12 жнiўня 2020, Серада, 6:52
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі дэпутат Аляксей Ганчарэнка ў Радзе: Беларусы, уставайце, парвіце ланцугі!

26
Украінскі дэпутат Аляксей Ганчарэнка ў Радзе: Беларусы, уставайце, парвіце ланцугі!
АЛЯКСЕЙ ГАНЧАРЭНКА
ФОТА: «ПРЯМЫЙ»

Ва ўкраінскім парламенце заклікалі падтрымаць перамены ў Беларусі.

Сёння ўкраінскі народны дэпутат ад «Еўрапейскай Салідарнасці», кіраўнік міжфракцыйнага дэпутацкага аб'яднання «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка выступіў у Вярхоўнай Радзе Украіны і заклікаў падтрымаць дэмакратычныя змены ў нашай краіне:

- Сёння ў Вярхоўнай Радзе Украіны было абвешчана аб стварэнне міжпартыйнага аб'яднання «За дэмакратычную Беларусь». У гэтае аб'яднанне ўвайшлі дэпутаты фракцыі «Еўрапейская салідарнасць», «Голас», «За будучыню», пазапартыйныя. Сёння ўжо ёсць людзі, якія будуць далучацца з фракцыі «Бацькаўшчына». Думаю, гэта аб'яднанне будзе расці.

Якая мэта гэтага аб'яднання? Мэта гэтага аб'яднання - гэта дэмакратычная, свабодная Беларусь, наша братняя краіна, наш найбліжэйшы сусед. У жніўні месяцы ў Беларусі павінны прайсці «прэзідэнцкія выбары». Упершыню за шмат гадоў у народа Беларусі з'явілася надзея на тое, што могуць адбыцца дэмакратычныя перамены ў іх краіне, і краіна зможа стаць на дэмакратычны шлях развіцця. Цяпер у краіне пачаліся маштабныя рэпрэсіі. Рэпрэсіі супраць апазіцыі, блогераў, людзей - усіх тых, у каго супрацьлеглыя ўладзе погляды. Проста цяпер у СІЗА знаходзіцца кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віктар Бабарыка, вядомы блогер Ціханоўскі, іншага кандыдата ў прэзідэнты, Цапкалу, проста не дапусцілі да выбараў і, фактычна, знішчаецца сама надзея на дэмакратычную Беларусь.

Я мяркую, што мы не можам стаяць у баку. Я хачу нагадаць нам усім Міхаіла Жызнеўскага, беларуса, які адзін з першых аддаў сваё жыццё на Майдане за ўкраінскую свабоду, за нашу незалежнасць і еўрапейскі выбар. Я думаю, што Еўропа - гэта не толькі апеляваць да Еўропы, старацца быць часткай Еўропы, але і самім дзейнічаць як Еўропа, дапамагаць тым, хто жадае стаць на дэмакратычны, вольны шлях, тым больш, нашай братэрскай краіне Беларусі.

Цяпер я хачу звярнуцца да беларусаў. Дарагія сябры, разам з вамі мы жылі тысячы гадоў, разам з вамі пачыналася Русь, разам з вам мы жылі ў Вялікім княстве Літоўскім, разам з вамі мы абаранялі землі ад Арды і рабілі агульную справу. І сёння ў нас з вамі адзін агульны вораг - гэта Крэмль. І сёння мы хочам вам дапамагчы. Мы хочам, каб ваша краіна стала сапраўды свабоднай і незалежнай. Што ад нас залежыць, мы будзем гэта рабіць. І мы хочам пажадаць вам мужнасці і сіл. Мы верым у дэмакратычную Беларусь.

На заканчэнне скажу словы нашага вялікага паэта Тараса Шаўчэнкі, якога на беларускую мову пераклаў ваш паэт Янка Купала: «Пахавайце ды ўставайце, Кайданы парвіце».

Украіна не кідае сваіх братоў у бядзе. Ваша краіна павінна быць свабоднай, дэмакратычнай, незалежнай і еўрапейскай. Мы дапаможам вам у гэтым. Жыве Беларусь!