27 красавiка 2024, Субота, 5:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байдэн правёў сваю першую ваенную аперацыю: што азначае авіяўдар ЗША ў Сірыі

3
Байдэн правёў сваю першую ваенную аперацыю: што азначае авіяўдар ЗША ў Сірыі
ДЖО БАЙДЭН
ФОТА: ALEX BRANDON0/POOL VIA REUTERS

Навошта патрэбна была гэтая аперацыя і як яе ацэньваюць.

«Новое время» распавядае галоўнае пра тое, дзе, як і навошта была праведзеная гэта аперацыя.

Авіяўдар ЗША па базе баевікоў у Сірыі: што адбылося

У ноч на 26 лютага (блізу 02:00 паводле менскага часу) вайскова-паветраныя сілы ЗША нанеслі серыю ўдараў па неафіцыйным «памежным пункце» на ўсходняй мяжы Сірыі з Іракам. Паводле інфармацыі Пентагона, групы баевікоў выкарыстоўвалі яго для кантрабанды зброі і перамяшчэння паміж дзвюма краінамі.

Як удакладняе New York Times, на групу будынкаў скінулі сем 500-фунтовых авіябомбаў. Прадстаўнік Пентагона Джон Кірбі пацвердзіў, што напад адбыўся «на загад прэзідэнта ЗША Джо Байдэна», а ў выніку ўдару сілы ЗША знішчылі некалькі аб'ектаў, якія выкарыстоўваюцца баевікамі.

Сірыйская назіральная рада ў правах чалавека (SOHR) заявіла, што ў выніку налёту загінулі 17 байцоў праіранскіх узброеных фармаванняў, але гэтыя звесткі ўважаюцца за не пацверджаныя.

У Пентагоне і Белым доме проста заяўляюць, што ўдар стаў адказам на нядаўнюю серыю нападаў баевікоў у Іраку, падчас якіх пацярпелі ў тым ліку грамадзяне ЗША.

Удар быў нанесены максімальна блізка да мяжы з Іракам, але ўсё ж на тэрыторыі Сірыі - «каб пазбегнуць дыпламатычнай рэакцыі ў адказ з боку іракскага ўрада», удакладняе NYT.

«Аперацыя дае недвухсэнсоўны сігнал: прэзідэнт Байдэн будзе дзейнічаць, каб абараніць асабісты склад [войскаў] ЗША і кааліцыі», - заявіў Джон Кірбі, назваўшы авіяналёт «суразмерным ваенным адказам». Ён таксама ўдакладніў, што ЗША правялі дыпламатычныя кансультацыі з партнёрамі па кааліцыі, перш чым ажыццявіць атаку.

Пазней атаку пракаментаваў кіраўнік Пентагона Лойд Осцін: з ягоных слоў, удар быў нанесены на аснове выведзвестак іракскага боку і ЗША ўпэўненыя ў дакладным пападанні ў цэль.

«Мы ўпэўненыя ў цэлі, якую мы адсочвалі, і мы ведаем, па чым нанеслі ўдар, - заявіў Осцін. - Мы ўпэўненыя, што цэль выкарыстоўвалася тым жа самым шыіцкім апалчэннем, якое нанесла ўдары [раней у Іраку]».

Гаворка ідзе пра групоўкі Катаіб Саід аль-Шухада і Катаіб Хезбала (уважаецца за тэрарыстычную ў ЗША), падтрымку якім надае Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (Іран).

Серыя антыамерыканскіх нападаў у Іраку: перадумовы для першай аперацыі Байдэна

Атакі, пра якія згадваюць вайсковыя чыноўнікі ЗША, адбыліся цягам апошніх тыдняў.

16 лютага ракетны абстрэл зазнаў горад Арбіл у Іраку (населены пераважна курдамі). У выніку былі параненыя шэсць чалавек, у тым ліку вайсковец ЗША і чацвёра амерыканцаў, якія працавалі па кантракце. Яшчэ адзін чалавек загінуў - падрадчык-кантрактнік з Філіпінаў.

Удар быў нанесены непадалёк ад мясцовага аэрапорта, каля якога размешчаная вайсковая база ЗША. Пацярпелі таксама будынкі ў жылых кварталах.

Адказнасць за напад узяла на сябе малавядомая арганізацыя Сарая Аўлія аль-Дам, якая раней ужо атакавала амерыканскія сілы ў Іраку (у жніўні 2020 года). У ЗША ўважаюць гэтую групоўку за прыкрыццё для больш вядомых шыіцкіх ваенізаваных арганізацый.

А 22 лютага была абстраляная зялёная зона Багдаду - дыпламатычны раён, дзе знаходзіцца ў тым ліку і пасольства ЗША. Пацярпелых у гэтым нападзе не было.

Пасля гэтых нападаў прадстаўнік Пентагона Джон Кірбі заявіў, што ў ЗША даследуюць іх магчымую ўзаемасувязь і не будуць абвяшчаць аб захадах у адказ да заканчэння расследавання.

24 лютага Джо Байдэн абмеркаваў ракетныя абстрэлы падчас тэлефоннай размовы з прэм'ер-міністрам Ірака Мустафой аль-Кадхімі. Палітыкі прыйшлі да згоды, «што вінаватыя ў гэтых нападах павінны панесці поўную адказнасць», гаварылася ў заяве Белага дома пасля размовы Байдэна з аль-Кадхімі.

Навошта патрэбная была гэтая аперацыя і як яе ацэньваюць

Пентагон прапаноўваў Джо Байдэну найбуйнейшыя цэлі для нападу 26 лютага ў Сірыі, але прэзідэнт ЗША ў выніку зацвердзіў «менш агрэсіўны варыянт», паведамляе NYT са спасылкай на крыніцы ў афіцыйных колах. Крыніцы Reuters пацвярджаюць, што на цяперашнім этапе Белы дом не хацеў бы справакаваць больш шырокі канфлікт у рэгіёне.

Галоўнай мэтай удару спікер Пентагона Джон Кірбі назваў імкненне адміністрацыі ЗША «знізіць агульную эскалацыю сітуацыі як ва ўсходняй Сірыі, так і ў Іраку».

Аднак ключавой палітычнай мэтай нападу экспэрты называюць Іран.

The Washigton Post нагадвае, што авіяўдар быў нанесены на фоне спробаў адміністрацыі Байдэна вярнуць Іран за стол перамоў і аднавіць ролю ядзернай угоды з Тэгеранам, з якой Вашынгтон выйшаў на пастанову Дональда Трампа.

«Іран, відавочна, пакуль адхіляе першыя спробы Байдэна аднавіць дыпламатычны кантакт, і на гэты момант Злучаныя Штаты застаюцца за рамкамі [ядзернага] пагаднення. Авіяўдар, відавочна, з'яўляецца часткай мэсэджа ЗША, адрасаванага Ірану - пра тое, што яму не ўдасца ўзмацніць свае рычагі ўплыву на перамовах праз атакі інтарэсаў ЗША», - піша WP.

Выданне таксама цытуе Білана Сааба, былога супрацоўніка Пентагона, а цяпер старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытута Блізкага Усходу. «Авіяўдар, наколькі я разумею, быў закліканы задаць тон [у дыялогу] з Тэгеранам і зменшыць яго завышаную самаўпэўненасць напярэдадні перамоваў», - мяркуе Сааб. На ягоную думку, ЗША наўрад ці захацелі б пачынаць усякія перамовы з Тэгеранам «з сіняком на твары пасля атакі ў Эрбілі» (дзе пацярпелі грамадзяне ЗША і амерыканскі вайсковец).

Такую пазіцыю агучыў NYT і Майкл Малрой, былы высокапастаўлены супрацоўнік Пентагона ў пытаннях палітыкі на Блізкім Усходзе. На ягоную думку, першы авіяўдар Байдэна ў Сірыі быў закліканы прадэманстраваць Ірану, што яму не ўдасца пазбегнуць адказнасці за напады на амерыканцаў, нават калі атакі ўчыняюцца апасродкавана, праз блізкіх да Ірану баевікоў у Іраку.

У ЗША пастанову Байдэна падтрымалі не толькі аднапартыйцы прэзідэнта, але і прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі.

Рэспубліканец Майкл МакКол, чалец камітэта ў замежных справах Палаты прадстаўнікоў ЗША, ухваліў нанясенне ўдару ў Сірыі. Такія крокі ён назваў «неабходным фактарам стрымлівання», які павінен нагадаць Ірану, «яго стаўленікам і нашым ворагам ва ўсім свеце», што напады на інтарэсы ЗША дапускацца не будуць.

А сенатар-рэспубліканец Марка Рубіё ахарактарызаваў авіяналёт у Сірыі як «прапарцыйны і неабходны» захад.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках