26 красавiка 2024, Пятніца, 11:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падаткавікі падрабязна распавялі аб новым транспартным падатку

19
Падаткавікі падрабязна распавялі аб новым транспартным падатку

За дзень беларусы здымаюць з рэгістрацыі практычна тысячу транспартных сродкаў.

Колькі грошай плануецца сабраць з беларускіх аўтамабілістаў, якія з гэтага года вымушаныя аплачваць транспартны падатак, куды пойдуць гэтыя сродкі і што будзе тым, хто не заплаціць, а таксама пра тое, колькі аўто здымаюць з уліку кожны дзень і колькі гэта каштуе, – распавялі на сённяшняй прэс-канферэнцыі Міністэрства падаткаў і збораў. Пра гэта піша myfin.by.

Што адбылося?

З 1 студзеня 2021 года ў Беларусі ўведзены новы падатак - транспартны. Да гэтага ўсім аўтаўладальнікам для допуску да дарожнага руху неабходна было аплачваць дзяржаўны падатак (дарожны збор) і праходзіць тэхагляд, чаго многія не рабілі.

Цяпер, па-за залежнасцю ад таго, выкарыстоўваецца транспартны сродак (ТС) у дарожным руху або не, яго ўласнікам неабходна заплаціць транспартны падатак. Выключэнне дзейнічае па ТС, якія належаць да пэўных катэгорый дзяржаўных органаў, і транспартных сродкаў, знятых з уліку ў органах ДАІ. Стаўка транспартнага падатку фіксаваная, вылічаецца ў беларускіх рублях.

Калі плаціць?

Транспартны падатак за 2021 год будзе аплачвацца да 15 лістапада 2022 года. Пра гэта сёння заявіў начальнік Галоўнай управы падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства падаткаў і збораў Андрэй Кавалеўскі. Плаціць беларусы будуць на падставе паведамлення з падатковага органа.

«Але ў дачыненні да 2021 года ўведзеная асаблівасць – авансавая аплата па транспартным падатку. Аплачваць яго будуць тыя, у каго на 1 студзеня 2021 года адсутнічаў дазвол на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, паводле якога раней быў аплачаны дзяржпадатак. Гэтыя аплатнікі абавязаныя да 15 снежня 2021 года (на падставе паведамлення падатковага органа) заплаціць авансавую аплату ў транспартным падатку», – заявіў прадстаўнік МПЗ.

Колькі плаціць?

Стаўкі авансавай аплаты ў 2021 годзе фіксаваныя, і ва ўсіх выпадках складаюць 1 базавую адзінку, гэта значыць, 29 рублёў, а ў дачыненні да матацыклаў і прычэпаў – 20 рублёў.

Налета такія аплатнікі даплацяць транспартны падатак да агульнаўстаноўленых ставак.

Большасць уладальнікаў аўто заплаціць 61 рубель (для аўтамабіляў вагой, не большай за 1,5 тон), 81 рубель (для аўто вагой да 1,75 тоны) або 102 рублі (для транспартных сродкаў, чыя вага не перавышае 2 тон) транспартнага падатку за 2021 год.

Хто заплаціць?

Андрэй Кавалеўскі не змог назваць колькасць уласнікаў, якія заплацяць транспартны падатак, але распавёў, што ў 2021 годзе, «паводле грубых ацэнак», авансавую аплату заплацяць «не менш за 2 млн фізічных асоб». Многія (а такіх нямала, бо спіс ільготнікаў даволі шырокі), будуць плаціць ад 25 да 50% гадавога збору.

Куды пойдуць сродкі ад транспартнага падатку?

«Яны павінны залічвацца ў Рэспубліканскі дарожны фонд. Але гэта (размеркаванне сродкаў) – кампетэнцыя Міністэрства фінансаў», - заявіў Андрэй Кавалеўскі.

Чым пагражае нявыплата?

«Падатковыя органы будуць спаганяць пеню і могуць налічваць штрафы за нявыплату транспартнага падатку. Але падатковыя органы імкнуцца працаваць на папярэджанне падатковых парушэнняў і імкнуцца давесці да кожнага аплатніка неабходнасць своечасовай выплаты ўсіх падаткаў, у тым ліку транспартнага. У выпадку нявыплаты падатку грошы будуць спагнаныя праз службу прымусовага выканання», - заявіў Кавалеўскі.

Каго падатак не закране?

Тыя, чые аўто выпушчаныя да 1992 года, падатак не будуць плаціць зусім. І такіх, як распавёў першы намеснік начальніка Галоўнай управы ДАІ МАБ МУС Вадзім Гаркун, даволі шмат. Паводле звестак Дзяржаўтаінспекцыі блізу траціны зарэгістраваных на 1 студзеня аўтамабіляў былі выпушчаныя да 1 студзеня 1992 года.

Не будуць плаціць падатак і ўладальнікі электрамабіляў - ім нададзеная льгота да 31 снежня 2025 года, а таксама інваліды, на чые ТС усталяванае адпаведнае абсталяванне.

Яшчэ адна катэгорыя, якая не падпадае пад выплату падатку – гэта ўладальнікі транспартных сродкаў, якія будуць знятыя з уліку да 1 ліпеня 2021 года. І такіх з кожным днём становіцца ўсё больш:

«За дзень практычна тысяча транспартных сродкаў здымаецца з рэгістрацыі ў сувязі з утылізацыяй»

Іх было б больш, бо амаль траціна зарэгістраваных у ДАІ аўтамабіляў - гэта аўто савецкіх часоў. Але яны не падпадаюць пад новы падатак.

Колькі каштуе зняць аўто з уліку «на ўтылізацыю»?

Адной з прычын такога абвальнага росту колькасці ахвотных зняць свайго жалезнага каня з уліку - увядзенне ДАІ з 1 сакавіка спрошчанай схемы зняцця з уліку аўтамабіляў у сувязі з іх утылізацыяй, - цяпер гэта робіцца паводле заяўнага прынцыпу.

Плата за гэта невялікая - усяго 1,5 рубля за кампутарныя паслугі.

«Уладальнік ТС, якіе фізічна страціў свае ўласцівасці і не можа даць рэгістрацыйныя знакі і дакументы на аўто, звяртаецца ў ДАІ з заявай, мы праводзім са свайго боку праверку, устанаўліваючы факт не эксплуатацыі ТС у перыяд 3 гадоў да падачы моманту заявы, і здымаем яго з уліку. Без падачы дадатковых дакументаў», - заявіў Вадзім Гаркун.

Ці давядзецца плаціць, калі пройдзены тэхагляд?

«За тыя ТС, якія прайшлі тэхагляд, і ўладальнікі якіх заплацілі дзяржпадатак, транспартны падатак будзе вылічацца толькі пасля заканчэння тэрміну дзеяння такога допуску і прапарцыйна пакінутаму да заканчэння года часу», - заявіў Андрэй Кавалеўскі.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках