28 кастрычнiка 2021, Чацвер, 18:07
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіст Андрэй Шарэнда расказаў, як яму ўдалося ўцячы з-пад хатняга арышту і пакінуць Беларусь

11
Актывіст Андрэй Шарэнда расказаў, як яму ўдалося ўцячы з-пад хатняга арышту і пакінуць Беларусь
ФОТА: NAVINY.ONLINE

Эксклюзіўнае інтэрв'ю.

Учора стала вядома, што каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Шарэнда пакінуў Беларусь. Берасцейскі актывіст звязаўся з сайтам Charter97.org і расказаў, як яму ўдалося ўцячы з-пад хатняга арышту і перасекчы мяжу.

- Мая гісторыя пачынаецца яшчэ ў сакавіку. Я быў папярэджаны, што на мяне завялі крымінальную справу паводле артыкула 368 - гэта «абраза Лукашэнкі». Потым у мяне быў ператрус і паводле гэтай справы нічога не было чуваць да 30 траўня.

30 траўня я выходзіў з басейна ў Берасці і мяне сустрэлі супрацоўнікі міліцыі, пасадзілі ў аўто і адвезлі ў СК. Там без усялякіх тлумачэнняў адразу выцягнулі паперу, што я ўжо з'яўляюся падазраваным паводле артыкула 368. Яшчэ праз 15 хвілін мяне проста вывелі ў калідор і выдалі другую паперу, што я ўжо абвінавачваны, аднак зусім паводле іншага артыкула.

Мяне абвінавацілі ў «паклёпе супраць дзяржаўнага ладу», а канкрэтна - супраць дыктатара Лукашэнкі. Гэта другая частка, якая нібыта спалучаная з іншым больш цяжкім злачынствам - тэрарызм. Падставай для гэтага сфальсіфікаванай справы стаў артыкул, дзе я нібыта называю Лукашэнку тэрарыстам. Толькі тое, што я так назваў яго, расцанілі «актам тэрарызму».

- Які тэрмін вам пагражаў паводле гэтага артыкула?

- Да пяці гадоў. Аднак уся абсурднасць сітуацыі ў тым, што пасля выпадку з самалётам паводле гэтага артыкула можа прыцягвацца палова кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаў i чальцоў Еўрапарламента. Усяму свету стала ясна, што Лукашэнка сапраўды тэрарыст і забойца. Пра гэта і гаварылі еўрапейскія палітыкі.

Затым мяне з парушэннем усякіх нормаў зноў вывелі ў кабінет пад канвоем і праз паўгадзіны справа, якая складалася з некалькіх дзясяткаў старонак, была выстаўленая мне для азнаямлення. Я адмовіўся ад дачы сведчанняў. Апошняя папера, якую мне паказалі, - пастанова аб тым, што я буду знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Мне забараняюцца тэлефонныя званкі, кантакты праз мэсэнджары. Увесь гэты час, пакуль я знаходзіўся пад хатнім арыштам, мяне не правяралі, але каля дома ўвесь час дзяжурыла міліцыя. Яны правяралі, каб я не выходзіў з дому.

Было зразумела, што яны вельмі спяшаліся. Справа 1 чэрвеня была перададзеная ў пракуратуру, а праз тыдзень - ужо ў судзе. Затым было абвешчана пасяджэнне, на якое я, вядома ж, ісці не збіраўся. У Беларусі няма сумленных судоў, ёсць толькі судзілішча. Даказваць на іх няма чаго, а вынік загадзя вядомы. Хадзіць на іх - на руку рэжыму.

Адзінае, што мяне трымала ў Беларусі - магчымасць сустрэцца з жонкай Палінай. Мне ўдалося сустрэцца з ёй пасля таго, як Паліне абвясцілі прысуд.

- Як яна трымаецца?

- У яе баявы настрой і яна перадае ўсім велізарнае прывітанне. Ейнае пасланне застаецца ранейшым: нельга весці перамовы з тэрарыстам, дыктатарам і забойцам. Менавіта за гэтыя словы мне пагражалі пяці гадамі турмы, але я іх яшчэ раз паўтараю, бо гэта факт, пра які нельга маўчаць.

З дапамогай людзей мне ўдалося ўцячы з-пад хатняга арышту і я знаходзіўся ў падполлі.

- Які час вам давялося так хавацца?

- Блізу тыдня. Для таго, каб пад'ехаць да літоўскай мяжы патрэбны быў час.

Хачу выказаць шчырую падзяку тым людзям, якія мне дапамаглі, дапамаглі іншым беларусам. Гэта вялікі ўнёсак у барацьбу з рэжымам. Цяпер іх імёны нельга агучваць, але думаю, што ў Беларусі з'явіцца аналаг годнасці «праведнікі народаў свету» - людзей, якія хавалі габрэяў падчас Другой сусветнай вайны. Калі Беларусь стане па-сапраўднаму вольнай, такая годнасць будзе надавацца ўсім, хто дапамагаў палітычным зняволеным, збіраў перадачы на Акрэсціна. Усе імёны і прозвішчы будуць агучаныя.

- Разумею, што не ўсю інфармацыю сёння можна агучваць, але як вам удалося перасекчы мяжу?

- Знаходзячыся ў падполлі я ўжо прадумваў, як мне сыходзіць. У ноч з 1 на 2 ліпеня мне ўдалося перасекчы беларуска-літоўскую мяжу. Сама гэтая гісторыя заслугоўвае асобнай увагі. Перасякаў мяжу не адзін, са мной быў яшчэ адзін чалавек. Гэта быў начны пераход на 10 кіламетраў. Ішоў моцны дождж. Паколькі я быў у вышуку, нам трэба было абыходзіць усе вёскі.

Мы ішлі праз лес, а напрыканцы напароліся на беларускі патруль. Усё пайшло не паводле плану, таму давялося экстранна перапраўляцца цераз балота. Спачатку я думаў, што мяне не будуць шукаць, аднак мае фатаграфіі былі разасланыя ва ўсе РАУС, некаторыя вывесілі нават на так званыя «дошкі гонару». Аднак дзірку ад абаранка яны атрымалі, а не чарговага палітвязня.

- Дзе вы цяпер знаходзіцеся, калі не сакрэт?

- Цяпер я знаходжуся ў Літве, адбываю абавязковы карантын. Літоўцы вельмі з вялікім разуменнем ўспрымаюць наша становішча. І гэта нягледзячы на тое, які калапс рэжым Лукашэнкі зладзіў з нелегальнымі мігрантамі. Стаўленне да беларусаў проста выдатнае. Найбліжэйшыя дні, магчыма, я буду ў Вільні і працягну там адбываць карантын.

- Літве давялося ўвесці рэжым надзвычайнага становішча праз сітуацыю з нелегальнымі мігрантамі на мяжы. Магчыма, вы бачылі, што адбываецца на мяжы. Якая там сітуацыя?

- Я асабіста бачыў, як рэжым Лукашэнкі арганізавана аўтобусамі звозіць нелегальных мігрантаў з Ірака і Афрыкі, проста «бамбуе» імі краіны Еўразвязу.

Думаю, што гэта не павінна застацца беспакараным. Гэта сапраўдны акт тэрарызму супраць еўрапейскіх краін. На гэта павінен быць дадзены годны адказ - узмацненне санкцый.

Нягледзячы на тое, што я пакінуў Беларусь, але дагэтуль не адчуваю сябе цалкам свабодным. У закладніках знаходзіцца мая жонка. Так, дзеці сёння знаходзяцца ў бяспецы, ім нічога не пагражае, найбліжэйшым часам спадзяюся з імі сустрэцца.

Яшчэ раз паўтару усім людзям, якія знаходзяцца пад падпіскамі, якія добраахвотна ідуць на судзілішчы і той цырк, які ладзіць рэжым Лукашэнкі, атрымліваюць тэрміны, ідуць у турмы. Справядлівага суду ў Беларусі няма, што адбываецца з'яўляецца фарсам - гэта пацвердзіў суд над маёй жонкай Палінай.

Яшчэ раз заклікаю не граць пад дудку рэжыму, хадзіць на такія суды проста проціпаказана. Трэба працаваць супраць сістэмы і супраціўляцца ўсімі магчымымі спосабамі. Барацьба працягваецца, а перамога будзе за намі!

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».