27 красавiка 2024, Субота, 6:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арцемій Троіцкі: Лукашэнка, як тонкая асіна, упадзе ад аднаго ўдару

18
Арцемій Троіцкі: Лукашэнка, як тонкая асіна, упадзе ад аднаго ўдару
Арцемій Троіцкі

Прыспешнікі тут жа кінуцца да самалётаў, верталётаў і джыпаў, каб уцячы за мяжу.

Вядомы расейскі журналіст і музычны крытык Арцемій Троіцкі, які жыве цяпер у Эстоніі, у інтэрв'ю Charter97.org параўнаў аўтарытарныя рэжымы Лукашэнкі і Пуціна і даў аптымістычны прагноз наконт дэмантажу незаконнай улады ў Беларусі.

– Вы бераце ўдзел у працы Фонду культурнай салідарнасці з Беларуссю. У чым значэнне культурнага пратэсту для рэвалюцыйных працэсаў у нашай краіне? Як дзейнасць Фонду і іншыя культурныя ініцыятывы могуць аслабіць рэжым Лукашэнкі?

- Я апынуўся на арбіце Фонду культурнай салідарнасці, бо ў нас, у Таліне, вельмі актыўная дыяспара. Апроч палітычных акцый салідарнасці, тут ладзяць і культурныя мерапрыемствы – ужо было некалькі выставаў беларускага сучаснага мастацтва, а таксама некалькі канцэртаў і тэатральных паказаў.

Цяпер мы спрабуем прывезці ў Талін экспазіцыю Уладзіміра Цэслера. Увогуле, дзейнасць беларускай дыяспары тут актыўная, ёсць чым пахваліцца. Народ запрашаў мяне на гэтыя акцыі - такім чынам я і пазнаёміўся з імі, і мы сталі размаўляць пра нейкія супольныя намаганні. Культура - гэта найважнейшая і, магчыма, найбольш прыемная частка ўсёй чалавечай цывілізацыі. Без культуры дзявацца няма куды.

Калі казаць пра падзеі ў Беларусі, то першае, што мяне ўзрушыла - неймаверная актыўнасць музыкаў у летнія і восеньскія месяцы 2020 года. Тады была напісаная, запісана і выкананая вялізная колькасць песень, прычым, самых розных жанраў. Гэта было чакана ад звычайных падазраваных тыпу панк-рокераў і рэпераў, але там былі і артысты класічнага жанру, і эстрадныя, і тыя, хто выконвае народную музыку. Такога я не прыгадаю, каб было абсалютна ўсё.

Я ніколі не назіраў такога ў Расеі, каб поп-гурты, якім месца на «Еўравізіі», выконвалі песні пратэсту. Зусім неймаверная для Расеі рэч. Мне падалося, што гэта магутная грань усяго пратэстнага руху.

Наколькі культура, прынамсі, музыка эфектыўная? Сказаць цяжка, бо з гітарамі выступаць супраць бронетранспарцёраў - не вельмі рэалістычны сцэнар, які, хутчэй за ўсё, скончыцца ахвярамі і болем. Аднак як сродак эмацыйнай падтрымкі пратэстоўцаў, згуртавання і яднанні нацыі, культура мае велізарнае, калі не вызначальнае значэнне. Культура таксама можа паслужыць справе міжнароднай салідарнасці з народам Беларусі.

Натуральна, па-беларуску мала хто гаворыць, а таксама мала хто з жыхароў Еўропы бываў у Беларусі. Менавіта культура можа стаць той мовай, якая дазволіць расказаць усяму свету пра тое, што такое Беларусь, цяперашні фашысцкі беларускі рэжым, пратэстны рух і гэтак далей. Дзеячы культуры расказваюць пра гэта даступнай мовай, гэта значыць, мовай песень, плакатаў, карцін і тэатральных пастановак. Я мяркую, што гэта ў значнай ступені ставіць Беларусь на глабальную культурную мапу.

- Як вы ацэньваеце сённяшнюю палітычную сітуацыю ў Расеі? У чым падабенства і адрозненне паміж рэжымамі ў Крамлі і Менску?

- Рэжымы ў Крамлі і Менску маюць вельмі шмат рыс падабенства. Напэўна, беларускі рэжым больш адыёзны і менш хітры, чым расейскі, таму Лукашэнка з'яўляецца 100% сусветным ізгоем. Наўрад ці хтосьці яго падтрымае, акрамя Паўночнай Карэі, Венесуэлы і яшчэ пары краін у свеце. Думаю, што нават кітайцы ўпадабаюць неяк хутчэй прамаўчаць, чым сказаць нешта добрае пра Лукашэнку. Абодва рэжымы жорсткія, аўтарытарныя, трымаюцца на беззаконні, рэпрэсіях - гэта цалкам відавочна.

Ёсць і невялікая розніца, якая настройвае мяне асабіста на значна больш аптымістычны лад, калі размова заходзіць пра Беларусь. Я ўжо казаў пра тое, што беларускі рэжым нагадвае такую тонкую асіну, а расейскі тоўсты баабаб. Беларускі рэжым вельмі персаніфікаваны, ён увесь упіраецца ў аднаго чалавека па імені Аляксандр Лукашэнка. Вакол Лукашэнкі ўвогуле незразумела, хто знаходзяцца.

Канешне, я думаю, што беларусы змогуць назваць некалькі прозвішчаў нейкіх найбліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі. Аднак гэта не такая гісторыя, як была з Гітлерам, дзе былі знакамітыя сатрапы – Гімлер, Рыбентроп, Гебельс і гэтак далей. Усіх гэтых хлопцаў потым павесілі ў Нюрнбергу. Наконт Лукашэнкі тут толькі застаецца развесці рукамі. У прынцыпе, усё ўпіраецца ў яго. Ніякіх больш яскравых асоб і магутных лідараў за ім няма. Раней яшчэ ішлі размовы пра яго тынэйджара-сыночка, але цяпер і пра сыночка нічога не чуваць.

Паколькі гэты рэжым настолькі тонкі, то ствараецца ўражанне, што ў прынцыпе аднаго ўдару па ствале гэтай асіны, гэта значыць, па Лукашэнку, увогуле, будзе дастаткова для таго, каб увесь гэты рэжым рассыпаўся, усе ягоныя паплечнікі тут жа кінуліся да самалётаў. верталётаў, джыпаў і ўцяклі на ўсходнюю мяжу, а народ уздыхнуў шырокімі грудзьмі.

У Расеі, на жаль, мне здаецца, такі сцэнар немагчымы. Па гэтым таўшчэзным баабабе можна біць колькі заўгодна - і будуць ламацца толькі асобныя галінкі. Нават калі сыдзе Пуцін, то ўсё адно гэтая велізарная карумпаваная сістэма застанецца, усе гэтыя вежы Крамля - войска, Следчы камітэт, пракуратура, МУС, алігархі, асабістыя сябры Пуціна. Гэтая сістэма мне падаецца больш жывучай, чым сістэма Лукашэнкі.

Мой прагноз аптымістычны і палягае ў тым, што калі не да канца гэтага года, то да канца наступнага года рэжым Лукашэнкі тым ці іншым чынам абрынецца. Я не думаю, што Расея будзе ў гэтую справу неяк асабліва ўмешвацца. Для Расеі будзе прынцыпова важна, каб тыя, хто прыйдуць пасля Лукашэнкі, былі лаяльныя да Масквы. Сам асабіста Лукашэнка, я думаю, Крамлю не асабліва патрэбен, гэта значыць, натуральна, ён класава блізкі, але чалавек ён, як вядома, шалёны, малапрадказальны, здольны да падманаў і парушэнняў дамоваў. Да таго ж ён занадта адыёзны ў вачах сусветнай грамадскасці.

Для Пуціна і Крамля адкрытая падтрымка Лукашэнкі таксама не надта выгадная. Так што, я думаю, Крэмль сапраўды паклапоціцца, каб новы ўрад быў не антыкрамлёўскім, але чапляцца за адну асобу, гэта значыць, рабіць усю стаўку на гэтага вусатага Таракана, у Маскве не будуць.

- І напраўду інфармацыйнае поле перыядычна скалынае інфармацыя аб супярэчнасцях паміж Пуціным і Лукашэнкам. На фоне частых выклікаў беларускага дыктатара ў Сочы, кіраўнік Крамля адмаўляецца ехаць у Менск на важныя для Лукашэнкі мерапрыемствы ў межах СНД і «саюзнай дзяржавы». Наколькі кіраўнік Беларусі стаў таксічным для Масквы і якія магчымыя сцэнары?

- Я думаю, што ён у меру таксічны. Калі ён быў бы рэальна невыносным для Масквы (як некаторыя нейкі час таму пісалі, што Пуцін моцна Лукашэнку не любіць і нават ненавідзіць), то ўжо, думаю, у сілах Пуціна было б паслаць пару батальёнаў спецназа да Дома ўрада ў Менску і так ці інакш адхіліць Лукашэнку ад улады ці нават ліквідаваць.

Дагэтуль Пуцін гэтага не зрабіў, нягледзячы на пэўную таксічнасць. Гэта сведчыць аб тым, што ў Крамлі Лукашэнку трываць могуць. Ёсць такая ангельская прыказка, што лепшы стары чорт, чым новы невядома хто. У гэтым сэнсе я думаю, што Крэмль не будзе прыкладаць ніякіх актыўных намаганняў для таго, каб Лукашэнку скінуць.

Я думаю, што расейскія аналітыкі цвяроза ацэньваюць шанцы Лукашэнкі. Яны цудоўна разумеюць, што ўвесь народ у Беларусі супраць Лукашэнкі і без матэрыяльнай падтрымкі Масквы яму канец. Таму я нават думаю, што ў Крамлі так ціха спадзяюцца, што сітуацыя развяжацца такім чынам, і ім важна, каб у патрэбны момант хуценька прасунуць сваіх людзей на кіроўныя пасады ў Беларусі.

- Як вы ацэньваеце пратэстны патэнцыял беларусаў на сёння?

- У Беларусі я быў даўно, напэўна, гады тры таму, таму мне цяжка сказаць. Каб казаць аб пратэстным патэнцыяле, трэба адштурхоўвацца ад настрояў і атмасферы ў грамадстве. Людзі прыгнечаныя, альбо яны поўныя энтузіязму, яны стаміліся ці поўныя энэргіі і гэтак далей. Не знаходзячыся ў Беларусі і не маючы стасункаў з гэтымі людзьмі, мне цяжка даваць нейкую ацэнку.

Вядома, я разумею, што настроі ў Беларусі, скажам так, змрочныя. На маю думку, шмат у чым гэта звязанае з тым, што людзі разумеюць: перамога ўжо была амаль у іх руках. У жніўні-верасні трэба было зрабіць адзін ці нават паўкроку для таго, каб даціснуць сітуацыю, калі ўлада была дэмаралізаваная, а Лукашэнка знаходзіўся ў істэрыцы.

На жаль, гэтыя паўкроку не былі зробленыя, таму ўсё адклалася ў доўгую скрыню. Вось гэтае пачуццё крыўднай паразы, калі перамога была амаль у руках, і дэмаралізуе людзей.

- Што б хацелі сказаць беларусам, якія і сёння не «склалі зброі» і прадаўжаюць барацьбу за перамены ў краіне?

– Я б сказаў, што ваша справа правільная, вы пераможаце, у гэтым сумневу няма. Гэта пытанне толькі часу, а не пытанне факту, які адбыўся. Так што ў гэтым сэнсе трэба быць аптымістамі. Я сам у гэтым стаўленні таксама 100% аптыміст.

Я б сказаў, што трэба атрымаць урокі з паражэнняў. Паразы павінны не толькі дэмаралізаваць, але і вучыць, і натхняць. Я думаю, што працытую рэвалюцыянера Леніна: «Трэба ісці іншым шляхам». Беларусы ўжо давялі, што мірны пратэст у іх атрымліваецца вельмі прыгожым, але не да канца эфектыўным, значыць, трэба думаць пра яшчэ нейкія спосабы супраціву рэжыму, якія прывядуць да яго падзення. Што гэта за спосабы? Гэта ўжо беларусам лепш відаць, тут я ніякіх рэцэптаў даць не магу, тым больш не будучы палітыкам.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках