26 красавiка 2024, Пятніца, 12:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якія аўто, «выпушчаныя не пазней за 1991 год», могуць набыць беларусы, каб не плаціць падатак

13
Якія аўто, «выпушчаныя не пазней за 1991 год», могуць набыць беларусы, каб не плаціць падатак
Иллюстрационное фото

Падборка аўто, якім больш за 30 гадоў.

У Беларусі з 1 студзеня замест дзяржпадатку за допуск да ўдзелу ў дарожным руху быў уведзены транспартны падатак. Пры гэтым уладальнікі аўтамабіляў, «выпушчаных не пазней за 1991 год», не павінны яго плаціць, а значыць, можна зэканоміць. Што набыць са старых аўто? Паказаў сайт abw.by.

Знайсці «жывое» аўто, якому больш за 30 гадоў, клапотная справа, мякка кажучы. Усё адно гэта будзе стары «корч», які патрабуе сталых рамонтаў. Ну а раптам пашанцуе?

Аднак нават у аб'явах складана чыста візуальна знайсці нешта больш-менш «жывое». І не факт, што «жывое» візуальна апынецца па факце нармальным аўтамабілем. Увогуле, адпраўляемся вывучаць аб'явы.

Audi 100 C3 апрыёры цягавіты аўтамабіль. У Гародні акурат прадаецца такі аўтамабіль 1990 г.в. з 2-літровым бензінавым маторам і «механікай». Камплектацыя простая: люк, гідраўзмацняльнік стырна, цэнтральны замок. І ўсё. Кошт - 1250$, што цалкам адэкватна за гэта аўто.

Візуальна па фота нібыта нядрэнна, але трэба глядзець на працу. У апісанні да аб'явы пазначана: «Люк працуе ва ўсіх палажэннях. Заменены камплект ГРМ і прывадныя рамяні 3000 км назад. Новыя свечкі, высакавольтныя драты і паліўная помпа. Адрамантаваны стартар і генератар. Замененыя спружыны, задняя банка глушыцеля. Колы Tunga Nordway 195/65 R15 M + S б/у 3 сезоны + 2 колы з летняй гумай (таксама б/у 3 сезоны). Нюансы што да кузава. Правы парог патрабуе рамонту».

На фота - праблемны правы парог. Падабайка прадаўцу за сумленнасць.

Volkswagen Passat B3, як Ленін, жыў, жывы і будзе жыць. За 2000$ прадаецца асобнік 1989 года з прабегам 460.000 км. Пад капотам 1,9-літровы дызельны матор.

Камплектацыя таксама пустая, паказана, што ёсць узмацняльнік стырна. На фота бачна, што электрашклопад'ёмнікаў у аўто няма. У апісанні гаворыцца: «Добры стан, новы АКБ, падвеска не стукае, новыя калодкі, дыскі, амартызатары. Глушыцель перавараны, «ручнік» трымае, астатняя інфармацыя праз тэлефон. Гандаль!»

Mercedes 190 у тэхнічным плане досыць трывалы аўтамабіль, хоць і складаны па падвесцы і паліўнай сістэме бензінавых рухавікоў KE-Jetronic. За 1500$ прадаецца асобнік 1984 г.в. Пад капотам бензінавы 2-літровы матор і 5-ступеністая «механіка».

У камплектацыю ўваходзяць пярэднія электрашклопад'ёмнікі, скураны салон, гідраўзмацняльнік стырна, люк і цэнтральны замак, што для тых гадоў нядрэнна. Апісанне лаканічнае: «5-ступеністая скрынка перадач: пры 120 км/г на адометры 2500 аб/хв, а расход пры гэтым 7 літраў на 100 км».

Audi 80 таксама адзін са старадаўніх улюбёнцаў беларусаў. Надзейны, просты, даўгавечны. За 1500$ на продаж выстаўлены аўтамабіль 1989 года з 1,8-літровым бензінавым маторам.

У аб'яве напісана: «Гума новая, нічога рабіць не трэба, завёў - паехаў. Без торгу!» Без гандлю, дык без гандлю, абы ездзіў добра.

Ну а ў якасці бонуса - эксклюзіў Citroёn BX, выпушчаны ў 1989 годзе, за 1000$. Матор 1,4-літровы, скрынка перадач механічная, камплектацыя самая мінімальная.

Але гэты французскі шарм! Паказаны прабег 216.000 км. У апісанні сказана, што рэальны: «Аўтамабіль ў добрым стане на хаду. У 1997 годзе прыгнаны з Нямеччыны, з таго часу ў адных руках. Узімку стаіць у гаражы. У аварыях не быў! Рухавік і гідраўліка ў поўным парадку. Прабег рэальны!»

А што б вы набылі з аўто да 1991 года выпуску?

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках