Алена Зяленская выздаравела ад COVID-19
5- 3.07.2020, 18:58
- 16,849
Першая лэдзі Украіны прадоўжыць лекаванне ад двухбаковай пнеўманіі дома.
Першая лэдзі Украіны Алена Зяленская ачуняла ад COVID-19 і сёння выпісалася з лякарні. Пра гэта 3 ліпеня паведамляе прэс-служба Офіса прэзідэнта Украіны ў Telegram, піша gordonua.com.
"Яна адчувае сябе добра і шчаслівая зноў быць з сям'ёй. Падолеўшы COVID-19, Алена Зяленская ўсё ж мае патрэбу ў прадаўжэнні лекавання ад выкліканай ім двухбаковай пнеўманіі і будзе праходзіць яго дома", – гаворыцца ў паведамленні.
Пра тое, што жонка прэзідэнта здала станоўчы тэст на каранавірус, стала вядома 12 чэрвеня. У Офісе прэзідэнта Украіны тады паведамілі, што яна адчувае сябе добра, сімптомаў хваробы ў першай лэдзі не было. Аднак 16 чэрвеня яе шпіталізавалі з двухбаковай полісегментарнай пнеўманіяй.
Праз заражэнне жонкі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі перайшоў на асаблівы рэжым працы. У Офісе прэзідэнта паведамілі, што кіраўнік дзяржавы ў найбліжэйшы час не будзе праводзіць асабістых сустрэчаў, усё нарады пераведзеныя ў онлайн-рэжым.
Зяленскі, як праінфармавалі на Банкавай, штодня праходзіць тэставанне на каранавірус, а таксама медагляды.