26 красавiка 2024, Пятніца, 16:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У амбасадзе перайшлі на беларускую мову і сказалі, што па-руску не разумеюць»

27
«У амбасадзе перайшлі на беларускую мову і сказалі, што па-руску не разумеюць»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Беларус расказаў, як трапіў на карантын у Дубаі.

Блог "Отражение" расказаў гісторыю беларуса Уладзіслава, які трапіў на карантын у іншай краіне. Летась у лістападзе ён правёў дзесяць дзён у ізаляцыі ў Дубаі. Мы перадрукоўваем гэтую гісторыю.

Уладзіслаў - грамадзянін Беларусі, які апошнія некалькі гадоў жыве ў Маскве. Яго жонка - расейка, і ў лістападзе 2021 года яны наведвалі Дубай. Але вярнуцца назад у Маскву разам ім не ўдалося: усё праз станоўчы тэст на каранавірус ва Уладзіслава. Тое, што ў яго ёсць інфекцыя, мужчына высветліў у аэрапорце перад вылетам.

- Лекар адразу папрасіў мяне адысці ўбок. Жонцы ён сказаў, што яна можа ляцець у Расею, а мне давядзецца застацца, - распавядае Уладзіслаў. - Там было шмат людзей, якія здавалі тэсты. Галоўным чынам гэта былі грамадзяне Індыі, Пакістана, але ў іх тэсты былі адмоўнымі.

Мужчыну суправадзілі ў асобную зону аэрапорта. Яна была аддзелена перагародкамі. Побач з ім быў ахоўнік. У гэтыя хвіліны Уладзіслаў з жонкай думалі над тым, ці варта ёй застацца ў Дубаі. Але гэты варыянт быў занадта дарагім, таму жонка Уладзіслава ўсё ж адправілася ў Маскву. Перад вылетам яна паспела абмяняць білет мужа на пазнейшую дату. Гэта каштавала пяць тысяч расейскіх рублёў (блізу 65 даляраў).

- Я застаўся ў аэрапорце чакаць сваёй долі. Падышла медсястра і паведаміла, што ў дзяржаўнай клініцы няма месцаў, а засталіся толькі платныя варыянты: фактычна, гэта простыя гатэлі, якія могуць прыняць хворых. Каштаваць гэта будзе 200 даляраў за дзень, не лічачы кошту ежы і працэдуры. Грошы ў мяне былі, але я падумаў, што яно таго не варта, - дзеліцца герой.

Са слоў мужчыны, у аэрапорце ён правёў пяць гадзін, час ад часу паўтараючы медсястры, што грошай на платны карантын у яго няма.

- Яна проста выпрошвала ў мяне грошы: маўляў, патэлефануй жонцы, няхай яна возьме ў пазыку, або вазьміце крэдыт у банку, - успамінае суразмоўца.

Урэшце праз пяць гадзін яму паведамілі, што ёсць варыянт правесці карантын бясплатна. Ехаць да месца правядзення трэба было на спецыяльным таксі, якое давялося аплаціць за свой кошт. Кіроўца машыны быў у ахоўным гарнітуры.

- Мяне павезлі ў бок пустыні. Проста пасярод яе і знаходзіўся COVID-цэнтр. Мне падалося, што яго будавалі спецыяльна, мяркуючы, што ў краіне будзе шмат заражаных. Мяне прывезлі ў прыёмную, медсёстры замералі ціск. Там жа я сустрэў расейца. Ён быў у нармальным стане, нічога не баяўся. Я падумаў, што вось, зараз я з ім пасябрую, але нас развялі па розных будынках, - распавядае мужчына.

Пасля прыёмнай Уладзіслава завялі ў палату. Вось як ён яе апісвае:

- Палата такая: белыя сцены, два ложкі, тэлевізар, чайнік, лядоўня. Ёсць інтэрнэт — хуткі і бясплатны, так што я яшчэ мог крыху працаваць. У душавой - голая бетонная падлога, унітаз і рукамыйніца. Трохі сумна, але затое чыста і зручна, без цвілі.

У самым пачатку ва Уладзіслава спыталі, хрысціянін ён ці мусульманін - на карантыне прадстаўнікі розных рэлігій жылі асобна. У выніку Уладзіслаў у палаце быў адзін. У цэнтры таксама былі мусульмане і каталікі. Першыя рэгулярна маліліся, а другія, паводле слоў героя, у нейкі момант упалі ў істэрыку.

- Гэта былі італьянцы, яны таксама не асабліва гаварылі па-ангельску і не разумелі, што ім рабіць, - успамінае ён. - Я запісаў сваёй жонцы відэа. Яна трошкі гаворыць па-італійску і змагла перакласці, чаму там мужчына пачаў панікаваць: маўляў, куды я трапіў, што цяпер рабіць, трэба адсюль выбірацца. Пачаў разбураць усё, ламаць. Я нават выйшаў яго супакоіць: ненавіджу, калі гарлапаняць. Там ужо быў медбрат. Прапанаваў яму сваю дапамогу, але той адмовіўся. Затое ў наступныя дні яны да мяне вельмі паважліва звярталіся: «Хэлоў, бро!»

Уладзіслаў расказаў, што, паводле ягоных адчуванняў, свабодных месцаў у цэнтры, куды яго прывезлі, было шмат. Уначы было відаць, што ў большасці вокнаў у карпусах не гарыць святло. Увесь персанал хадзіў толькі ў супрацьэпідэмічных гарнітурах жоўтага колеру. Дзверы ў палату не зачыняліся на ключ, але паводле правіл выходзіць з іх было забаронена.

Таксама забараняліся кантакты з іншымі людзьмі. На карантыне дзейнічаў распарадак дня: а сёмай раніцы - сняданак, а дзявятай - праверка медсястрой, аб 11 - вымярэнне ціску, а 13 - абед. Пасля абеду быў час медыцынскіх працэдур: на трэці дзень мужчыну пачалі калоць прэпарат, які разрэджвае кроў. Увечары была прадугледжаная вячэра, а перад ёй - прыборка палаты. Са слоў мужчыны, сімптомы каранавіруса ў яго былі.

- У Дубаі мы з жонкай патрапілі ў індыйскі квартал, дзе вельмі вострая ежа. Мне яна здалася наогул нясмачнай. У жонкі была парфума, ад якой можна задыхнуцца, але я яе таксама не адчуваў, - распавядае ён.

Затое мужчына ацаніў ежу, якую давалі на карантыне:

- Сілкаванне было маёй радасцю. Кармілі вельмі смачна, тры разы на дзень. Мне прыносілі адмысловую скрынку, у якую й было мяса, гарнір, сок і якая-небудзь садавіна. Гатавалі вельмі смачна. Як высветлілася, у Дубаі ёсць спецыяльная фабрыка, якая пастаўляе ежу ў школы, дзіцячыя сады, у розныя арганізацыі і ў клінікі. Было настолькі добра, што я нават знайшоў іх інстаграм і напісаў, якія яны малайцы. Яшчэ я мог карыстацца інтэрнэт-крамай. Можна было замаўляць ежу. Паліць і піць было забаронена, але мне здаецца, што нават у гэтым пытанні можна было як-небудзь дамовіцца.

Мужчына адзначае, што па-ангельску не гаворыць, таму з персаналам даводзілася размаўляць ледзь не "на пальцах". Падчас карантыну гэта было галоўнай праблемай. Не было зразумела, што рабіць, калі ізаляцыя скончыцца.

- Трэба будзе зноў здаваць тэст, але што, калі ён зноў будзе дадатным? Мне зноў ляжаць дзесяць дзён? На гэтае пытанне мне ніхто адказаць не мог. Атрымліваецца, што я дзесяць дзён адлежваўся ў неразуменні.

Пакуль Уладзіслаў быў на карантыне, ягоная жонка спрабавала зразумець, што трэба рабіць у гэтай сітуацыі. Яна нават тэлефанавала ў беларускую амбасаду ў ААЭ, але нешта пайшло не так.

— У пасольстве з ёй спачатку размаўлялі па-руску. Але супрацоўнікі самі не ведалі, што трэба рабіць у такім выпадку, і размова зайшла ў нявыкрутку. Тады яны перайшлі на беларускую мову і сказалі, што па-руску не разумеюць, - сцвярджае суразмоўца.

Калі карантын скончыўся, мужчына здаў ПЛР-тэст. Выніку давялося чакаць дзень. У выніку той быў адмоўны, таму ён змог вылецець у Маскву з білетам, які ў самым пачатку абмяняла ягоная жонка. Узгадваючы перажыты досвед, Уладзіслаў кажа, што самае галоўнае было - не нервавацца.

— Я вельмі шмат нерваваўся, а высветлілася, што трэба было проста расслабіцца і атрымліваць задавальненне, — рэзюмуе суразмоўца.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках