24 красавiка 2024, Серада, 14:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каранавірус на БелАЭС: у лякарню забралі больш за 100 чалавек

34
Каранавірус на БелАЭС: у лякарню забралі больш за 100 чалавек

Жыхары Астраўца занепакоеныя навінамі аб шпіталізацыі рабочых.

Больш за 100 працаўнікоў Астравецкай АЭС правяраюць на каранавірус: яны маглі кантактаваць з 15 расейцамі, у якіх пацвердзіўся COVID-19. Усе хворыя шпіталізаваныя і ізаляваныя. Клінічных праяў у іх няма, праводзіцца эпідэміялагічнае расследаванне, устанаўліваюцца кантакты 1 узроўню, паведамляла Галоўная ўправа аховы здароўя аблвыканкама, піша tut.by.

Што адбываецца на БелАЭС у Астраўцы

Начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў Беларускай АЭС Эдуард Свірыд сказаў, што шпіталізаваныя з каранавірусам расейцы — гэта рабочыя, за якіх адказвае генпадрадчык «Атамбудэкспэрт».

Пятнаццаць хворых - спецыялісты з трох субпадрадных арганізацый, пацвердзілі ва ўправе камунікацый інжынірынгавага дывізіёна дзяржкарпарацыі «Расатам».

Што з расейцамі, у якіх COVID-19

Жыхарка Смаргоні Дар'я, якая раней працавала ў прадстаўніцтве расейскай арганізацыі, распавяла, што сярод хворых ёсць мантажнікі з Валгадонска.

- Яны прыехалі на вахту. Кажуць, іх адправілі ў лякарню ў Смаргонь.

Галоўны дзяржаўны санітарны лекар Астравецкага раёна Ёнас Таль пацвердзіў: усе 15 чалавек цяпер знаходзяцца ў стацыянары Смаргоні.

- Цяпер ідзе эпідрасследаванне.

Падрабязную інфармацыю з нагоды шпіталізаваных рабочых у афіцыйных крыніцах удакладніць не ўдалося. Галоўны лекар Астравецкай ЦРБ Уладзімір Мажэйка сказаў, што пакуль не гатовы адказаць на нашы пытанні. Журналістам таксама не ўдалося звязацца з начальніцай Галоўнай управы аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкама Аленай Кратковай. Старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін спачатку не мог адказаць на наш званок, як растлумачылі нам у прыёмнай «а потым «з'ехаў па справах» разам са сваім намеснікам Генадзем Бычко, які курыруе ахову здароўя.

Звязацца з кіраўніцтвам беларускага прадстаўніцтва расейскай мантажнай арганізацыі, работнікаў якой, як мяркуецца, шпіталізавалі з каранавірусам, таксама не ўдалося. У Расейскай галаўной арганізацыі ніводзін пазначаны на сайце працоўны тэлефон не адказвае.

- У сувязі з такой вось сітуацыяй цяпер нарада на нарадзе, - адказалі нам у прыёмнай дырэктара беларускага прадстаўніцтва.

Калі менавіта прыехалі ў Беларусь шпіталізаваныя з COVID-19 расейцы, дакладна не вядома. Як мяркуецца, яны прыбылі ў апошнія дні сакавіка. Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік адзначыў, што ўсе замежнікі, якія прыязджаюць на БелАЭС, праходзяць лабараторнае тэставанне. Са слоў Караніка, гэтыя хворыя не ўдзельнічалі ў пуску і наладцы, яны былі на 14-дзённым карантыне.

Што з астатнімі работнікамі АЭС

Работнік Астравецкай АЭС Дзмітрый распавёў, што заражаныя каранавіруснай інфекцыяй расейцы жылі ў інтэрнаце, большасць шпіталізаваных магчымых кантактаў першага ўзроўню таксама.

- Людзей забіралі проста з дому на аўтобусах, усяго больш за 100 чалавек. Некаторыя сабраліся групамі і паехалі на асабістых аўтамабілях, - дадаў мужчына.

Жыхарка Астраўца, якая пажадала застацца ананімнай, распавяла, што блізу 50 работнікаў АЭС шпіталізавалі ўначы. Іх размясцілі ў будынку былой лякарні.

— У нас жа нядаўна пабудавалі новую лякарню, і ўсе аддзялення пераехалі туды. Старыя карпусы хацелі рамантаваць, але працы нават не пачалі. Цяпер тут зона ізаляцыі. Тут знаходзяцца ўсе, хто мог кантактаваць з заражанымі. Паводле папярэдняй інфармацыі, яны здаровыя, але будуць ізаляваныя тут, пакуль не прыйдуць вынікі аналізаў на каранавірус, - сказала жанчына.

Што адбываецца ў Астраўцы

У самім Астраўцы людзей занепакоілі навіны аб шпіталізацыі рабочых. Але такое развіццё падзей было чаканым, кажа мясцовая жыхарка:

— Сюды ж шмат людзей прыязджаюць працаваць — з той жа Расеі. І мы не здзіўленыя, што хтосьці прывёз інфекцыю. Гэта павінна было калісьці адбыцца. Так, межы вакол Беларусі закрытыя, але расейскую закрылі толькі 30 сакавіка. Але ўжо тады аб распаўсюдзе каранавірусу было вядома. Магчыма, гэтыя рабочыя акурат паспелі прыехаць на вахту перад самым закрыццём?

— Людзі ўжо пачалі насіць маскі. У крамах, дык і ў масках, і ў пальчатках на руках. Увогуле, сітуацыя не дужа добрая, - распавёў жыхар Астраўца Іван Фёдаравіч.

- У нас у горадзе людзей неяк мала стала. Усюды ў крамах лініі на падлозе нанесеныя, каб дыстанцыю людзі трымалі. Усе прадаўцы ў масках, - кажа мясцовы жыхар Вадзім.

Таксама многія жыхары Астраўца, з якімі ўдалося пагаварыць, паведамлялі аб тым, што над горадам сёння лётаў верталёт. Лятальны апарат таксама заўважылі і ў суседніх Варнянах.

- Сёння двойчы праляцеў на нізкім, брыючым палёце. Верталёт відавочна вайсковы. Ён двойчы па колу тут прайшоў: з Астраўца выйшаў, над Варнянамі, над АЭС - і паляцеў назад, - распавёў жыхар Варнянаў Мікалай Міхайлавіч.

Верталёт, як высветлілася, сапраўды вайсковы. У прэс-службе Мінабароны паведамілі, што над Астраўцом сёння праходзілі планавыя палёты.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках