З 1 лістапада ў Беларусі пачынаецца страйк
75- 25.10.2021, 13:19
- 103,508
Час прыйшоў!
Лідар Беларускага аб'яднання рабочых Сяргей Дылеўскі заклікаў беларусаў застацца дома з 1 лістапада. Відэа звароту было апублікаванае на YouTube-канале «Рэальная Беларусь».
«Добры дзень, свабодны народ Беларусі!
31 жніўня мы, Беларускае аб'яднанне рабочых, работнікі беларускіх прадпрыемстваў абвясцілі аб пачатку перадстрайкавага стану на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і выставілі нашы патрабаванні да «ўладаў».
Нашы патрабаванні падтрымалі сотні тысяч беларусаў, дзясяткі знакамітых людзей і арганізацый.
На сёння ніводнае з дзясяці патрабаванняў так званымі ўладамі не было выкананае. Больш за тое, мы бачым што выконваць гэтыя патрабаванні ўлады не збіраюцца.
Так больш прадаўжацца не можа. Пара рабочым узяць будучыню ў свае рукі. Мы не маем права цягнуць далей, пакуль нашы сваякі, сябры і паплечнікі сядзяць у турмах, пакуль нашы маці і сёстры, браты і бацькі гінуць у перапоўненых шпіталях ад каранавіруса.
Мы не можам проста глядзець як прыдуркаваты грамадзянін развальвае нашы прадпрыемствы і эканоміку краіны. Мы не можам дапусціць, каб нашу краіну прадалі, падпісаўшы інтэграцыйныя мапы!
Мы гатовыя змяніць нашу краіну, мы гатовыя сказаць «Годзе з нас здзекавацца», мы гатовыя ўбіць апошні цвік у вечка труны рэжыму!
Мы, Беларускае аб'яднанне рабочых, абвяшчаем пачатак агульнанацыянальнага страйку з 1 лістапада 2021 года! Мы спынім вытворчасці па ўсёй краіне, пакуль кожнае з дзясяці патрабаванняў не будзе выканана!
Сябры, гэта важны крок для кожнага з нас, і гэта самы важны крок для ўсёй краіны ў гісторыі сучаснай Беларусі! Спынім карміць рэжым, спынім хадзіць на працу! Застанёмся дома. Так мы абаронім нашу краіну, вернем у яе закон і справядлівасць. Толькі так мы абаронім сябе і сваіх блізкіх ад эпідэміі, якая абрынулася на наш дом.
Рэжым слабы і бездапаможны як ніколі, санкцыі дабіваюць луканоміку, яшчэ не набыўшы поўную моц! Але галоўная надзея на вас. Толькі разам мы вернем ўладу ў краіне народу!
1 лістапада не выходзім на працу! 1 лістапада пачнецца новая гісторыя нашай краіны! Разам і да перамогі!
Жыве Беларусь! Бастуй, Беларусь!» - заявіў Сяргей Дылеўскі.