Пацыента чакае ўціхамірвальная кашуля
19- АРЦЁМ ЧЭРНІК
- 24.07.2021, 22:11
- 45,492
Дыягназ пастаўлены – страйкавая тэрапія прапісаная.
Сёння так званая беларуская ўлада выклікае толькі смех і жаль адначасова. З аднаго боку народ, які ніколі не прыме і не даруе фатальных памылак. З іншага боку арганізаваныя і мэтанакіраваныя ўдары ў цемечка ад дэмакратычных краінаў свету. Адсюль у сіняпальцага «беды з галавой» і здароўе нікчэмнае.
Пацыент каторы раз мітусіцца па мінным полі са сваіх памылак. Дык давайце ж дапаможам Сашу знайсці выйсце.
Усім даўным-даўно ясна, што ён больш ніхто і любое ягонае дзеянне падобнае да самастрэлу. Хворыя фантазіі ўзурпатара можна лячыць альбо аперацыйным метадам у Гаазе, альбо мясцовай тэрапіяй – страйкам. Хутка мы дачакаемся фінальных тытраў фільма, дзе свабодны народ перамагае хваробу з назвай «дыктатура».
На заводах і прадпрыемствах усё гэтак жа пануе хаос. На МТЗ 20 дзён не могуць дастаць застылы метал. Не кажучы ўжо пра частыя выпадкі пажараў.
На «Гродна Азоце» пералепліваюць этыкеткі без указання вытворцы, і вельмі дзіўныя справы з сыравінай і рамонтамі. Бо «санкцыі не працуюць».
У аўтобусных парках няма грошай нават замяніць шкло ў аўтобусах. А на берасцейскім «Гефесце» незаконныя звальненні спецыялістаў праз адсутнасць працы. Дакаціліся!
Хіба беларусы, якіх ва ўсім свеце ведаюць як працавітых і добрасумленных людзей, заслужылі падобнага?! Хіба мы не хочам жыць лепш? Адказ відавочны. З нас годзе беззаконня на вытворчасцях і ў краіне. Час ужываць захады страйкавай тэрапіі.
Для пачатку, як пры правядзенні любога лекавання, вядома, варта падрыхтавацца. Маральна і эканамічна. Назапасіцца самым неабходным для сябе і сваёй сям'і.
Пазбавіцца ад беларускіх, з кожным днём усё таннейшых, рублёў. Вызначыцца з месцам, дзе вы будзеце знаходзіцца падчас страйку. І вядома ж, набыць шампанскае, каб урачыста адкаркаваць яго, калі ва ўсіх навінах пачуеце галоўнае: «Рэжым упаў!»
Гэта будзе самы шчаслівы момант у жыцці мільёнаў беларусаў. Калі больш чым 3000 незаконна асуджаных у адно імгненне выйдуць на свабоду. Калі на межах утворацца чэргі з людзей, якія едуць нарэшце абняць сваіх блізкіх. Калі вуліцы напоўняцца нашымі сцягамі з «Пагоняй».
Я ўпэўнены, што для беларусаў гэта будзе свята, якое можна супаставіць маштабам з карнавалам у Рыа.
І так, працоўныя: дыягназ пастаўлены – страйкавая тэрапія прапісаная. Час узяць нашы «скальпелі» ў выглядзе гаечных ключоў і пачаць аперацыю «страйк». Пацыента Лукашэнку чакае ўціхамірвальная кашуля, бо страйк у нас будзе паспяховы. Тое, што доктар прапісаў.
Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для тэлеграм-канала «Баста!»