26 красавiка 2024, Пятніца, 18:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: Лета даўжэе і да канца стагоддзя можа доўжыцца да паловы года

5
Навукоўцы: Лета даўжэе і да канца стагоддзя можа доўжыцца да паловы года

Даследаванне правялі навукоўцы з Кітая.

Летняе надвор'е да канца стагоддзя можа доўжыцца да паловы года праз змены клімату і глабальнае пацяпленне. Навукоўцы папярэджваюць, што гэта можа негатыўна паўплываць на наша здароўе, навакольнае асяроддзе і сельскую гаспадарку.

Даследаванне правялі навукоўцы з Кітая і апублікавалі яго ў амерыканскім навуковым часопісе Geophysical Research and Letters, паведамляе hromadske.ua.

Яны высветлілі, што прыкладна за 60 апошніх гадоў працягласць лета павялічылася ў сярэднім на 17 дзён ва ўсім свеце. Гэты час года становіцца больш гарачым, і адначасова зіма скарачаецца праз глабальнае пацяпленне.

І хоць доўгае лета на першы погляд можа здацца станоўчай навіной, навукоўцы кажуць, што не ўсё так адназначна. Хвалі спёкі могуць стаць болей працяглымі, хваробы, якія перадаюцца камарамі, пачнуць хутчэй распаўсюджвацца, даўжэй будзе доўжыцца сезон алергіі на пылок і вегетацыйны перыяд сельскагаспадарчых культур.

Змены ўжо адбыліся

Навукоўцы падлічылі, што за перыяд з 1952-га да 2011-а года працягласць лета павялічылася з 78 да 95 дзён, а працягласць вясны, восені і зімы паменшылася з 124 да 115, з 87 да 82 і з 76 да 73 дзён адпаведна.

У большасці рэгіёнаў Паўночнага паўшар'я лета ўжо стала больш доўгім, але ў Міжземнаморскім рэгіёне яно павялічваецца больш чым на восем дзён за 10 гадоў з 1950-х гадоў. З цягам часу гэтыя лічбы становяцца значнымі.

Паводле даследавання, калі чалавецтва нічога не зробіць дзеля змякчэння парніковых выкідаў, каб запаволіць наступствы змены клімату, то да канца 21 стагоддзя лета можа доўжыцца да паўгода. Вясна і лета будуць пачынацца прыкладна на месяц раней, чым у 2011 годзе, а восень і зіма - на паўмесяца пазней.

Пра наступствы

Акрамя пацяплення і змены пор года, гэта значна паўплывае і на жыццё чалавецтва. У сельскай гаспадарцы пачатак вясны на месяц раней можа азначаць катастрафічныя страты ўраджаю. Больш ранні пачатак пераходнага сезона можа прывесці да больш рэзкага пахаладання пасля вясновага распускання пупышак.

«Для раёнаў з мусоннымі дажджамі змена сезонаў можа змяніць час мусонаў. Гэта азначае, што характар мусонных дажджоў таксама зменіцца. Такія змены могуць не сінхранізавацца з ростам ураджаю», - распавядаюць аўтары даследавання CNN.

Экспэрты адзначаюць, што гэта можа таксама абмежаваць тыпы культур, стымуляваць рост пустазелля або павялічыць патрэбу ў арашэнні. Працяглы вегетацыйны перыяд раслін можа таксама парушыць функцыю і структуру экасістэм рэгіёну і, да прыкладу, змяніць арэал пражывання і віды жывёл.

Расліны таксама пачнуць больш актыўна і больш вырабляць пылок, што нашкодзіць алергікам.

Акрамя таго, змена клімату паўплывае на лясныя пажары і анамальную спякоту, верагодна, павялічыўшы іх частату.

У справаздачы таксама ўспамінаюць пра камароў, якія падчас працяглага лета ў высокіх шыротах змогуць лягчэй і больш актыўна пераносіць хваробы.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках