Наталля Радзіна просіць беларусаў патрабаваць ад уладаў разблакавання «Хартыі-97» і іншых сайтаў
46- 14.08.2020, 13:51
- 100,676
За нашу і вашу свабоду!
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна звярнулася да беларусаў – пратэстоўцаў і страйкоўцаў:
Дарагія сябры!
Увесь свет спачатку са здзіўленнем глядзеў на нашу барацьбу, а цяпер пляскае ў ладкі Беларусі стоячы. Краіна прыйшла ў рух, але рэжым спрабуе чапляцца за рэшткі ўлады. Пасля таго як да Усеагульнай нацыянальнай забастоўкі далучыліся флагманы беларускай эканомікі і дзясяткі тысячаў малых і сярэдніх прадпрыемстваў, лёс рэжыму Лукашэнкі прадвызначаны. Аднак улада яшчэ спрабуе блакаваць распаўсюд свабоднай інфармацыі пра сітуацыю ў краіне. Ужо больш за два гады блакуецца ўладамі наш сайт Charter97.org («Хартыя-97»). У апошнія дні перыядычна спыняецца доступ і да іншых незалежных сайтаў.
Як галоўная рэдактарка сайта Charter97.org я вельмі прашу вас, беларусы, пратэстоўцы і страйкоўцы, сярод іншых важных патрабаванняў дамагацца ад уладаў спыніць блакаванне сайта «Хартыі-97» і іншых незалежных СМІ. Гэта дапаможа многім беларусам даведвацца праўду.
Асобна прашу супрацоўнікаў страйкавых прадпрыемстваў, звязаных з забеспячэннем працы інтэрнэту ў краіне: патрабуйце ад свайго кіраўніцтва спыніць абмежаванне свабоды слова.
За нашу і вашу свабоду!