28 красавiка 2024, Нядзеля, 12:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Wirtschafts Woche: Алігархі ў Расеі раптам сталі людзьмі другога класа

2
Wirtschafts Woche: Алігархі ў Расеі раптам сталі людзьмі другога класа

Гэта тычыцца нават топ-мэнэджараў канцэрна «Газпром».

Заможныя расейцы звычайна абыходзяць бокам дзяржаўную сістэму аховы здароўя, якая знаходзіцца ў гаротным стане. Але ў часы крызісу і багатым людзям, якія заразіліся каранавірусам, даводзіцца сутыкнуцца з медыцынай, прызначанай для «простых смяротных». Гэта тычыцца нават мэнэджараў канцэрна «Газпром», піша нямецкае выданне Wirtschafts Woche (пераклад — inosmi.ru).

Яшчэ некалькі дзён таму Марыя Чыгірынская забаўлялася на вечарынках на фешэнебельным французскім курорце Куршавель. Там, удалечыні ад радзімы, прадстаўнікі Маскоўскага бамонду з задавальненнем праводзяць час «у коле сваіх». Дачка найбагацейшага расейскага дэвелапера Аляксандра Чыгірынскага публікавала ў Інстаграме фота, на якіх разам з маскоўскімі сябрамі спявае на вечарыне ў раскошнай рэстарацыі расейскія папсовыя песні. У Францыі ўжо на ўсю моц бушаваў каранавірус. Заразілася ім і 23-гадовая дзяўчына.

Па вяртанні ў Маскву яе чакаў непрыемны сюрпрыз: пасля прызямлення сямейнага прыватнага самалёта яна трапіла ў рукі каманды лекараў, а затым адправілася не ва ўласныя шыкоўныя апартаменты, а ў адну з маскоўскіх лякарняў — яе тэст на Covid-19 выявіўся станоўчым. Сталічная бульварная прэса не без злараднасці пісала, што дачка мільярдэра Чыгірынскага не дакраналася да бальнічнай ежы. Аднак яе стан застаецца стабільным.

Шмат гадоў багатым расейцам удавалася пазбягаць дачыненняў з дзяржаўнай медыцынай. Але эпідэмія каранавіруса прывяла да таго, што і ім даводзіцца адчуць на ўласнай шкуры, што гэта такое — быць звычайным чалавекам.

Яшчэ ў пачатку сакавіка маскоўскія ўлады пастанавілі, што пацыентаў з каранавірусам будуць лячыць у адкрытай у канцы 2019 года лякарні ў сталічным прыгарадзе пад назвай «Камунарка». Афіцыйна гэтая лякарня ўважаецца за звышсучасную. Нядаўна яе ў суправаджэнні тэлевізійшчыкаў наведаў Уладзімір Пуцін, апрануты ў ахоўнае адзенне. Але самі пацыенты распавядаюць, што ў лякарнях пануе хаос, вынікі тэстаў на каранавірус падтасоўваюць, а спецыялістаў бракуе. «Камунарка» - дзяржаўная лякарня.

Звычайна заможныя расейцы абыходзяць бясплатную дзяржаўную медыцыну бокам. Многія аддаюць перавагу лячыцца ў дарагіх прыватных клініках або адразу за мяжой. У дарагіх страхавых полісах часцяком адразу прадугледжаная магчымасць лячыцца ў Ізраілі ці Нямеччыне. Паводле інфармацыі Расейскай асацыяцыі медыцынскага турызму (ёсць і такая), штогод амаль 80 тысяч расейцаў атрымліваюць лячэнне ў іншых краінах.

Але праз ўспышку каранавірусу еўрапейскія межы закрыліся, а прыватныя клінікі не хочуць і не могуць прымаць пацыентаў. «Прынамсі дзесяць з нашых партнёрскіх прыватных клінік у Санкт-Пецярбургу апавясцілі, што не прымаюць кліентаў з сімптомамі прастуды, якія нядаўна пабылі за мяжой», — распавяла супрацоўніца прыватнай страхавой кампаніі СОГАЗ.

У лік акцыянераў СОГАЗа ўваходзяць, напрыклад, сябар Пуціна Юрый Кавальчук і энэргетычны канцэрн «Газпром». Большасць супрацоўнікаў канцэрна — аж да топ-мэнэджараў — застрахаваныя менавіта там. Акрамя таго, толькі нешматлікія прыватныя клінікі адпавядаюць строгім патрабаванням, што выстаўляюцца расейскімі органамі аховы здароўя да інфекцыйных лякарняў, дадала супрацоўніца страхавой кампаніі.

Такім чынам, атрымліваецца, што прадстаўнікі расейскага «вышэйшага свету» нечакана для сябе трапляюць у лякарні, з вокнаў якіх іх погляду паўстаюць толькі шэрыя і маркотныя шматпавярховікі. Некалькі дзён таму ў «Камунарку» з запаленнем лёгкіх трапіў 78-гадовы эстрадны спявак Леў Лешчанка. Меркавана ён заразіўся падчас паездкі ў ЗША.

Яшчэ адна вядомая пацыентка «Камунаркі» - 68-гадовая Людміла Нарусава, удава Анатоля Сабчака, былога мэра Санкт-Пецярбурга і палітычнага «бацькі» прэзідэнта Пуціна. А ў мінулыя выхадныя ў «Камунарку» даставілі былога суўладальніка расейскіх будаўнічых гіпермаркетаў OBI Ігара Сосіна.

Дагэтуль заможныя пацыенты не скардзіліся на знаходжанне ў дзяржаўнай лякарня, прынамсі голасна. Аднак сёй-той з іх, відавочна, вельмі і вельмі баіцца сутыкнуцца з нязвыклым для сябе узроўнем медыцынскага абслугоўвання. У сярэдзіне сакавіка англамоўная газета Moscow Times падрабязна апісала на сваіх старонках, як алігархі і іншыя вельмі багатыя расейцы адпраўляюць наёмных работнікаў на пошукі апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Гісторыя выклікала скандал, бо гэта дарагое абсталяванне (кошт аднаго апарата дасягае 20 тысяч еўраў) у выпадку эпідэміі можа стаць сапраўдным дэфіцытам.

У выніку давялося ўмяшацца нават Міністэрству аховы здароўя: у спецыяльным паведамленні яно перасцерагло грамадзян ад куплі апаратаў ШВЛ у прыватным парадку, бо пры лячэнні каранавірусу гаворка ідзе не толькі аб штучнай вентыляцыі лёгкіх. Акрамя таго, у руках непрафесіяналаў апарат ШВЛ можа стаць нават небяспечным.

Аналагічнага меркавання прытрымліваецца і мільярдэр Уладзімір Еўтушэнкаў. У Нямеччыне ён вядомы ў першую чаргу тым, што ягоны сямейны холдынг нядаўна ўклаў угоду ў куплі філіялаў гандлёвай сеткі REAL. Гэта «ідыятызм» - набываць свой асабісты апарат ШВЛ, заявіў ён на днях у інтэрв'ю расейскай версіі часопіса Forbes. Мільярдэр ведае, аб чым гаворыць, бо ў ягоную бізнэс-імперыю ўваходзіць, дарэчы, сетка клінік «Медсі». Адну з іх нядаўна пераабсталявалі ў інфекцыйную лякарню, і з красавіка яна будзе прымаць хворых на каранавірус.

Там агулам маюцца ў наяўнасці да 500 ложкаў і 40 апаратаў ШВЛ. На пытанне газеты «Ведомости», ці прадугледжаныя там адзінкавыя палаты класа «люкс», прадстаўніца кампаніі, аднак, не адказала.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках