27 красавiка 2024, Субота, 6:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Бегаюць, як малпы, з таўшчынямерам вакол 20-гадовых машынаў»

62
«Бегаюць, як малпы, з таўшчынямерам вакол 20-гадовых машынаў»

Прызнанні беларускага «перакупа».

Не ўсякі "перакуп" пагодзіцца пагутарыць з журналістам. Аднак карэспандэнт abw.by на ўмовах ананімнасці здолеў пагутарыць з чалавекам, які ўжо не першы год займаецца продажам аўтамабіляў і знутры ведае, якія змены адбываюцца на рынку.

Усё менш добрых машынаў

– У Беларусі лепш за ўсё прадаюцца машыны за 2000–5000 даляраў. У гэтым дыяпазоне працуе вялікая частка "перакупаў". Канкурэнцыя велізарная, "вылавіць" добры варыянт у інтэрнэце складана. Самыя выгадныя машыны прадаюцца цягам некалькіх гадзінаў. Ёсць калегі, якія набываюць аўтамабілі не гледзячы. Дамаўляюцца праз тэлефон і адразу адпраўляюць задатак. Бывае, трапляецца добры варыянт, а часам "трапляюць" на грошы.

Самыя выгадныя аўтамабілі, як правіла, набываюцца па-іншаму: прапануюць знаёмыя, знаёмыя знаёмых і гэтак далей. Гэта тыя аўто, якія да аб'яваў у інтэрнэце не даходзяць.

Хтосьці супрацоўнічае з эвакуатаршчыкамі – тыя, натуральна, не за дзякуй "падганяюць" кліента. Яшчэ лепш мець сваіх людзей у страхавой сферы. Агенты "зліваюць" нумар тэлефона ўладальніка, а "перакуп" тым часам ужо ведае, колькі той атрымае праз страхоўку.

Толькі з пераафармленнем

Яшчэ адна складанасць, з якой усё часцей даводзіцца сутыкацца, – нежаданне людзей прадаваць машыну без пераафармлення. Усе баяцца наступстваў, людзей зразумець можна. Але і мы ў такім выпадку рызыкуем не менш. Некаторых атрымоўваецца пераканаць грашыма: "Не хочаш прадаваць так, скідай кошт". Калі прадавец зусім незгаворлівы, а варыянт цікавы, даводзіцца афармляць машыну на "вешалку".

Яшчэ ёсць праблема ў тым, што з кожным годам "жывых" машынаў становіцца ўсё менш. Праз тэлефон машына "агеньчык", а прыязджаеш глядзець – адкрыты хлам. Але пры гэтым усе любяць скардзіцца менавіта на "перакупаў", хоць у большасці выпадкаў машына "з-пад гаспадара" выглядае нягегла. І не важна, колькі гадоў чалавек на ёй ездзіць. Наш пакупнік любіць, калі машына доўга была ў аднаго чалавека, але паверце, гэта далёка не заўсёды гарантыя яе захаванасці.

Прабег не большы за 300.000 км

Самае цікава, што за апошнія гады колькасць ахвотных набыць 10–20-гадовы аўтамабіль у стане новага толькі расце. Уявіце: прадаеш 20-гадовы аўтамабіль за 3000 даляраў, а яго прыязджаюць глядзець "разумнікі" і як малпы бегаюць вакол з таўшчынямерам.

Нядаўна прадаваў 18-гадовую дызельную машыну з прабегам 440 тысячаў кіламетраў. Стан быў вельмі добры, салон у ідэале. Сам бачыў, што ў іншых машынаў у продажы з прабегам нібыта 250–300 тысячаў стан у цэлым і салона асобна горшы. Гэтая машына прадавалася дастаткова доўга, нібыта прычапіцца не было да чаго, але лікі прабегу адпужвалі. Усе хочуць бачыць на машыне любога класу і ўзросту прабег не большы за 300 тысяч. Гэта нейкі псіхалагічны бар'ер.

Калі чуеш, што чалавек ужо паўгода і болей шукае машыну і не можа знайсці, становіцца ясна, што ён увогуле наўрад ці калі-небудзь набудзе сабе аўтамабіль. У такіх ёсць магчымасць набыць машыну за 2000–3000 даляраў, а жадання і запыты – быццам глядзяць нешта за 10.000.

Яшчэ адзін трэнд – павелічэнне колькасці "прафесійных" агляднікаў. Як правіла, яны прыязджаюць глядзець машыну самі, у той час як заказчык можа знаходзіцца ў іншым горадзе. Некаторыя аўтападборнікі разбіраюцца ў машынах як свіння ў апельсінах. Толькі і ўмеюць, што тыкаць таўшчынямерам і падключаць дыягностыку праз мабільнік. У прынцыпе ім гэтага хапае.

Чалавек фатаграфуе выключна хібы, пацёртасці і, вядома ж, паказанні таўшчынямера. На станоўчым увагу не завастраюць. Самі разумееце, якое потым уражанне пра машыну складзецца ў заказчыка, калі яму буйным планам паказваюць толькі праблемныя месцы.

У размове адзін такі агляднік прызнаўся, што ён не надта зацікаўлены ў тым, каб чалавек узяў тую ці іншую машыну. Яму ж плацяць за сам агляд, а там не важна, спадабаецца кліенту аўто ці не. Сказаў: "Мне нават прасцей, калі не набываюць. Потым хоць не будзе прэтэнзій, калі раптам нешта не ўгледзеў".

Таксама папулярнасць набіраюць "аўтакомісы". Фактычна гэта тыя ж "перакупы", толькі легалізаваныя. Плюс пляцовак у тым, што яны могуць прадаць аўто ў крэдыт, абмяняць або выкупіць. Сярод іх уладальнікаў хапае як былых, так і дзейных перагоннікаў і "перакупаў".

Дробныя "перакупы" таксама часам прадаюць аўто праз камісіёнкі. Некаторыя людзі прынцыпова не гатовыя набыць машыну ў "перакупа", і тады продаж праз "аўтакоміс" становіцца добрым варыянтам, хоць і даводзіцца дзяліцца. Многія перагоннікі машынаў з Еўропы таксама імкнуцца там прадаваць машыны. Дамова заключаецца паміж пляцоўкай і юрыдычным уладальнікам, цяпер гэта "льготнікі". Фактычны ўладальнік нідзе не "свеціцца", усе задаволеныя.

У цэлым апошнія паўгода-год рынак нарэшце больш-менш ажыў і стабілізаваўся пасля ўсіх падзей 2014–2015 гадоў. У ходзе танныя машыны, а пасля выхаду 140-га ўказа заўважна павялічылася плынь аўто з Еўропы і ЗША. Аўтамабілі з Расеі – рэдкасць.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках