6 траўня 2024, панядзелак, 14:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гульня тронаў у ВКЛ: чаму ўзвысіўся Ягайла

1
Гульня тронаў у ВКЛ: чаму ўзвысіўся Ягайла

Шлях сына Альгерда да дзвюх карон быў няпростым.

У гады праўлення вялікага князя літоўскага Альгерда ў Літве ўтварылася двоеўладдзе. Віленская палова княства была ў ягоным падначаленні, Трокская частка належала Кейстуту, брату Альгерда. Браты падзялілі паміж сабой і кірункі вядзення замежнай ваеннай палітыкі, піша «Литвин».

Суправіцель Кейстут спаборнічаў з Тэўтонскім ордэнам і палякамі, а сам Альгерд на ўсходніх і паўднёвых кірунках супрацьстаяў маскоўцам і татарам. У той жа час паходы літвінаў на Маскву хутчэй прадстаўлялі толькі спробу прадэманстраваць сваю сілу, бо на рашучае змаганне Вялікае Княства Літоўскае наважыцца не магло.

ЯГАЙЛА Ў ПОЛЬСКІМ ЖЫВАПІСЕ

Сур'ёзная, вялікая вайна на маскоўскім накірунку магла значна аслабіць заходнія межы дзяржавы, якія раз-пораз зазнавалі напады з боку крыжакоў.

Ягайла, сын Альгерда, уступіў на прастол пасля смерці бацькі ў 1377 годзе. Такая пастанова нябожчыка выклікала вялікую незадаволенасць у Літве, бо сваю Віленскую частку княства ён перадаў не свайму старэйшаму сыну, як гэта патрабавалася паводле ўстаноўленых правіл, а любімаму Ягайлу, сыну ад другога шлюбу.

КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ КЕЙСТУТ

Заняўшы бацькава месца на троне, Ягайла неўзабаве зразумеў, якія няўстойлівыя ягоныя пазіцыі. Адзін за адным рушылі ўслед канфлікты з яго братамі, якія не вельмі прымалі новую ўладу і імкнуліся хутчэй аддзяліцца ад новага вялікага князя. Акрамя таго, старэйшы брат Ягайлы - Андрэй, княжыў у Полацку і меркаваў, што карона павінна знаходзіцца менавіта на яго галаве.

Аднак, самым сур'ёзным спаборнікам маладога Ягайлы стаў ягоны дзядзька Кейстут. Бо ён кіраваў паловай літоўскіх зямель і паловай войска, таму з пазіцыі перавагі ва ўзросце і жыццёвага досведу зусім не ўважаў за патрэбнае падпарадкоўвацца загадам свайго пляменніка. Такім чынам, паміж Кейстутам і Ягайлам пачалася вострая варожасць.

Ягайла не адважваўся выступіць адкрыта супраць свайго дзядзькі. Жаданне аднаасобна кіраваць Вялікім Княствам Літоўскім падштурхнула яго на змову з крыжакамі. За абяцаныя землі Жмуйды Тэўтонскі ордэн уварваўся на тэрыторыі, якія знаходзіліся ў падпарадкаванні Кейстута, але пры гэтым не крануў Віленскія зямлі. У сваю чаргу, адбіўшы напады немцаў, Кейстут захапіў Вільню і ўзяў пад варту Ягайлу. Захоплены пляменнік быў скінуты з трона і прызначаны ўдзельным князем у Крэве.

Гэта адбылося ў 1381 годзе. А праз год Ягайла здолеў аднавіць сувязь з ордэнам. Узаемныя напады адзін на аднаго крыжакоў і літвінаў не спыняліся. У адным супрацьстаянні войска Ягайлы разам з крыжакамі пад Трокамі сустрэлася з войскам Кейстута. Малады князь не стаў уступаць у сутычку, бо задумаў расправіцца са сваім ворагам хітрасцю.

СКУЛЬПТУРНЫ ПАРТРЭТ КНЯЗЯ ЯГАЙЛЫ, ЯКІ СТАЎ КАРАЛЁМ ПОЛЬШЧЫ

Прапанаваўшы дзядзьку прыступіць да мірных перамоў, Ягайла паабяцаў яму поўную бяспеку, пасля чаго абодва бакі накіраваліся ў Вільню. А вось войска Кейстута засталося чакаць заканчэння перамоў на месцы.

У Вільні вядома ж, ніякіх перамоваў не адбылося. Кейстута закавалі ў кайданы, перавезлі ў Крэва і саслалі ў вязніцу. Да яго воінаў накіравалі ганца, які нібыта ад імя камандуючага зачытаў указ аб роспуску войска. Між тым пятая ноч знаходжання Кейстута ў вязніцы стала для яго апошняй. У прысутнасці каменданта замка ён быў задушаны. Датуль яму споўнілася ўжо 85 гадоў. Так маладосць абхітрыла досвед.

Ягайла аддаў загад даставіць цела дзядзькі ў Вільню, дзе пахаваў яго з высокімі ўшанаваннямі. Цяпер ужо ніхто не мог перашкодзіць Ягайлу вярнуць сабе тытул вялікага князя. Праз некалькі гадоў ён прыняў каталіцтва і ўжо пад імем Уладзіслаў ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай. Лёс яшчэ рыхтаваў яму трон польскага караля, на якім ён знаходзіўся да самай смерці ў 1434 годзе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках