26 красавiка 2024, Пятніца, 18:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы павінны патрабаваць спынення ўсіх бізнэс-стасункаў з «партманэтамі» Лукашэнкі

32
Мы павінны патрабаваць спынення ўсіх бізнэс-стасункаў з «партманэтамі» Лукашэнкі
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Рэжым спыняць толькі жорсткія санкцыі.

Сайт грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» апублікаваў зварот лідара кампаніі, кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава да суайчыннікаў:

- Дарагія суайчыннікі, дарагія беларусы!

Хачу падзяліцца сваімі трывогамі і звярнуцца па дапамогу.

Шмат было размоў, што 22 лютага Еўразвяз ушчыльную зоймецца чацвёртым пакетам санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Пасля з'яўлення гэтай інфармацыі прыкметна саслаблі публічныя патрабаванні беларусаў аб увядзенні санкцый, пра неабходнасць іх пашырэння. Прыкметна больш з'явілася ў медыях разнастайных разваг пра тое, што санкцыі не вельмі працуюць.

У выніку мы маем чарговы здзек з боку Брусэля. Ніякага чацвёртага пакета, ніякага пашырэння санкцый не адбылося. Была прынятая чыста тэхнічная пастанова падоўжыць існыя санкцыі на год, якую нам спрабуюць выдаць за меры аб узмацненні санкцый.

На фоне поўнага азвярэння рэжыму ў Беларусі гэта нават не насмешка, гэта абраза беларускага народа і недвухсэнсоўная падтрымка рэжыму і звар'яцелага дыктатара.

Сённяшнія санкцыі супраць Беларусі толькі паводле колькасці асоб у спісе злачынцаў - утрая меншыя, чым у 2011 годзе.

Я магу дакладна сказаць, чаму такая склалася сітуацыя: таму што з нашага боку няма цвёрдых і адназначных патрабаванняў аб увядзенні ўсіх тыпаў санкцый: фінансавых, эканамічных, гандлёвых і персанальных.

У Еўропе стае прыхільнікаў «рэалпалітык», якія гатовыя займацца бізнэсам з усімі дыктатарамі, і якія для гэтага шукаюць слабыя ці карумпаваныя фігуры, каб выдаць іх меркаванне за меркаванне ўсёй апазіцыі і ўсяго народа. Гэта не здагадкі, гэта факты, з якімі мы, на жаль, не раз сутыкаліся. Выкарыстоўваюцца адны і тыя ж паскудныя прыёмчыкі, якія чамусьці ўвесь час спрацоўваюць, накшталт падмены пастаноў пра санкцыі проста ўкідванне інфармацыі, якая далей не пацвярджаецца.

Я не хачу нікога ні вінаваціць, ні падазраваць, я проста заклікаю ўсіх стаць на абарону гераічнага народа Беларусі.

Рэпрэсіі рэжыму не спыніць без паўнавартасных санкцый.

Палітвязняў не вызваліць без адзінай і жорсткай палітыкі Захаду.

Вельмі балюча бачыць, што адбываецца прывыканне Захаду да штодзённых рэпрэсій супраць мірных грамадзян у Беларусі.

Мы проста абавязаны дамагчыся спынення гвалту. І мы можам гэта зрабіць.

Сёння, як ніколі, у свеце моцная і з’яднаная беларуская дыяспара, да яе голасу сталі прыслухоўвацца палітыкі, грамадскія дзеячы.

Давайце патрабаваць выканання абавязацельстваў дэмакратычных дзяржаў аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод ва ўсім свеце.

Мы можам і павінны патрабаваць увядзення жорсткіх фінансавых, сектаральнай эканамічных, гандлёвых санкцый.

Мы можам і павінны патрабаваць спынення ўсіх бізнэс стасункаў з «партманэтамі» Лукашэнкі.

Мы можам і павінны патрабаваць адклікання амбасадараў дэмакратычных краін з Беларусі і адначасовай высылкі «амбасадараў» нелегітымнага рэжыму з дэмакратычных краін.

Мы можам і павінны патрабаваць санкцый супраць тых кампаній і асоб у дэмакратычных краінах, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі і не спынілі з ім бізнэс стасункі.

Мы можам і павінны заклікаць палітыкаў дэмакратычнага свету ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі.

У нас шмат сяброў сярод чальцоў урадаў і парламентарыяў дэмакратычных краін, міжнародных праваабарончых арганізацый, грамадскіх дзеячаў, дзеячаў культуры. Яны змогуць прыйсці да нас на дапамогу, калі пачуюць наш голас.

Усё гэта мы павінны патрабаваць для таго, каб выратаваць жыццё людзей, і каб абараніць свабоду і незалежнасць Беларусі, і мы зможам усе разам гэтага дамагчыся.

Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках