29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Сур'ёзныя сусветныя гульцы пазбаўляюць Лукашэнку легітымнасці

28
Андрэй Саннікаў: Сур'ёзныя сусветныя гульцы пазбаўляюць Лукашэнку легітымнасці
Андрэй Саннікаў

Наступны крок - адкліканне амбасадараў з Беларусі і ўвядзенне жорсткіх санкцый.

У інтэрв'ю YouTube-каналу Форуму свабоднай Расеі лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў пракаментаваў пастанову шэрагу краінаў Захаду не прызнаваць Лукашэнку легітымным.

– Упершыню такое адбываецца, калі сур'ёзныя сусветныя гульцы пазбаўляюць Лукашэнку легітымнасці. Такога яшчэ не было, хоць варта было гэта зрабіць даўным-даўно, калі ён у нахабную таптаў міжнароднае права, абвяшчаў сябе прэзідэнтам, не перамогшы ні на адных прэзідэнцкіх выбарах з 1994 года.

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» мяркуе, што пастанова пра непрызнанне Лукашэнкі павінна развівацца і падкрэслівае ўнікальнасць сітуацыі:

– Раней казалі, што выбары былі сфальшаваныя. Нават не так, казалі, што выбары «не адпавядаюць Капенгагенскім крытэрам», якія існуюць у АБСЕ і абазначаюць выбарчыя стандарты. Цяпер сказалі наўпрост.

Далей дзяржавы павінны дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі заявамі. Я думаю, што павінна адбыцца адкліканне амбасадараў, таму што нельга мець справу з нелегітымным самазванцам, бо паводле дыпламатычнай практыкі даверчыя граматы ўручаюцца кіраўніку дзяржавы.

Таксама павінны быць прынятыя жорсткія санкцыі. Бо Лукашэнку не проста пазбавілі легітымнасці ў сваіх заявах, таму што «так захацелася», а за ягоныя злачынствы, якія сёння праваабаронцы і юрысты адкрыта называюць злачынствамі супраць чалавечнасці.

Адбыліся забойствы, адбываюцца ледзь не штодзённыя катаванні. У нас больш за 12 тысячаў у турмах. Небывалыя і залімітавыя для краіны, якая знаходзіцца ў Еўропе, вынікі. Больш за 250 чалавек абвінавачваюцца паводле крымінальных артыкулаў, іх колькасць расце. Ні адзін выпадак забойстваў не расследаваны, а вызначаныя ўжо сем выпадкаў забойства дэманстрантаў. Лукашэнка сёння серыйны злачынца, які спрабуе ўтрымаць уладу. Таму наступствы павінны быць самымі жорсткімі.

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» падкрэслівае, што з боку Захаду павінна адбыцца і катэгарычная падтрымка народа Беларусі:

– Падтрымка страйкоўцаў, на якіх сёння робіцца, напэўна, самы вялікі ціск, падтрымка студэнтаў.

Я не хачу сёння думаць за сур'ёзных гульцоў. У іх ёсць і добры досвед, і веды. Неабходна самая драбніца – палітычная воля, – рэзюмаваў Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках