26 красавiка 2024, Пятніца, 23:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Портнікаў: Лукашэнку час збіраць валізкі

30
Віталь Портнікаў: Лукашэнку час збіраць валізкі
Віталь Портнікаў

Беларусы будуць сустракаць полк Каліноўскага як вызвольнікаў.

Навошта Пуціну ўдзел беларусаў у вайне супраць Украіны? Ці засталося ў Лукашэнкі поле для манеўру? Чаму беларускі дыктатар баіцца байцоў палка Каліноўскага? Пра гэта сайт Charter97.org пагутарыў з вядомым украінскім палітолагам і публіцыстам Віталём Портнікавым.

– Сёння няпроста прагназаваць тое, як будзе дзейнічаць Масква ў найбліжэйшыя тыдні і месяцы, а ўдзел беларускіх Узброеных сілаў у вайне супраць Украіны, па-за ўсякім сумневам, залежыць перш за ўсё ад волі і жадання Масквы, а таксама здольнасці Менска супрацьстаяць імкненням Уладзіміра Пуціна.

Мы бачым, што з кожным днём вайны магчымасць Аляксандра Лукашэнкі манеўраваць пад ціскам расейскага прэзідэнта змяншаецца. З іншага боку – паслабленне пазіцый самога Пуціна, у якім мы наглядна пераканаліся за час апошніх постсавецкіх самітаў, мяркуе, што Лукашэнка будзе імкнуцца з усіх сілаў адтэрмінаваць удзел беларускіх Узброеных сілаў у вайне.

Тут ёсць рацыя, таму што мы цудоўна разумеем, што беларускае грамадства настроенае ў дачыненні да гэтай вайны значна больш негатыўна, чым расейскае, што беларускае войска зусім не выглядае баяздольным. Таму яго рэальнае сутыкненне з украінскімі Узброенымі сіламі можа прывесці да шматлікіх ахвяраў і як вынік – да пратэстаў.

З апошнімі масавымі выступамі Аляксандр Лукашэнка сутыкнуўся ў 2020 годзе. Тады гэта быў хутчэй еўрапейскі цывілізаваны пратэст, які сутыкнуўся з беззаконнем сілавых структураў. Пратэст людзей, якія будуць страчваць сваіх блізкіх, можа пачацца з тых, каму больш няма чаго страчваць. А ў гэтых умовах не кожны сілавы апарат зможа справіцца.

– Ці можа Лукашэнка ўсё яшчэ «саскочыць»?

– Мы гэтага не ведаем, прынамсі – Лукашэнка робіць усё магчымае, каб ягоны ўдзел быў гібрыдным. Ён дае тэрыторыю Беларусі для нападу на Украіну, выступае з рознымі ваяўнічымі палітычнымі заявамі, сустракаецца з марыянеткавым кіраўніцтвам Абхазіі. Лукашэнка робіць усё магчымае, каб паказаць Уладзіміру Пуціну сваю лаяльнасць, але з іншага боку – не прымае прамога ўдзелу ў ваенных дзеяннях. Колькі часу здолее Лукашэнка праіснаваць у такім выглядзе, сказаць складана. Гэта залежыць не толькі ад самога Лукашэнкі і ягонай уласнай устойлівасці, гэта шмат у чым залежыць ад настойлівасці Пуціна.

– Вы сказалі, што беларускае войска далёка не самае баяздольнае. Навошта тады Пуціну ўдзел беларусаў у гэтай вайне? Гэта сімвалізм ці ў войска РФ усё так дрэнна з людзьмі?

– Думаю, што гэта пытанне ў колькасці людзей. Як гэта звычайна бывае ва ўсіх расейскіх войнах, задушыць масай пры адсутнасці кампетэнтнасці – тое, чым адрозніваюцца расейскія военачальнікі за практычна ўвесь перыяд існавання расейскіх узброеных сілаў.

У Другую сусветную вайну гэта прывяло да гібелі дзясяткаў мільёнаў людзей. І калі мы кажам, што гэтыя людзі загінулі «дзеля перамогі над гітлераўскай Нямеччынай», мы крывім душой, таму што гэтыя людзі загінулі праз крайнюю некампетэнтнасць савецкіх военачальнікаў, якія няздольныя былі ваяваць пісьменна і для дасягнення мэты проста закідвалі трупамі суайчыннікаў нямецкія акопы. І ўсе гэтыя знакамітыя «маршалы перамогі», якімі прадаўжаюць захапляцца ў Расеі і Беларусі, гэта самыя звычайныя непісьменныя і бяздарныя мяснікі. Пра гэта трэба заўсёды памятаць. І сёння цяперашнія расейскія генералы, якімі камандуе Пуцін, гэта спадкаемцы «мяснікоў перамогі», якія ўпэўненыя, што толькі так у войнах і перамагаюць.

Я скажу, навошта Пуціну патрэбны ўдзел беларусаў у гэтай вайне. Ён патрэбны для таго ж, для чаго патрэбны быў удзел мабілізаваных у акупаваных Расеяй украінскіх рэгіёнах. Пуцін зацікаўлены ў тым, каб грамадзянам Расеі прыходзіла як мага менш «пахаванак», каб не было сацыяльных хваляванняў наконт нападу на Украіну. Калі расейскі грамадзянін глядзіць вайну ў тэлевізары – гэта адно стаўленне, калі прыходзіць «пахаванка» на сына, бацьку ці брата – іншае. Таму задачай жыхароў украінскіх акупаваных рэгіёнаў было проста ісці першымі ў атаку, выяўляць агнявыя пункты УСУ коштам свайго жыцця. А потым за імі ішлі так званыя «праўдзівыя арыйцы», расейцы. Гэта зусім нацысцкі канцэпт: мы хочам, каб загінула як мага менш расейцаў, таму мы першымі на пазіцыі адпраўляем украінцаў.

Роўна тое самае можа быць ужыта ў выпадку ўдзелу беларускіх Узброеных сілаў у гэтай вайне. Першымі на пазіцыі выправяць беларусаў, а за імі пойдуць ужо расейцы. Прычым варта заўважыць, што сярод расейцаў першымі ідуць на пазіцыі бураты, тувінцы, народы Каўказа, а потым ужо этнічныя расейцы.

Я прадаўжаю настойваць на тым, што пуцінскі рэжым з'яўляецца адкрыта нацысцкім з гледзішча зберажэння менавіта этнічных расейцаў, адначасова ў гэтай вайне ён развязвае задачу знішчэння як мага большай колькасці прадстаўнікоў іншых народаў Расеі. Знішчаная вялікая колькасць украінцаў, якія жылі на акупаваных тэрыторыях, а цяпер ён будзе развязваць пытанне як мага большага знішчэння беларусаў.

Бо з гледзішча Уладзіміра Пуціна, на ўсіх гэтых тэрыторыях трэба рассяліць этнічных расейцаў, каб у «расейскай імперыі», якую ён стварае, больш не было этнічных праблемаў. Таму вайна ва Украіне – гэта свядомае знішчэнне расейскім урадам і народам Расеі ўкраінцаў. Беларусаў цяпер таксама рыхтуюць да гібелі.

Таму мяне здзівіла, што мае суайчыннікі, дэпутаты ізраільскага Кнэсета, былі пакрыўджаныя на іншага майго суайчынніка, прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які параўноўваў гэтую вайну з Халакостам. І гэта той выпадак, калі адны габрэі, якія жывуць ва ўласнай дзяржаве, не разумеюць іншых, якія жывуць ва Украіне. Тады і Зяленскі ім спрабаваў растлумачыць, і я ім тлумачыў не раз, што падыход тоесны, гэта падыход паводле этнічнага прынцыпу – выкарыстоўваць ваенны вагар для знішчэння іншародцаў, фізічнага знішчэння і палітычнага, а не нейкіх там абмежаванняў у правах. Яны проста пускаюць першыя шэрагі пад аўтаматы, дакладна разумеючы, што застанецца як мага менш у будучыні беларусаў, украінцаў, тувінцаў, буратаў, чачэнцаў, дагестанцаў і гэтак далей.

– Ці ёсць верагоднасць таго, што Лукашэнку могуць замяніць кімсьці з больш лаяльных Крамлю генералаў. Ці здольная Масква на такія спецаперацыі?

– Не перакананы, што Пуцін пойдзе цяпер на замену Лукашэнку. Па-першае, Лукашэнка кіруе Беларуссю ўжо амаль тры дзесяцігоддзі. Змена кіраўніка рэжыму – гэта момант вострай турбулентнасці. Мы не ведаем, ці будуць беларускія сілавыя структуры і ўвогуле апарат улады таксама падтрымліваць любога іншага кіраўніка краіны, як яны падтрымліваюць Лукашэнку. Яны заточаныя пад Лукашэнку, ухваленыя Лукашэнкам, запалоханыя Лукашэнкам. А калі з'яўляецца новая фігура – пачынаецца барацьба, таму што кожны іншы чыноўнік можа падумаць: «Чаму на гэтым месцы ён, а не я?» У Лукашэнкі няма альтэрнатываў, прынамсі сярод тых, хто яго падтрымлівае. У любога іншага беларускага чыноўніка такія альтэрнатывы будуць.

Таксама варта разумець, што Лукашэнка – гэта сімвал хаўрусніка Расеі. І цяпер на постсавецкай прасторы менавіта ён з'яўляецца прыкладам таго чалавека, які ва ўсім пагаджаецца з Уладзімірам Пуціным. Ніхто іншы так сябе не паводзіць, ні прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, ні прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў, ні прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, ні прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, ні прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. Я вам назваў кіраўнікоў краінаў, якія ўваходзяць у СНД. А цяпер узнікае пытанне, хто ж тады ўвогуле падтрымлівае Уладзіміра Пуціна, хто можа ўважацца за ягонага блізкага хаўрусніка? Калі не браць кіраўнікоў нейкіх аддаленых аўтарытарных краінаў, застаецца адзін Лукашэнка.

– Лукашэнка апошнім часам усё больш згадвае полк Каліноўскага, які ваюе ва Украіне. Чаму менавіта беларускія добраахвотнікі сёння выклікаюць у яго страх?

– Гэта абсалютна натуральны страх, таму што Лукашэнка можа меркаваць, што калі расейскае войска будзе разбітае (гэта цалкам можа адбыцца) і не зможа ўтрымліваць сваіх пазіцый, то незразумела, хто спыніць беларускіх добраахвотнікаў, калі яны захочуць кінуць выклік ягонаму рэжыму.

Лукашэнка цудоўна ведае, што беларускі народ яго не падтрымлівае, што беларусы будуць сустракаць салдатаў палка Каліноўскага як вызвольнікаў. Беларусы, калі з'явіцца любая магчымасць знішчэння рэжыму Лукашэнкі, самі выцягнуць яго з прэзідэнцкага кабінета і павядуць у турэмную камеру. Ён цудоўна ведае, што скончыць жыццё ў турэмным зняволенні, гэта будзе самым мяккім прысудам для гэтага чалавека за ўсе яго злачынствы.

Лукашэнка баіцца любой сілы, бо не здольны рэагаваць палітычным механізмам. У 2020-м годзе, калі ён сутыкнуўся з рэальным палітычным пратэстам, ён нават не паспрабаваў імітаваць дыялог, як гэта няўдала спрабаваў зрабіць Віктар Януковіч у Кіеве. Лукашэнка гатовы сілай змагацца з уласным народам. Паколькі ніякія іншыя механізмы ўздзеяння на беларускі народ яму нецікавыя, ён разумее, што любая іншая сіла знясе яго разам з ягоным рэжымам, таму што ўся ягоная сіла грунтуецца на тым, што ўзброеныя людзі нападаюць на бяззбройных. Рэжым Лукашэнкі слабы з гледзішча любога іншага сілавога ціску. Ён разумее, што крах Расеі прывядзе да поўнага краху ягонага рэжыму і краху ўсіх тых, хто яго падтрымлівае.

Я ўвогуле раіў бы яму збіраць валізкі для турэмнага зняволення або ўцякаць у Расею, Кітай ці куды-небудзь яшчэ.

– Чаму з Іранам Украіна разарвала дыпламатычныя стасункі, а з Лукашэнкам – не? Наколькі важная для Украіны дэмакратычная Беларусь?

– Мяркую, што з Беларуссю можна дакладна таксама разрываць дыпламатычныя стасункі, як і з Іранам. Калі гаварыць пра тую ролю, якую рэжым Лукашэнкі гуляе ў вайне супраць Украіны, мне цяжка зразумець, чаму мы адрэагавалі на пастаўку Іранам узбраення для Расеі разрывам дыпламатычных стасункаў, а на факт надання беларускай тэрыторыі для нападу на нашу краіну такім чынам не адрэагавалі. Але гэта пытанне не да мяне, гэта пытанне да прэзідэнта і Міністэрства замежных справаў Украіны.

Што тычыцца таго, ці важная для нас дэмакратычная Беларусь – так, важная. Якой бы ні была цяперашняя сітуацыя, фактычны ўдзел беларускай дзяржавы ў вайне супраць нашай краіны, я цалкам упэўнены, што будучыня за дэмакратычнай і еўрапейскай Беларуссю, за Беларуссю, якая будзе сяброўкай Еўразвязу і NATO, за Беларуссю, якая будзе надзейным бар'ерам для будучых спробаў распаўсюдзіць аўтарытарызм з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Я абсалютна не сумняваюся, што такія спробы будуць рабіцца нават у выпадку паразы Расеі і краху пуцінскага рэжыму.

Але каб Беларусь стала такой еўрапейскай дзяржавай, беларускаму народу неабходна будзе не проста перамагчы аўтарытарны рэжым, але і правесці працу над памылкамі.

Усё, што адбывалася з 1994-га года, з моманту абрання Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі, – гэта шлях нацыянальнай дэградацыі, краху, гады адмовы ад развіцця, гады фактычна нацыянальнага суіцыду. І яшчэ вялікае пытанне, ці здолее беларускі народ спыніць гэты працэс, ці ён асуджаны на знікненне і растварэнне ўнутры расейскага таталітарнага грамадства.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках