19 красавiка 2024, Пятніца, 17:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Зліў» з Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі: апублікаваная сакрэтная база выпадкаў каранавіруса ў Менску за дзень

43
«Зліў» з Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі: апублікаваная сакрэтная база выпадкаў каранавіруса ў Менску за дзень

Пра што кажуць гэтыя лічбы?

З сайтам zerkalo.io звязаўся супрацоўнік сістэмы аховы здароўя з Менска. Ён перадаў рэдакцыі дакумент, у якім сабраны экстраныя паведамленні аб станоўчых тэстах на COVID-19, якія паступілі ў цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Менску.

Усяго ў дакуменце - больш за тры тысячы выпадкаў, якія эпідэміёлагі зарэгістравалі за дзень 7 кастрычніка. Тлумачым, што значаць гэтыя лічбы і публікуем «партрэт хворага» на падставе сталічных звестак.

Што за дакумент?

Дакумент называецца «Нумары_экстранных_паведамленняў_за_07_10_2021», гэта табліца.

Медыкі, якія працуюць з каранавіруснымі пацыентамі, павінны адпраўляць такія паведамленні аб кожным выпадку пацверджанага COVID-19. У гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі інфармацыю збіраюць, сістэматызуюць і прысвойваюць паведамленням нумары.

Унутры атрыманага намі дакумента - інфармацыя аб кожным паведамленні, зарэгістраваным 7 кастрычніка. Пазначаны асабовыя звесткі пацыентаў, інфармацыя пра дыягназ і месца, дзе яго паставілі. У зыходных звестках дакумента пазначанае прозвішча, такое ж як у лекара-эпідэміёлага ДУ «Менскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі». Хутчэй за ўсё, дакумент быў створаны менавіта ў гэтым цэнтры.

Скрыншоты: ZERKALO.IO
Скрыншоты: ZERKALO.IO

Дакумент сапраўдны?

Мы думаем, што так. Некалькі медыкаў з розных арганізацый аховы здароўя пацвердзілі нам гэта. Яны паведамілі, што пацыенты, названыя ў табліцы, сапраўды лячыліся ў іх установах і атрымлівалі дадатны вынік тэсту на COVID-19.

Таксама мы звязаліся з некалькімі хворымі, прозвішчы якіх ёсць у спісе. Яны пацвердзілі, што правяраліся на каранавірус і вынік быў дадатны. Акрамя таго, мы атрымалі звесткі пра агульную колькасць экстраных паведамленняў за 12 дзён у верасні і кастрычніку - лічбы з розных крыніц супалі.

Колькі людзей хварэе?

У табліцы за 7 кастрычніка - інфармацыя аб 3089 экстранных паведамленнях для 3 076 пацыентаў. Інфармацыя атрыманая з 83 менскіх арганізацый аховы здароўя - паліклінік, шпіталяў, РНПЦ, медцэнтраў.

Паведамленняў атрымалася крыху больш, чым пацыентаў. У 13 выпадках на аднаго пацыента прыпадалі адразу два запісы з аднолькавай інфармацыяй. У кожным выпадку «дубляванне» аднаго чалавека рэгістравалі альбо ў двух медустановах, альбо ў двух раённых цэнтрах эпідэміялогіі. Магчыма, гэта можна растлумачыць тэхнічнымі памылкамі.

Амаль ва ўсіх пацыентаў ў табліцы паказаны першасны дыягназ «каранавірусная інфекцыя неўдакладненая (пацверджаная лабараторна)». У дваіх - «вірусная пнеўманія, выкліканая SARS-COV-2».

Са звестак крыніц Zerkalo.io, па Менску экстраных паведамленняў за перыяд з 29 верасня да 10 кастрычніка было столькі:

Атрымліваецца, Міністэрства аховы здароўя хлусіць у сваіх штодзённых справаздачах?

Мы не можам адназначна гэта сцвярджаць. Міністэрства аховы здароўя кожны дзень публікуе ў тэлеграм-канале афіцыйныя звесткі пра колькасць выпадкаў COVID-19 у Беларусі. Гэтая лічба пакуль ні разу не перавышала 2 000. Але ёсць важныя нюансы.

У навінах ведамства пішуць так: «за дзень у Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана... пацыентаў з COVID-19». Мы не ведаем, у які момант хворых «рэгіструюць»: гэта можа быць момант атрымання дадатнага выніку тэсту на COVID-19, момант перадачы звестак пра яго ў цэнтр гігіены і эпідэміялогіі або момант перадачы інфармацыі ў Міністэрства аховы здароўя. Усё гэта можа адбывацца ў розныя дні і ўплываць на лічбы на пэўную дату. Мы спыталі ў Міністэрстве аховы здароўя, па якім прынцыпе яны фармуюць штодзённыя зводкі, але нам пакуль не адказалі.

Звесткі, якія мы атрымалі, - гэта ўсе выпадкі пацверджанага COVID-19, якія былі зарэгістраваныя ў менскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі ў канкрэтныя дні. Пры гэтым некаторым пацыентам дыягназ паставілі ў гэты ж дзень, а некаторым - раней.

Таму мы не можам наўпрост супаставіць атрыманыя звесткі з лічбамі Міністэрства аховы здароўя - нам не стае метадалогіі падліку хворых міністэрствам.

Афіцыйныя звесткі ад Міністэрства аховы здароўя па ўсёй Беларусі ў параўнанні з лічбамі, якія атрымалі мы, выглядаюць так:

Колькі памерлых?

У дакуменце за 7 кастрычніка ёсць інфармацыя аб адной смерці. 50-гадовая пацыентка звярнулася да медыкаў 30 верасня, у гэты ж дзень ёй паставілі першасны дыягназ «каранавірусная інфекцыя неўдакладненыя (пацверджана лабараторна)» і паклалі ў шпіталь. Захворванне працякала ў цяжкай форме. Ужо на наступны дзень - 1 кастрычніка - жанчына памерла. У дакуменце яе паказалі як непрацоўную, яна не была прышчэпленая ад COVID-19.

Канчатковы дыягназ «каранавірусная інфекцыя» пацыентцы паставілі толькі праз тыдзень - 7 кастрычніка. У гэты ж дзень яе выпадак зарэгістравалі ў гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Звестак аб памерлых у іншыя дні ў нас няма.

Хто цяпер хварэе?

У табліцы за апошнія 7 кастрычніка сабраныя не толькі дыягназы, але таксама інфармацыя пра здароўе і лячэнне кожнага з пацыентаў. Абязлічаныя звесткі, што 3 076 менчукоў, якія адначасова патрапілі ў базу, дазваляюць скласці прыкладны «партрэт хворых» для Менска.

Пол. 60% усіх пацыентаў у дакуменце - жанчыны, 40% - мужчыны.

Узрост. Прыкладна кожны трэці - старэйшы за 50 гадоў. Самаму ўзроставаму пацыенту - 95 гадоў, гэта жанчына 1926 года нараджэння. Мяркуючы з дакументаў, яна хварэе ў лёгкай форме, яе не шпіталізавалі.

Дзеці. У табліцы 210 непаўналетніх, з іх 9 – дзеці, якім адзін год, 11 - дзеці да года. Самая юная пацыентка нарадзілася ў верасні 2021, цяпер ёй менш за тры тыдні. У яе захворванне сярэдняй цяжкасці, яе шпіталізавалі.

Вакцынацыя. З 3086 хворых на 2 906 - непрышчэплены (94% ад агульнай колькасці), 40 - прышчэпленыя (прыкладна 1% ад агульнай колькасці хворых). Яшчэ 35 пакуль не дасягнулі ўзросту вакцынацыі, сем не скончылі курс вакцынацыі, адзін адмовіўся ад прышчэпкі, яшчэ ў аднаго пацыента ёсць супрацьпаказанні. Для 86 пацыентаў няма звестак пра вакцынацыю.

Месца працы. У некаторых пацыентаў паказанае асноўнае месца працы. Мяркуючы з табліцы, COVID-19 выяўлялі ў супрацоўнікаў абсалютна розных устаноў: ВНУ, каледжаў, школ, дзіцячых садкоў, крам, гатэляў, аэрапортаў, устаноў грамадскага харчавання, устаноў аховы здароўя, транспарту, ІТ-кампаній, заводаў, банкаў, сілавых структур. Адных толькі супрацоўнікаў сярэдніх школ за дзень эпідэміёлагі зарэгістравалі 96.

Успышкі захворвання. Звесткі дазваляюць даведацца, у якіх месцах хворых больш, чым у іншых. Напрыклад, з некаторых школ эпідэміёлагі атрымлівалі інфармацыю адразу аб 5-6 хворых работніках і вучнях. На адным з менскіх заводаў за дзень зарэгістравалі 15 супрацоўнікаў з COVID-19. У шасці буйных менскіх ВНУ - па 47, 23, 23, 18, 16 і 14 хворых, пра якіх эпідэміёлагі даведаліся 7 кастрычніка.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках