Памёр аўтар беларускага буквара Анатоль Клышка
4- 14.04.2021, 21:37
- 5,622
16 красавіка яму споўнілася б 86 гадоў.
Памёр беларускі празаік, аўтар чытанкі, пропісаў і кніг для дзяцей Анатоль Клышка. Пра гэта паведаміў літаратар Міхась Скобла.
– Пакінуў гэты свет Анатоль Клышка, паводле чыйго Буквара вучыліся мільёны беларусаў. Той Буквар (найвыдатнейшы!) стаў ці не самай тыражнай беларускай кнігай. У час майго школьніцтва ягоны разавы наклад даходзіў да 150.000 асобнікаў. 37 гадоў прайшло-прамільгнула, а я і сёння памятаю і ўсе малюнкі буквароўскія, і ўсе тэксты, – напісаў Скобла на сваёй старонцы ў Facebook.
Анатоль Клышка нарадзіўся 16 красавіка 1935 года ў вёсцы Данейка (цяпер – Баранавіцкі раён Берасцейскай вобласці). Вучыўся ў Навагрудскай педагагічнай вучэльні. У 1958 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў карэктарам у наваградскай гарадской газеце «Звязда», адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Фізкультурнік Беларусі», у рэдакцыі часопіса «Полымя», у рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва».
У 1950 годзе ў наваградскай газеце былі надрукаваныя ягоныя першыя вершы. У 1960 годзе стаў сябрам Саюза пісьменнікаў СССР.
У 1968 годзе Анатоль Клышка стварыў свой буквар. Падручнік перамог на кніжных выставах СССР і атрымаў залаты медаль Міжнароднай Лейпцыгскай выставы ў 1977 годзе. У 1999 годзе ягоны буквар стаў «Падручнікам года». Але Клышка таксама аўтар чытанак на польскай і расейскай мовах. Ягоны польскі буквар у 2004 годзе на выставе ў Франкфурце-на-Майне вызначаны найлепшым падручнікам года.
Методыка Клышкі ўважаецца за ўнікальную, пры стварэнні падручніка аўтар вывучыў больш за 500 буквароў розных краінаў на розных мовах.
Клышка перакладаў з польскай мовы, нямецкай, лацінскай, украінскай і іншых моваў. Ён пераклаў на беларускую Новы Запавет.
Быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, Літаратурнай прэміяй імя Васіля Віткі. Меў званне «Заслужаны работнік культуры БССР».