23 кастрычнiка 2021, Субота, 8:18
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Камбайнер з БЧБ-сцягам: Сядзець і маўчаць - гэта не выйсце

13
Камбайнер з БЧБ-сцягам: Сядзець і маўчаць - гэта не выйсце
ГЕНРЫХ ЗАСІМОВІЧ
ФОТА: HARODNIASPRING.ORG

Генрых Засімовіч распавёў пра сваю грамадзянскую пазіцыю, а таксама падзяліўся меркаваннем пра даносчыка.

Нядаўна «Кібер-Партызаны» ўзламалі базу звестак выклікаў дзяжурнай службы 102. Хакеры апублікавалі больш за дзве тысячы даносаў ад «неабыякавых грамадзян», дзе тыя скардзяцца і закладваюць пратэстоўцаў - калег, знаёмых, сваякоў.

Сярод даносаў апынуўся і такі: «Па вёсцы на камбайне ездзіць Засімовіч Генадзь з бел-чырвона-белым сцягам». Закладная выклікала рэзананс у сацсетках, а Еўрарадыё даведалася пра сутнасць таго, што адбылося ад самога камбайнера.

Клічуць камбайнера-бунтара Генрых Адольфавіч Засімовіч, жыве ён у вёсцы Сялявічы Слонімскага раёна. Тут жа знаходзіцца фермерская гаспадарка «Бікевічы», якую мужчына заснаваў у 2005 годзе.

- Пасля выбараў 2020-га паставіў на камбайн сцяг. Такім чынам, скажам так, выказваў сваю пазіцыю, - распавядае фермер. - На камбайне сцяг прабыў са жніўня да лістапада 2020-га.

І вось у лістападзе я ехаў на сваё поле. Па дарозе сустрэў гэтага чалавека [даносчыка. - заўв.], ён мяне абагнаў на машыне. Крыху пазней мне тэлефануе сын - здымай сцяг, прыязджала міліцыя, пыталася, куды ты знік.

Потым участковы прыехаў на поле, склаў пратакол, маўляў, што гэта маё поле, мой камбайн, мой сцяг. Злачынства ніякага, як аказалася, няма, проста ім паступіў сігнал, і яны, скажам так, адпрацоўваюць яго. Сцяг здымаць я адмовіўся і працаваў далей.

Зараз з БЧБ-сцягам на камбайне Генрых не ездзіць: жонка мужчыны схавала палотнішча ад граху далей. А каб пашыць новы, у мужчыны няма ні матэрыялу, ні часу.

«Ніхто ў райвыканкаме не хоча, каб вы разбагацелі»

У Генрыха Засімовіча ёсць 45 гектараў поля, размешчанага за дзесяць кіламетраў ад Сялявічы. У распараджэнні фермера сельгастэхніка - камбайн, трактар, плугі, сеялка, пагрузчык, - якой ужо даўно за трыццаць гадоў.

- Купіць новую тэхніку няма грошай. Нават у лізінг не ўзяць - умовы не тыя, - кажа мужчына. - Паводле закона можна атрымаць дапамогу ад дзяржавы. Але колькі я ні звяртаўся ў раён - мне ўсё адмаўляюць. Тэхніку б/у ў дзяржаўных гаспадарках лепш спісаць, парэзаць на металалом, а табе ніхто нічога не дасць.

Як сказаў пару гадоў таму адзін начальнік, «Адольфавіч, ніхто тут у райвыканкаме не хоча, каб вы разбагацелі, купілі джып і нам дулі паказвалі праз акно». Ідзі, маўляў, купляй. А дзе ты тут купіш, калі грошай амаль няма? Хапае толькі на «падтрымку штаноў».

Але вось мужчына, які паскардзіўся ў міліцыю, называе Генрыха «панам». Адкуль такое стаўленне?

- Таму што я адзіны фермер у нашай мясцовасці. Больш ніхто тут фермерствам не займаецца. «О, так ты пан, ты пан!». Ведаеце, у іх проста нейкая «хібная» псіхалогіяй і філасофіяй. Чалавека я гэтага ведаю, але толку з ім гаварыць? Што ты яму скажаш?

«Сядзець і маўчаць - гэта не выйсце»

А навошта наогул фермеру палітыка? Сцягі, праблемы з міліцыяй - навошта гэта ўсё?

- У 1999-м у Горадні была палітычная акцыя. Я таксама там быў, адседзеў потым арышт. І калі выходзіў, мне адзін начальнік сказаў: «Што вы тут ездзіце? Мы вас больш у Горадню не пусцім, ідзіце зямлю капайце!» - успамінае Генрых. - І вось тады я вырашыў давесці, што гэтая сістэма ніколі не будзе дапамагаць людзям, якія нешта робяць самастойна, думаюць самастойна і да чагосьці імкнуцца. А нічога не казаць, сядзець і маўчаць - гэта не выйсце.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».