29 красавiка 2024, панядзелак, 16:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амаль 14% беларускага экспарту «не даехала» да Казахстана

5
Амаль 14% беларускага экспарту «не даехала» да Казахстана

У чым рэч?

Са звестак, якія наша краіна падала ў Еўразійскую эканамічную камісію (ЕЭК), за студзень - лістапад мінулага года Беларусь экспартавала ў Казахстан прадукцыі на $677 млн. За той жа перыяд Казахстан падаў звесткі аб імпарце з Беларусі на $582,4 млн. Выходзіць, $94,6 млн згубіліся дзесьці па дарозе?

"Еўрарадыё" даведалася, у якіх таварах ёсць разыходжанні і чые звесткі адпавядаюць рэчаіснасці. Высветлілася, што ў асобных пазіцыях у Казахстан нейкім чынам паступае нават больш тавараў, чым адпраўляе Беларусь. Ёсць і адрозненні ў коштах.

Сыр і тварог

Паводле звестак, якія беларускі бок падаў у ЕЭК, у студзені - лістападзе 2020 года у Казахстан з'ехала 5,8 тысячы тон сыру і тварагу на суму $23,4 млн. Статыстыка Казахстана кажа, што за гэты перыяд імпартавана толькі 4,5 тысячы тон беларускага сыру і тварагу на суму $17,6 млн.

Ялавічына

Ялавічыны свежай або ахалоджанай адпраўлена 19 тысяч тон на $59,5 млн. Са звестак Казахстана, атрымана там толькі 10,8 тысячы тон коштам $34,4 млн.

Ялавічыны замарожанай Беларусь экспартавала ў Казахстан 5,9 тысячы тон на суму $17,6 млн. У звестках Казахстана толькі 5,5 тысячы тон на суму $16,5 млн.

Малако і згушчаныя вяршкі і сухія

Беларусь заяўляе аб экспарце 26,9 тысячы тон малака і вяршкоў згушчаных і сухіх у Казахстан. Атрымана за іх $58,4 млн. Справаздача аб імпарце гэтай пазіцыі Казахстанам з Беларусі гаворыць толькі аб 18,5 тысячы тон на суму $38,2 млн.

Пахта, ёгурт, кефір

Высветлілася, беларуская прадукцыя па дарозе ў Казахстан не толькі губляецца па дарозе, але і можа прырастаць. Так, пахты, ёгурту і кефіру Беларусь экспартавала за студзень - лістапад мінулага года 2,6 тысячы тон на $4,3 млн. У колькасным вылічэнні гэта ў 3 разы больш, чым за студзень - лістапад 2019 года.

Калі верыць звесткам Казахстана, то імпартавана за гэты ж час 3,1 тысячы тон беларускай пахты, ёгуртаў і кефіру. Заплачана за гэта за $5,3 млн. Адзначаецца, што колькасны прыросту ў параўнанні са студзенем-лістападам 2019 года адбылася ў 4,4 разы.

Кава

Цікавыя разыходжанні адбыліся і з экспартам - імпартам кавы. Калі параўнаць звесткі двух бакоў, то атрымаецца, што Казахстан імпартаваў больш кавы, чым заявіла Беларусь, прычым за меншы кошт.

Так, згодна з беларускай статыстыкай, экспартавана ў Казахстан 8 тон на $37,6 тысячы. Казахстан заяўляе аб імпарце 9 тон кавы з Беларусі за $36,3 тысячы.

Ну і варта ў прынцыпе абстрагавацца ад таго, што кава ў Беларусі не расце.

Зерне злакаў апрацаванае

Ёсць дзіўныя адрозненні не толькі ў кошце і аб'ёмах, але і ў параўнаннях з папярэднімі перыядамі. За справаздачны перыяд 2 тоны беларускага зерня злакаў з'ехалі ў Казахстан. У справаздачы гаворыцца, што іх кошт склаў $998. Паведамляецца таксама, што аб'ём паставак быў у 8,4 разы большы, чым у студзені - лістападзе 2019 года.

У статыстыцы Казахстана паказана 7 тон, якія каштуюць $8,8 тысячы. А ў колькасным вылічэнні імпарт з Беларусі ўпаў, склаўшы толькі 49,2% да адпаведнага перыяду 2019 года.

Паводле беларускай статыстыкі кошт 1 тоны складае каля $499, а паводле казахстанскай - $1256. А 2 тоны нейкім чынам ператварыліся ў 7 тон.

Як гэта тлумачаць чыноўнікі?

Журналісты знайшлі разыходжанні і ў іншых групах тавараў. Прадстаўнік Дэпартамента статыстыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі Аляксандр Мальгін кажа, што гэта тлумачыцца розніцай у метадалогіі падліку ў Беларусі і ў Казахстане. А звесткі адпавядаюць рэчаіснасці і тыя, і іншыя.

- Разыходжанне «люстраных» звестак краін-партнёраў аб узаемным гандлі - аб'ектыўная з'ява, характэрная для большасці таварных плыняў у міжнародным гандлі, - кажа Мальгін.

Каб статыстыка ўзаемнага гандлю была дакладнай, упаўнаважаныя органы рэгулярна праводзяць двухбаковыя сустрэчы для "выяўлення прычын магчымых разыходжанняў і іх мінімізацыі", запэўніваюць у ЕЭК.

- Аналіз вынікаў супастаўленняў сведчыць аб эфектыўнай рабоце гэтага механізму.

Згодна з падзелам ХIII "Забеспячэнне супастаўнасці звестак" Метадалогіі вядзення статыстыкі ўзаемнага гандлю таварамі дзяржаў-чальцоў Еўразійскага эканамічнага саюза, прычыны разыходжанняў могуць быць розныя. У большасці з пунктаў гаворыцца пра асаблівасці ўліку, падыходаў і ацэнак. Ёсць таксама пункт, дзе гаворыцца пра недакладнасці звестак, якія ўтрымліваюцца ў крыніцах інфармацыі. Ёсць пункт аб прыватнасці інфармацыі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках