зараз на баку Украіны не толькі за нашу незалежнасць і суверэнітэт, але і будучую незалежную еўрапейскую Беларусь.

Гэтыя людзі і павінны быць часткай новай платформы. Мне здаецца, што ўсведамленне таго, што ў нас ёсць такі важны хаўруснік, які паказаў гатоўнасць ахвяраваць сваім жыццём, абараняючы і нашы інтарэсы, павінна прывесці да падтрымкі. Украіна павінна больш відавочна і мацней пачаць падтрымліваць гэтыя сілы, для таго, каб прывесці ў рух змены ў Беларусі.

І Багдан Яроменка, і я, і шмат іншых людзей, мяркуем, што мір, бяспека і росквіт у Еўропе немагчымыя без таго каб Украіна, Беларусь, Малдова і Грузія не сталі б часткай палітычнай і вайсковай прасторай заходняга свету. Праз пэўны час Беларусь будзе імкнуцца ў Еўрапейскі Звяз і NАТО, а мы будзем, зразумела, падтрымліваць іх у гэтым імкненні. Толькі тады, калі ў Расеі не будзе магчымасці ўплываць на сваіх суседзяў на заходнім кірунку, тады і не будзе для расейскага імперыялізму прасторы для ўплыву, прасторы для разбурэння бяспекі, свабоды і росквіту. Таму ў нас абсалютна супадаюць ідэі і мэты з тымі людзьмі, якія змагаюцца за незалежнасць Беларусі ад узурпатара, ад расейскай акупацыі, якая фактычна зараз ёсць.

Афіцыйныя ўлады Украіны павінны пра гэта дакладна заявіць і гэта павінна стаць часткай практычнай палітыкі.

- Як ператварыць полк Каліноўскага ў яшчэ большую сілу?

- Што тычыцца ўзбраення і іншых рэчаў, то гэты складнік больш-менш у парадку. Натуральна, што ніколі не стае ўсяго, гэта значыць трэба і харчаванне, і нават эмацыйная, маральная падтрымка гэтым людзям. Іх як герояў павінны ведаць і ў сябе на радзіме, таму і інфармацыйны складнік павінен быць. Але калі мы гаворым пра будучыню, то адназначна людзі, якія зараз знаходзяцца ў акопах, павінны вызначыцца з тым, хто можа прадстаўляць іх голас у палітычнай плоскасці.

І ў гэтым сэнсе ўкраінская грамадзянская супольнасць, паколькі ў нас ужо ёсць свой досвед і свае дасягненні ў гэтым сэнсе, павінна дапамагчы гэтым новым лідарам, якія могуць быць не толькі вайскоўцамі, ваярамі, абаронцамі, але і палітычнымі дзеячамі. Пачаць працаваць з імі, дапамагаць ім, узмацняць іх голас. Трэба паказаць свету, што ў Беларусі ёсць новыя лідары, якія гатовы браць адказнасць і за будучыню сваёй краіны.

Гэта таксама могуць быць грамадскія і палітычныя ініцыятывы, гэта можа быць прадстаўлнене пляцоўкі. Адназначна, што Украіна не збіраецца ўмешвацца ва ўнутраныя справы дэмакратычнай Беларусь, якой, спадзяюся, найбліжэйшым часам яна і будзе.

Мы павінны дапамагчы з пункту гледжання лагістыкі, нейкіх канстытуцыйных рэчаў, фінансавай дапамогі, наколькі гэта магчыма ў нашыя цяжкія часы, для таго, каб гэтыя людзі змаглі дамовіцца аб агульнай платформе, агульных дзеяннях і далей падтрымліваць інфармацыйна і ўсім тым, што ім неабходна , каб быць маналітным суб'ектам, з якім павінны размаўляць украінскія ўлады і нашы заходнія партнёры як легітымнай уладай, пераходным урадам, які ў будучыні можа прэтэндаваць на дэмакратычны прыход да ўлады.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках