23 красавiка 2024, aўторак, 22:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Урок казахскай: з чаго пачалася рэвалюцыя

28
Урок казахскай: з чаго пачалася рэвалюцыя
АРЦЁМ ЧЭРНІКАЎ

Калі паднаціснем, то 2022 год будзе нашым.

На сёння адной з галоўных тэм сусветных навін з'яўляюцца пратэсты ў Казахстане. Беларусы з суперажываннем назіраюць за тым, што адбываецца, і вераць, што казахі даб'юцца свайго. Некаторыя дзівяцца, што падзеі разгарнуліся імгненна. Але напраўду ўвесь 2021 год у Казахстане быў сезонам страйкаў.

Рэжым, у якім жывуць казахі, мае падабенства з беларускім. Нізкія заробкі, адсутнасць свабоды і практычна нязменная дыктатура. І зусім нядзіўна, што там палыхнула. Падзеі ў Казахстане пацвярджаюць той факт, што аўтарытарны рэжым у 21 стагоддзі практычна немагчымы. У свеце, дзе большасць краін выбралі шлях дэмакратыі, аўтакратам вытрымліваць усё складаней.

Рабочыя Казахстана быццам увесь 2021 год рыхтаваліся да пачатку 2022 года. І яны годна паказалі, што рух рабочых з'яўляецца рухаючай сілай пратэстаў. Асноўным месцам страйкаў стала багатая нафтай Мангістаўская вобласць на захадзе Казахстана, дзе рабочыя нафтавай галіны адмаўляліся выходзіць на працоўныя месцы.

У чэрвені 2021 рабочыя прыпынілі працу і выставілі досыць папулістычныя патрабаванні: падвышэнне заробкаў, частковая аплата тураў у санаторыі для супрацоўнікаў, якія працуюць з таксічнымі парамі; кампенсацыі за тэсты на COVID-19 і малако за шкоднасць.

У Мангістаўскай вобласці заробку бракуе нават на элементарныя базавыя выдаткі, таму забастоўкі ў Казахстане былі толькі пытаннем часу. Рабочыя 21 чэрвеня папярэдзілі кіраўніцтва, што спыняць працу, калі іх патрабаванні, у тым ліку падваенне заробку, надбаўка за працу ў святочныя дні і доступ да санаторыяў, не будуць выкананыя.

Праз тыдзень мэнэджмэнт часткова задаволіў патрабаванні, пагадзіўшыся падняць заробак на 50 адсоткаў, выпісаць прэміі і выплаціць супрацоўнікам прэміяльныя ў суме 146 тысяч тэнге (каля 340 даляраў ЗША) для наведвання санаторыяў.

Ужо праз месяц яшчэ дзве кампаніі далучылася да страйкавага руху Казахстана. Жанаазэнскія рабочыя кампаніі Oilfield equipment and service і «Актаўскай нафтавай сэрвіснай кампаніі» абвясцілі страйк 21 ліпеня, намагаючы на падвышэнні заробкаў і забеспячэнні супрацоўнікаў ежай на працоўных месцах. А тыднем пазней працоўныя кампаніі Industrial Service Resources, якая займаецца зборкай абсталявання і рамонтам нафтавых свідравін, заявілі, што будуць страйкаваць датуль, пакуль іх заробкі не павялічацца ўдвая.

У кампаніі «МунайСпецСнаб», якая перавозіць тавары для «Азэнмунайгаза» і «Азэнмунайсервіса», рабочыя таксама падтрымалі стачку. Яны спынілі працу 15 ліпеня. Асноўнае патрабаванне - падвоіць заробкі.

Адзін з самых гучных страйкаў лета правялі рабочыя «Азэнэнэргасэрвіса». Яны заявілі, што адмаўляюцца працаваць, калі ім не павялічаць заробак удвая. «Азэнэнэргасэрвіс» забяспечвае элэктраэнергіяй Жанаазэн, і працоўныя прыстрашылі адключыць электрычнасць ва ўсім горадзе, за выключэннем лякарняў, радзільных дамоў і асноўных аб'ектаў, калі іх патрабаванні не будуць выкананыя. Што тады моцна напалохала ўлады і вымусіла ісці на перамовы.

У знак салідарнасці страйк падтрымалі кіроўцы, супрацоўнікі лёгкай і харчовай прамысловасці, а таксама спадарожныя ім кампаніі.

Забастоўкі адбываліся таксама ў Алматы. Рабочыя «Алматыметрокурылыса», кампаніі, якая будуе метро Алматы, адмовіліся выходзіць на працу датуль, пакуль іх заробак не будзе павялічаны ўдвая. Яны таксама патрабавалі 13-га заробку і малака за шкоднасць працы.

Як адзначае выданне The Diplomat, у першыя шэсць месяцаў 2021 года ў Казахстане было больш забастовак, чым за ўвесь перыяд з 2018 да 2020 года.

Поспех гэтых страйкаў паказаў народу Казахстана, што іх колькасць з часам толькі павялічыцца. І нядзіўна, што з горада-нафтавіка Жанаазэна 2 студзеня пачаліся падзеі, якія паднялі ўвесь народ усяго Казахстана. Гэты горад для ўладаў з 2011 года быў косткай у горле, калі 15 тысяч рабочых спынілі працу з патрабаваннямі падвышэння заробку. Тады забастоўкі там доўжыліся сем месяцаў.

І цяпер падчас масавых пратэстаў у Казахстане працоўныя звяртаюцца да аднаго з самых эфектыўных захадаў супраць узурпатараў - стачкі.

Да прыкладу, рабочыя ліцейна-механічнага завода ў казахстанскім Жэзказгане патрабуюць ад карпарацыі «Казахмыс» падвышэння заробку на 100% і змены кіраўніцтва прадпрыемства. Рабочыя адмаўляліся выходзіць на працу, пакуль іх патрабаванні не будуць выкананыя. У гэты ж дзень дырэктар прадпрыемства і вялікая частка кіраўніцтва з ганьбай уцяклі з завода.

4 студзеня сотні нафтавікоў на радовішчы Тэнгіз Атыраўскай вобласці прыпынілі працу і выйшлі на мітынг у падтрымку пратэстоўцаў у Мангістаўскай вобласці. І менавіта забастоўкі перараслі ў стыхійныя пратэсты ва ўсім Казахстану.

З даўніх часоў забастоўка з'яўляецца адным з перадавых метадаў барацьбы з несправядлівасцю і прыгнётам і дагэтуль не страціла свайго ўплыву, як на кіраўніцтва прадпрыемстваў, так і на ўлады. Калі палыхне ў Беларусі - толькі пытанне часу. Нам у скарбонку дадаўся яшчэ адзін годны прыклад праявы сілы і салідарнасці рабочых. Калі паднаціснем, то 2022 год будзе нашым.

Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для «Баста!»

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках