Чаго чакаць сотням ІП ад правак у Падатковым кодэксе?
9- 18.09.2021, 21:59
- 20,366
Мяркуецца, што прадпрымальнікам плаціць давядзецца ўжо 16% ад выручкі.
У ліпені Лукашэнка зноў даў заданне ўладам разабрацца з «каласальным афшорам» з ІП. Такая рыторыка не новая, і нядаўна ў сетцы з'явіўся праект правак у Падатковы кодэкс, аднак пакуль невядома, ці сапраўдны гэта дакумент. А з 17 жніўня ў Менску на нявызначаны тэрмін спынілі рэгістрацыю ІП.
На думку экспертаў, новаўвядзенні ў апублікаваным дакуменце цалкам могуць быць сапраўднымі. Прынамсі яны гармануюць з заявамі і паводзінамі ўладаў.
«Еўрарадыё» разабралася, у чым сутнасць змяненняў для ІП і чаму яны негатыўна адаб'юцца на працы прадпрымальнікаў і эканоміцы ў цэлым.
Прыпыненне рэгістрацыі ІП наўрад ці звязанае са зменамі ў ПК
Сярод меркаваных змяненняў – забарона для ІП на выкарыстанне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. Стаўкі падаткаў у ССП складаюць 5% ад выручкі для тых, хто не плаціць ПДВ. І 3% для плацельнікаў ПДВ.
З прыняццем новаўвядзенняў ІП могуць быць пераведзеныя на агульную сістэму падаткаабкладання. Тады плаціць давядзецца ўжо 16% ад выручкі з вылікам выдаткаў. Таксама з'явяцца выдаткі на бухгалтара і ўскладніцца вядзенне дакументаў. Пры ССП адміністраванне нашмат прасцейшае.
З 2023 года можа быць скасаваны і адзіны падатак для большасці відаў дзейнасці ІП.
На думку сябра кіравання і эксперткі Асацыяцыі падаткаплацельнікаў, дарадцы ў падатковых пытаннях адвакацкага бюро «Гарэцкі і партнёры» Наталлі Зварано, спыненне рэгістрацыі ІП у Менску не звязанае з магчымым узмацненнем жорсткасці падатковага заканадаўства для іх.
– У абласцях прадаўжаюць рэгістрацыю ІП. Хутчэй за ўсё, там сапраўды ёсць нейкая тэхнічная праблема. Магчыма, нейкае новае праграмнае забеспячэнне ўсталёўвалася і нешта з ім пайшло не так. У фактуры звязваць гэта з дакументам не бачу падставаў, – кажа Наталля Зварано. – Тое, што прапісана ў дакуменце, гісторыя даўняя і звязаная з выказваннем Лукашэнкі, што ІП выкарыстоўваюцца ў розных схемах мінімізацыі падаткаў.
Акрамя таго, на думку чыноўнікаў, арганізацыі, якія карыстаюцца ССП, робяць не такі вялікі ўнёсак у папаўненне бюджэту, хоць іх выручка дазваляе плаціць больш.
Бюджэт папоўніць можна, але пра кошт не гаворыцца
Суразмоўца адзначае, што калі разглядаць толькі мэту павелічэння прыбытковай часткі бюджэту, то павышэнне падаткаў у любой краіне мае эканамічны сэнс. Аднак канкрэтна беларускую сітуацыю з ІП трэба ацэньваць комплексна.
– Фіскальная сістэма – неад'емная частка эканамічнай сістэмы, і любыя змены ў падыходах збірання падаткаў неўнікнёна адбіваюцца на эканоміцы і эканамічным клімаце ў цэлым. Праблема ў тым, што пакуль мы не ведаем, ці сапраўдны гэта дакумент, і не бачым абгрунтавання. Магчыма, там прадугледжаныя наступствы.
Унёсак ІП у ВУП у 2020 годзе склаў 3,1%. Гэта крыху больш за 1,86 млрд даляраў.
– Пры гэтым мы не ведаем, колькі з іх працавалі паводле ССП. У адсоткавых суадносінах 3,1% – гэта няшмат, але гэта катэгорыя ацэначная. Мы ж не можам казаць, што проста пазбавімся ІП. Бо гэта канкрэтныя людзі.
Значыць, будзе катэгорыя фізічных асобаў, якая ўсё роўна будзе суб'ектам падатковых стасункаў. Адпаведна гэты суб'ект падатковых стасункаў патрапіць у нейкую падатковую катэгорыю, – кажа Наталля Зварано.
ІП могуць стаць самазанятымі або юрасобамі
Тут у ІП два шляхі. Калі індывідуальныя прадпрымальнікі не захочуць пераходзіць на агульную сістэму падаткаабкладання, то давядзецца стаць самазанятымі.
Для самазанятасці выкарыстоўваецца адзіны падатак. Ягоная велічыня вызначаецца ў залежнасці ад віду дзейнасці і тэрыторыі, на якой вядзецца дзейнасць. Сумы за месяц могуць варыявацца ад 9 рублёў да 143 рублёў.
Пры гэтым не ўсе ІП змогуць перайсці ў статус самазанятасці, бо сферы дзейнасці для іх абмежаваныя. Працоўныя месцы для іншых самазанятых таксама ствараць не могуць.
– Можам выказаць здагадку, што пашырыцца катэгорыя самазанятасці, – прадаўжае Наталля Зварано. – Ёсць іншы шлях для тых, хто не хоча плаціць падаткі як фізічныя асобы. Гэта стварэнне юрыдычнай асобы, якая можа скарыстацца якой-небудзь агульнай сістэмай падаткаабкладання [з падаткам 16% ад прыбытку], альбо нейкім іншым спецыяльным рэжымам, калі можна на яго прэтэндаваць.
У Беларусі блізу 270 тысячаў індывідуальных прадпрымальнікаў. Акрамя таго, некаторыя з іх не толькі стварылі працоўнае месца для сябе, але і працаўладкоўваюць іншых. Паводле ацэнкі індывідуальнага прадпрымальніка і эканамічнага аглядальніка Алеся Герасіменкі, ІП у Беларусі – гэта 340 тысячаў працоўных месцаў, ці 8% ад занятых у эканоміцы.