19 траўня 2024, Нядзеля, 6:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Затрыманы аўтар канала «Мазыр для жыцця»

24
Затрыманы аўтар канала «Мазыр для жыцця»
АЛЯКСАНДР СІРАШ

Уночы таксама прайшоў ператрус у мазырскага фермера, з якім Ціханоўскі здымаў «інтэрв'ю прыкарытнікаў».

Пад Мазыром праводзяць ператрус у фермера, якога здымаў Ціханоўскі. Таксама затрыманы аўтар канала «Мазыр для жыцця», паведамляе праваабарончы сайт «Палеская Вясна».

У вёсцы Прудок Мазырскага раёна сярод ночы супрацоўнікі праваахоўных органаў прыехалі ў гаспадарку фермера Аляксандра Сіраша, дзе Сяргей Ціханоўскі запісваў жартоўнае «інтэрв'ю прыкарытнікаў», і пачалі ператрус.

Таксама з Мазыра паведамляюць пра затрыманні Аляксандра Цуканава, аўтара YouTube-канала «Мазыр для жыцця», які толькі 2 чэрвеня вызваліўся пасля адбыцця 25 дзён арышту за ўдзел у сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім ў Мазыры 3 траўня. Таксама затрыманы сябра Цуканова Дзяніс, які прыходзіў падтрымаць Аляксандра на судзе і сустракаў яго падчас вызвалення з ІЧУ.

Учора, 3 чэрвеня праходзіў ператрус на лецішчы Сяргея Ціханоўскага пад Гомелем.

Ператрус праходзіць у рамках расследавання крымінальнай справы паводле арт. 364 (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса. Сяргей Ціханоўскі затрыманы паводле яе у якасці падазраванага. Да лецішча ператрус прайшоў у яго гомельскім офісе, дзе, як паведамілі сябры Ціханоўскага, узламалі дзверы.

Як сказана ў пастанове на ператрус, якую паказалі сябрам блогера (яна ёсць у рэдакцыі), 3-я ўправа ГУБАЗіК МУС высветліла, што Сяргей Ціханоўскі пражываў на лецішчы, а таксама выкарыстаў для працы арандаванае памяшканне ў Гомелі.

«На паказаных адрасах, паводле наяўнай у 3-й управе ГУБАЗіК інфармацыі, могуць захоўвацца прадметы і дакументы, якія маюць значэнне для расследавання згаданай крымінальнай справы», - сказана ў пастанове.

Нагадаем, 29 траўня ў Гародні падчас пікету для збору подпісаў затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага і яшчэ дзевяць чалавек. Незалежныя СМІ адзначаюць, што супраць народнага блогера была ўчыненая правакацыя.

Была распачатая крымінальная справа аб «гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў паводле арт. 364 КК РБ». Усяго паводле крымінальнай справы пра гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якая была распачатая пасля правакацыі на пікеце ў Гародні, затрыманыя 9 чалавек. Гэта Сяргей Ціханоўскі, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў, Уладзімір Навумік, Вяргілій Ушак, Аляксандр Арановіч, Сяргей Калмыкоў, Васіль Баброўскі і Арцём Сакаў.

Траіх затрыманых пасля правакацыі на пікеце для збору подпісаў перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Аб месцазнаходжанні Сяргея Ціханоўскі нічога невядома.

Увечары 8 чэрвеня мінае 10-дзённы тэрмін, калі затрыманым павінны выставіць абвінавачанне альбо вызваліць.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскі палітычным зняволеным.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках