29 красавiка 2024, панядзелак, 11:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяўчына з Мазыра заклікала да правядзення флэш-мобу салідарнасці

45
Дзяўчына з Мазыра заклікала да правядзення флэш-мобу салідарнасці

З 23 чэрвеня штодня а 19-й.

Відэаблогерка з Мазыра Паліна апублікавала 17 чэрвеня на Youtube-канале «Зваротны адлік» зварот, у якім заклікала да правядзення флэш-мобу салідарнасці:

«Сёння зразумела ўжо ўсім, што цяперашняя ўлада ў Беларусі дажывае апошнія тыдні, апошнія дні. Мільёны беларусаў больш не хочуць цярпець гора-кіраўніка, які давёў краіну да ручкі.

Апошняй кропляй сталі паводзіны ўлады падчас эпідэміі каранавірусу. Замест таго каб, як усе нармальныя краіны, увесці карантын, Лукашэнка надумаў заразіць як мага больш беларусаў. У выніку памерлі тысячы, заразіліся сотні тысячаў людзей. Лекарам давялося працаваць у вельмі цяжкіх і небяспечных умовах.

Першыя тыдні кампаніі паказалі, наколькі Лукашэнка непапулярны сярод беларусаў. Людзі сталі называць яго Саша 3%.

Ён шалее ад таго, што разумее: яго ўладзе канец. Ён кінуў за краты тых, каму ён зайздросціць, тых, хто стаў нашымі сапраўднымі лідарамі – Сяргея Ціханоўскага, Міколу Статкевіча, Паўла Севярынца, сяброў ініцыятыўных групаў кандыдатаў у прэзідэнты. Ён апусціўся да пагрозаў жыццю дзяцей Святланы Ціханоўскай, да арыштаў сяброў Віктара Бабарыкі.

Нам важна падтрымаць і медыкаў, якія змагаюцца за выратаванне нашых жыццяў, і герояў, якія абараняюць нашу свабоду.

Мы ведаем, як паказвалі сваю салідарнасць адзін з адным многія народы, якія змагаліся з дыктатурай і перамаглі. Мы бачылі, як гэтай вясной падтрымлівалі медыкаў жыхары краінаў Еўропы, якія ўвялі карантын. Яны выходзілі на балконы, пляскалі і грукалі ў рондалі.

Мы таксама еўрапейцы. Мы хочам нармальнага жыцця.

Засталося зусім няшмат, але цяпер, як ніколі, важна нам усім быць разам. Давайце пакажам усім сілу нашай салідарнасці. Давайце пакажам адно аднаму, як нас шмат.

Прапаную кожны дзень, пачынаючы з аўторка 23 чэрвеня, а 19-й праводзіць флэшмоб нашай салідарнасці.

У чым ён заключаецца? Трэба адчыніць акно кватэры ці выйсці на балкон і дзве хвіліны проста шумець. Гучна пляскаем, грукаем лыжкай у рондалі або ўключаем музыку. Каб чулі і суседзі, і мінакі.

Мы – мірныя і законапаслухмяныя людзі. Воплескі і грукат лыжкамі ў рондалі – гэта законныя і легальныя дзеянні. Проста адчыняем акно, робім вось так (паказаць), вось так (паказаць) або вось так (паказаць).

З 23 чэрвеня штодня а 19-й. Дзве хвіліны.

Будзем разам і разам зробім нашу краіну вольнай і нармальнай».

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках