24 красавiка 2024, Серада, 3:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зварот да беларускіх вайскоўцаў і супрацоўнікаў міліцыі

52
Зварот да беларускіх вайскоўцаў і супрацоўнікаў міліцыі
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА

Ад людзей у пагонах будзе залежаць развіццё сітуацыі ў краіне.

Я сама дачка вайскоўца. Бацька 25 гадоў адслужыў у вайсковай авіяцыі. Наша сям'я шмат гадоў пражыла ў гарнізонах і вайсковых гарадках, у тым ліку пяць гадоў у 1980-х гадах у польскай Легніцы, дзе размяшчаўся штаб Паўночнай групы войскаў Узброеных сіл СССР. У 1986 годзе бацька быў ліквідатарам аварыі ў Чарнобылі, ягоны экіпаж на гелікаптэры Мі-6 скідаў свінец на рэактар атамнай станцыі, які гарэў. У 1988 годзе, меўся ляцець у Афганістан, але выратавала трагічная выпадковасць: у Грузіі ўпаў гелікаптэр Мі-26, на якіх сталі лётаць беларускія лётчыкі. На час праверкі прыпынілі палёты, а тут пачаўся вывад войскаў...

У Кобрыне, дзе я нарадзілася, размяшчалася найстарэйшая гелікаптэрная частка Беларусі. Яна была сфармаваная ў 1962 годзе як 65-ы асобны гелікаптэрны полк. Таму сярод маіх сваякоў і суседзяў - шмат вайскоўцаў. Ёсць сярод іх і міліцыянты.

У нашай сям'і ніколі не было «грамадзянскай вайны», хоць частка сваякоў нейкі час падтрымлівала Лукашэнку, а я ўсё свядомае жыццё была супраць гэтага рэжыму. Вядома, мы маглі спрачацца з гэтай нагоды да хрыпаты, але працягвалі як родзічы любіць і падтрымліваць адзін аднаго.

Цяпер у нашай вялікай сям'і ніхто не спрачаецца. У ёй пануе абсалютная аднадушнасць: Лукашэнка даняў і павінен як мага хутчэй сысці.

Таму я думаю, што ведаю настроі сярод сілавікоў. Большая частка з іх - супраць гэтага рэжыму. Іх родныя і блізкія таксама выходзілі на пікеты для збору подпісаў і мітынгі ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Іх таты і мамы таксама атрымліваюць жабрацкія пенсіі, а жонкі - жабрацкія заробкі. Яны хочуць, каб іх дзеці не з'язджалі з краіны, а маглі рэалізаваць сябе на радзіме. Усе яны ходзяць у тыя ж крамы і купляюць прадукты тымі ж высокімі коштамі, аплачваюць абсурдныя падаткі і паборы і бачаць, што жыццё ў Беларусі ніяк не развіваецца да лепшага, а толькі коціцца ў бездань.

Сёння кліка, якая захапіла ўладу, спрабуе штурхаць супрацоўнікаў сілавых структур на ўчыненне злачынства. І я хачу звярнуцца да вайскоўцаў і супрацоўнікаў міліцыі.

Памятаеце, што ў вачах беларусаў і ўсяго цывілізаванага свету Лукашэнка - нелегітымны прэзідэнт. Усе выбарчыя кампаніі і рэферэндумы, якія праходзілі ў Беларусі, не прызнаныя міжнароднай супольнасцю свабоднымі і дэмакратычнымі.

Усе загады неадэкватнага царка - незаконныя. А загад ісці супраць свайго народа - незаконны тым больш. Гэта злачынства не мае тэрміну даўніны.

Вы давалі прысягу беларускаму народу, а не ўзурпатару. Ваш абавязак - абараняць суайчыннікаў, а не баязлівага Сашу 3%.

Я звяртаюся да сваякоў вайскоўцаў і супрацоўнікаў міліцыі. Размаўляйце са сваімі мужамі, бацькамі, сынамі, унукамі. Заклікайце іх не ісці супраць уласнага народа і сумлення. Зрабіць злачынную памылку лёгка, жыць потым з гэтым - цяжка.

Я ўпэўнена, што Лукашэнка і ягоныя паслугачы абавязкова паўстануць перад судом. Не дайце вашым блізкім стаць суўдзельнікамі іх злачынстваў, інакш ім давядзецца сесці разам з імі на адну лаву.

Я звяртаюся да ўсіх беларусаў: размаўляйце са сваімі знаёмымі, суседзямі і сябрамі з сілавых структур. Менавіта ад таго, як павядуць сябе людзі ў пагонах, будзе залежаць развіццё сітуацыі ў нашай краіне. Добрае слова, сказанае своечасова, можа многае прадухіліць і змяніць.

У гэтыя пераломныя дні мы павінны быць як ніколі адзіныя і салідарныя. Павінны стаць сцяной. Адчуць сябе адным народам. Быць разам. І тады абавязкова пераможам.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках