28 кастрычнiка 2021, Чацвер, 17:49
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: У Беларусі наспявае дэфіцыт валюты і паскораная дэвальвацыя рубля

15
Эканаміст: У Беларусі наспявае дэфіцыт валюты і паскораная дэвальвацыя рубля

Улады трапілі ў складаную сітуацыю.

10 чэрвеня Еўрапейскі парламент ухваліў рэзалюцыю датычна Беларусі, у якой, акрамя палітычных заяваў, гаворка ідзе і пра сектаральныя эканамічныя санкцыі.

Учора сталі вядомыя самыя гучныя прозвішчы з новага санкцыйнага спісу Еўразвязу. Сярод іх – бізнэсмэны з блізкага кола Лукашэнкі, якія займаюцца экспартам паліва і каліем.

Таксама ўчора Еўразвяз узгадніў пакет жорсткіх эканамічных санкцый, якія адрэжуць рэжым Лукашэнкі ад прыбыткаў у цвёрдай замежнай валюце. Еўропа забароніць набыццё ў Беларусі нафты, нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў. У пакет санкцый таксама ўвойдуць абмежаванні на фінансавы сектар – забарона на крэдыты, аперацыі з каштоўнымі паперамі і інвестыцыйныя паслугі. З'явіўся і канкрэтны спіс беларускіх кампаній, якія трапяць пад новыя санкцыі ЕЗ.

Сайт Charter97.org пагутарыў з доктарам эканамічных навук, прафесарам Барысам Жалібам пра тое, як санкцыі адаб'юцца на беларускай эканоміцы.

– Як адаб'юцца на прыбытках бюджэту санкцыі супраць галоўных экспартных галінаў і фінансавага сектару?

– Адаб'юцца адмоўна, праўда, гэта будзе не адразу. Усякія такія экспартныя і эканамічныя сістэмы даволі інэрцыйныя. Персанальныя санкцыі супраць вядомых бізнэсмэнаў, напрыклад Алексіна або Зайцава, працуюць не толькі супраць іх, але і супраць кампаній, якія яны ўзначальваюць. Такія санкцыі будуць паступова, скажам так, прыгнятаць дзейнасць гэтых арганізацый.

Самае небяспечнае для рэжыму – гэта так званыя сектаральныя санкцыі супраць экспартных пазіцый. Гэта нафтапрадукты, у першую чаргу «Нафтан», калійныя ўгнаенні – «Беларуськалій», а таксама «Гродна Азот». Для гэтых прадпрыемстваў санкцыі будуць найбольш адчувальныя, калі яны будуць уведзеныя.

Пасля таго як санкцыі пачнуць дзеянне, яны ўдараць па экспарце. Хоць «прэм'ер-міністр» Галоўчанка заявіў, што яны налічылі не больш за 3% стратаў ВУП і яны нібыта могуць неяк пераарыентаваць плыні беларускіх нафтапрадуктаў і ўгнаенняў, якія ідуць у Еўразвяз, на ўсход. Аднак гэта лёгка сказаць і цяжка зрабіць.

Ва ўладаў могуць быць страты ад скарачэння экспарту, які цяпер добра выглядае. У першую чаргу пацерпіць валютная выручка. Калі пачнецца адчувацца дэфіцыт валюты, якога ў нас няма (але мы можам убачыць праз 2-3 месяцы), то гэта створыць напружанне на валютным рынку, попыце на валюту і гэтак далей. Калійныя ўгнаенні ў нас набываюць тры асноўныя дзяржавы – Кітай, Індыя і Бразілія. Зноў-такі тут яшчэ гуляюць і амерыканскія санкцыі, якія маюць другасны чыннік. Яны дзейнічаюць супраць любых партнёраў, якія набываюць нашу прадукцыю. Гэта таксама можа прывесці да скарачэння экспарту.

Першае, што мы ўбачым, як індыкатар – гэта паскораная дэвальвацыя беларускага рубля. Калі гэта наступіць, то трэба разумець, што гэта вынік дзеяння гэтых санкцый.

Датычна бюджэту як гэта пройдзе? Бюджэт атрымлівае прыбыткі ад знешнеэканамічнай дзейнасці. У першую чаргу гэта мыты ад нашых угнаенняў, нафты і нафтапрадуктаў. Гэта азначае, што бюджэт не будзе даатрымліваць прыбытак. А колькі ў нас бюджэтнікаў у краіне? Гэта і лекары, і настаўнікі, і чыноўнікі, і сілавікі. Вядома, тут пачнуцца праблемы. Як у нас гэта заўсёды гэта бывае, пацерпяць не чыноўнікі, а лекары і настаўнікі.

– Да якіх яшчэ наступстваў могуць прывесці новыя санкцыі ад ЕЗ, калі браць да ўвагі, што яшчэ ёсць абмежаванні ад ЗША супраць прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім»?

– Я чытаў, што яны і ў тэрмінах супадуць, то-бок амерыканцы таксама нешта яшчэ дададуць 23–24 чэрвеня. Ужо ёсць першыя прыкметы наступстваў, некаторыя банкі адмаўляюцца праводзіць даляравыя разлікі, парты ў Балтыйскім моры не хочуць прымаць грузы, накіраваныя ў Беларусь, і гэтак далей. Калі санкцыі будуць мець другасныя дзеянні, то могуць ударыць і па даляравых разліках. Вядома, амерыканцы могуць дадаць нешта яшчэ. Я думаю, што паветраная блакада ў найбліжэйшы час таксама захаваецца, якая прыносіць страты. Як гаворыцца, для беларускай эканомікі гэта не пройдзе без следу.

– Многія эксперты адзначаюць, што галоўным прадпрыемствам давядзецца працаваць на склад праз санкцыі. А што будзе потым, калі склад будзе поўны?

– Нашы склады як бы беспамерныя, таму што хтосьці з чыноўнікаў у эканоміцы заявіў, што ўсё добра, склады разгружаюцца, але яны ў нас заўсёды былі са звышнарматыўнай рэштай. За агульную норму ўважаецца, што на складзе павінна ляжаць не больш за 50% прадукцыі месячнага выпуску канкрэтнага прадпрыемства. У нас гэтыя нарматывы заўсёды былі, так бы мовіць, перавышаныя. Наколькі я ведаю, ляжала і 60%, і больш у апошні час. Як яны будуць разгружаць – паглядзім з статыстыкі.

Вядома, капітал будзе замарожвацца, што парушыць колазварот, замарудзіць яго. Гэта зноў жа выкліча падзенне выручкі і заробкаў. Перспектывы, як той казаў, вядомыя. Мы ўжо праходзілі. Напрыклад, наша лёгкая прамысловасць умее затаварвацца на шмат месяцаў, а часам на год і больш у залежнасці ад галіны. У іх прадукцыя не хутка псуецца – адзенне, абутак і гэтак далей. Калі хуткапсавальная прадукцыя, то ўсё нашмат горш.

– У рэзалюцыі ЕЗ таксама ішла размова і пра адключэнне беларускіх банкаў ад SWIFT. Наколькі гэта будзе моцны ўдар па эканоміцы краіны?

– Вы ведаеце, большасць экспертаў, да якіх я далучаюся, кажуць, што такога не будзе. У свеце былі толькі два такія выпадкі – Іран і Паўночная Карэя. Вядома, «спяцы» ад улады прадумваюць, як жыць без SWIFT. Ёсць заявы, што мы будзем рабіць разлікі праз расейскія банкі, неяк трэба сыходзіць ад міжнародных картачных сістэмаў разлікаў, але, напэўна, у кожнага ёсць VISA або Mastercard. Гэта не спыніць эканоміку, але адаб'ецца на хуткасці разлікаў. Як нядаўна заявіў экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч: «разлікі будуць праводзіцца, але яны будуць праводзіцца вельмі павольна». Калі SWIFT дае вынікі праз хвіліны, то без яго яны будуць ісці тыднямі. Гэта пагоршыць стан эканомікі і прадпрыемстваў.

– Як эканамічныя санкцыі могуць адбіцца на фінансах краіны, курсе рубля і прыбытках насельніцтва? Ці можа гэта ўзмацніць незадаволенасць людзей уладай?

– Вядома можа. Я паўтаруся, многія думаюць, што санкцыі недзе там, супраць канкрэтных прадпрыемстваў, толькі ў іх горш стане. Эканоміка ўзаемазвязаная і ўзаемазалежная. Нам пагражае паніжэнне і так невысокага ўзроўню жыцця ў насельніцтва, гэта факт. Перамены закрануць усіх і кожнага.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».