29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Пенсіі беларусаў будуць абясцэньвацца

12
Станіслаў Шушкевіч: Пенсіі беларусаў будуць абясцэньвацца
СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ
ФОТА: CHARTER97.ORG

Многія выжываюць за кошт садаводства.

У Беларусі працягваюць падаць рэальныя пенсіі. Толькі ў ліпені яны ўпалі на 3,6% да аналагічнага перыяду 2020-га. З чым звязана такое падзенне?

Сайт Charter97.org папрасіў першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча ацаніць сітуацыю з пенсіямі ў краіне:

- Эканоміка Беларусі развіваецца не на падставе навукі, таму валавы ўнутраны прадукт памяншаецца. Гэта выліваецца ў тое, што абясцэньваецца пенсія, у тым ліку і на 3,6%. Я не ведаў лічбу, але гэта цалкам лагічна.

Трэба чакаць яшчэ большага пагаршэння, таму што інфляцыя мае месца. Я, атрымаўшы пенсію на картку, не магу абмяняць у абменным пункце, таму што там няма ніякіх грошай, акрамя 200-рублёвых купюр. Гэта ўжо паказвае, што наш фінансавы патэнцыял пакутуе.

- Шмат хто кажа, што на адну пенсію прыходзіцца выжываць, а не жыць. Як бы вы ацанілі сённяшнія магчымасці і становішча пенсіянераў у Беларусі

- Пенсіянеры, з якім я маю зносіны, жывуць за кошт, так бы мовіць, садоўніцтва. Пры дапамозе дачных участкаў яны кансервуюць прадукты. У крамах імкнуцца купляць толькі алей, воцат і хлеб, а больш пенсія не дазваляе. Значная частка насельніцтва сёння жыве ў вялікай складанасці, бо амаль усе грошы трэба выдаткоўваць на харчаванне, і то іх не стае.

- З наступнага года беларусаў чакае чарговае павышэнне пенсіённага ўзросту і мінімальнага страхавога стажу. Пры гэтым улады заяўлялі, што пенсійны ўзрост павысіцца толькі пасля 2022 года. Як вы ацэньваеце гэту пастанову ўладаў?

- Пры нармальным развіцці эканомікі і пры павялічванні сярэдняй працягласці жыцця пенсійны ўзрост трэба павышаць. Мне невядомыя, якія ў нас лічбы і наколькі гэта рацыянальная мера. Я думаю, што гэта вымушаная мера, каб выратаваць пенсіі, нейкім чынам іх выплачваць, можа, нават плаціць іх больш на нейкі мізэрны працэнт. Аднак я лічу, што пенсіі беларусаў будуць абясцэньвацца.

Я ведаю вельмі многіх людзей, якія выжываюць на пенсіі, але гэта працавітыя людзі, якія здабываюць многія прадукты метадам натуральнай гаспадаркі.

- У бюджэце ФСАН не першы год назіраецца «дзірка», праз якую патрабуюцца штогадовыя ўліванні - субвенцыі з дзяржбюджэту. Чаму уладам не атрымліваецца вырашыць гэтую праблему ўжо столькі гадоў?

- Каб эканоміка развівалася, патрабуецца ставіць на пасады спецыялістаў, а ў нас ставяць паслухмяных людзей. Праз гэта ў нас складанасці ў эканоміцы, яна не развіваецца.

Рэжым хоча мець паслухмяны ўрад, але ён не працуе на карысць эканомікі, а толькі падпарадкоўваецца «правадыру».

- Якая пенсійная сістэма павінна быць у Беларусі будучыні?

- На гэтае пытанне вельмі цяжка адказаць. Гэта пытанні павінны вырашаць прафесіяналы і спецыялісты. Калі ў краіне ёсць перспектыва і рост... А калі росту няма, то пенсія павялічыцца не можа. Вядома, яна можа павялічыцца на паперках, але, па сутнасці, яна ўпадзе.

Адказаць на гэтае пытанне досыць складана, гэта карпатлівая праца. А ў Беларусі сёння толькі - «карпатлівае» падпарадкаванне, чыноўнікі нічога не ўмеюць рабіць... Гэта не сумяшчальна з нармальным развіццём.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках