Лукашэнка рыхтуе дэкрэт аб забароне тэпцяў?
10- Віктар Гарбачоў
- 2.06.2020, 10:27
- 52,113
Ці ўцякаць?
Зразумела, што тэпаць не заменіць камень. Аднак. А калі іх будзе мільён? Ды з цвёрдай падэшвай? І страшна падумаць, а калі іх будзе ў кожнага па пары? Гэта ўжо два мільёны! Жудасць. Ды яшчэ і з шыпамі.
І вось што рабіць? Ну, прусаку што рабіць? Уцякаць? Або хавацца за ліштву? Тут, бяжы ня бяжы, а могуць і на хаду прыстукнуць. Схавацца? А калі знойдуць? Зноў жа, прыстукнуць яшчэ больш балюча.
А можа забараніць? Ну, выраб гэтых тэпцяў тут, завоз з-за межаў сюды, і наогул! Наогул продаж забараніць! Часова выключыць з абарачэння. Да восені. А хадзіць у гумовых ботах. А што? Дажджы ды вецер будуць. Ветрадуі дзьмуць халадамі. Тут ужо не да тэпцяў.
Пастаноўлена. Дэкрэт - аб забароне тэпцяў. Указ - слова «тэпці» з абарачэння канфіскаваць. Вось і развязаная праблема.
Пачакайце-пачакайце... Дык гэта ж што атрымаецца? Забароніш тэпці, дык яны за камяні возьмуцца? Значыць, трэба разам з тэпцямі, і камяні забараніць?! Ідзеш па бруку, а пад нагамі пясочак...
А можа пакінуць гэтыя тэпці? Хоць які сказ - адзін адказ. Бо знойдуць жа ўсё адно. Ці ўцякаць? Раней часу ўцякаць? Да таго як. І ўсё, што нажытае непасільнай працай, з сабою прыхапіць. На ўсялякі выпадак.
А мы? А мы ударым тэпцем па таракану.
Віктар Гарбачоў, «Фэйсбук»