29 красавiка 2024, панядзелак, 16:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзмітрый Кулеба: Лукашэнка абраў Расею, а гэта азначае канфрантацыю

7
Дзмітрый Кулеба: Лукашэнка абраў Расею, а гэта азначае канфрантацыю
ДЗМІТРЫЙ КУЛЕБА
ФОТА: IZ.RU

Украіна прапаноўвала пасярэдніцтва разам з дзяржавамі Люблінскага трыкутніка – Польшчай і Літвой.

Украіна ацэньвае сітуацыю ў Беларусі, беручы да ўвагі рызыкі, якія нясе для яе ўмацаванне пазіцый Расеі ў гэтай краіне, заявіў міністр замежных справаў Украіны Дзмітрый Кулеба.

«Аляксандр Лукашэнка зрабіў свой выбар. Ён абраў Расею, Уладзіміра Пуціна. А гэта азначае канфрантацыю. І таму мы, калі глядзім на сітуацыю ў Беларусі, мы не кіруемся "а давайце, каб мы ў навіны патрапілі з загалоўкам, каб нас таксама ўбачылі". Мы ўзважваем усе тыя рызыкі, якія ўмацаванне пазіцый Расеі ў Беларусі нясе для Украіны. І мы разумеем, што калі Лукашэнка абраў Расею, то рызыкі для нас пачынаюць зашкальваць. І ў адпаведнасці з гэтым мы будуем сваё стаўленне да яго», – сказаў Кулеба ў эфіры праграмы «Свабода слова Савіка Шустэра», паведамляе УНІАН.

Міністр адзначыў, што Беларусь адкінула прапановы пасярэдніцтва. Паводле ягоных словаў, Украіна прапаноўвала пасярэдніцтва разам з дзяржавамі Люблінскага трыкутніка – Польшчай і Літвой.

«Цяпер на стале ёсць прапанова пасярэдніцтва ад найбольш нейтральнага пасярэдніка, якога можна ўявіць. Гэта АБСЕ. Дзейнае Албанскае старшынство ў АБСЕ, будучае швэдскае, дзве вельмі збалансаваныя нейтральныя краіны, прапанавалі сваё пасярэдніцтва. Таксама цішыня», – дадаў кіраўнік МЗС.

Кулеба падкрэсліў, што Украіна ў сітуацыі, якая склалася, павінна кіравацца сваімі нацыянальнымі інтарэсамі, такімі, як бяспека, эканоміка і правы яе грамадзянаў у Беларусі, і запэўніў, што Украіна будзе рабіць усё, што ў яе сілах, каб дапамагаць сяброўскаму народу.

«Украіна ў гэтай сітуацыі павінна кіравацца выключна сваімі нацыянальнымі інтарэсамі. Гэта бяспека, гэта эканоміка і гэта правы нашых грамадзянаў, якія ёсць на тэрыторыі Беларусі. На жаль, Лукашэнка зрабіў свой выбар, і калі яго выбар стаў для нас канчатковым, а гэты выбар – Расея, мы занялі тую пазіцыю, якую займаем цяпер: выразную, жорсткую, але не адносна беларускага народа. Беларускі народ заўсёды будзе для нас сяброўскім, і мы заўсёды будзем рабіць усё, што ў нашых сілах, каб яму дапамагаць», – растлумачыў міністр.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках