У Гародні ад каранавірусу памёр галоўны патолагаанатам вобласці
25- 23.05.2020, 13:16
- 70,438
Міхаіл Зубрыцкі тыдзень знаходзіўся ў коме.
22 траўня памёр Міхаіл Зубрыцкі, галоўны патолагаанатам Гарадзенскай вобласці. Ён быў заражаны каранавірусам. Смерць Hrodna.life пацвердзілі некалькі крыніцаў, у тым ліку калегі медыка з Гарадзенскага абласнога клінічнага патолагаанатамічнага бюро.
Паводле інфармацыі Hrodna. lifе, Міхаіл Зубрыцкі тыдзень знаходзіўся ў коме. 22 траўня ён пачаў прыходзіць у сябе, але паляпшэнняў не адбылося. Яму быў 51 год.
Сярод патолагаанатамаў і судмедэкспертаў захворванне падчас эпідэмій павялічваецца ў дзесяць разоў. Так было і пры птушыным грыпе, і пры атыповай пнеўманіі, расказвае судмедэксперт з Гародні.
Даведка
У 1994 годзе Міхаіл Зубрыцкі скончыў Гарадзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Працаваў у Гарадзенскім абласным клінічным патолагаанатамічным бюро – спачатку на пасадзе лекара-патолагаанатама, з 1999 года – загадчыка аддзялення, з 2009 года – кіраўніка бюро. Быў галоўным патолагаанатам Гарадзенскай вобласці.
Сябра беларускага навуковага таварыства патолагаанатамаў. У 2007 годзе прысуджаная навуковая ступень кандыдата медыцынскіх навук. У 2018 прысвоенае навуковае званне дацэнта, паведамляецца на сайце Гарадзенскага медыцынскага ўніверсітэта.
Аўтар 141 навуковай працы, у тым ліку 1 манаграфіі, 3 інструкцый для ўжывання, 2 ЭУМК для студэнтаў, 1 патэнта на вынаходку.
Асноўным кірункам дзейнасці Зубрыцкага было выяўленне марфалагічных зменаў у арганізме чалавека пры розных вірусных інфекцыях.