8 красавiка 2020, Серада, 14:59
Заставайся дома!
Рубрыкі

Андрэй Войніч: У галаве Лукашэнкі грае дзіўны квартэт

50
Андрэй Войніч: У галаве Лукашэнкі грае дзіўны квартэт
ІВАН КРЫЛОЎ, байка «Квартэт», кадры з мультфільму

Людзі ў галечы, а ён сабе новы самалёт купляе.

Ці можна казаць пра тое, што для беларускай улады сапраўды склалася «няпростая сітуацыя» і за некалькі месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў нэрвуюцца больш, чым зазвычай? Днямі прагучала некалькі неадназначных заяў Лукашэнкі, якія могуць выдаваць пэўныя настроі на высокіх паверхах улады.

Сітуацыю ў краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года для сайта Charter97.org пракаментаваў незалежны блогер і актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Войніч.

- Як бы Вы пракаментавалі нядаўнюю выправу Лукашэнкі на ягоным малую радзіму ў Шклоў? Якія з яе можна зрабіць высновы аб стане беларускай улады ў гэты перыяд?

- Пачнем з таго, што Лукашэнка штогод кажа, што «ў нас будзе нялёгкі год» або «ў нас быў нялёгкі год» - у гэтым сэнсе ў яго нічога не мяняецца. У нас «нялёгкія гады» ўжо назапасіліся ў такой колькасці, што чалавека здзівіць гэтым практычна немагчыма, а напалохаць пагатоў. Гэта, з аднаго боку, простая балбатня, але, іншага боку, гэтым разам для правадыра ў першасным сэнсе надышоў сапраўды няпросты год.

Па-першае, адбыліся пэўныя змены ў сацыяльнай сфэры: падаражэнне камунальных паслуг, праезду, пераразлік заробкаў бюджэтнікам... Бюджэтнікі, дарэчы, вельмі незадаволеныя. Я ў мінулым медык і маю стасункі з людзьмі, якія працуюць у медыцынскай сфэры. Людзі вельмі незадаволеныя: быццам у іх мае стаць больш даходу, але ў рэальнасці становіцца менш - плюс інфляцыя. Гэта значыць, сітуацыя напраўду дастаткова жорсткая і крытычная.

З нагоды выправы правадыра на Шклоўшчыну... Як бы сказаць мякчэй... Лукашэнка стаў такім эмацыйным падлеткам-гопнікам. Ён, у прынцыпе, і быў ім, але ў гэтым выпадку з яго гэта «прэ» ўжо без усякага стрымлівання.

Тут нават не важна, што ён сказаў - важна, як ён сказаў. Нічога станоўчага ён не выдаў там: «нахілілі» на нафце, «паставілі...». Які кіраўнік, што паважае сябе, будзе рабіць такія заявы на камеру? Па-мойму, гэта граніца маразму, абсурду для выказванняў чалавека.

Глядзіш на яго - і адчуванне такое, што гэта байка Крылова «Квартэт». Такое адчуванне, што ў ягонай галаве, у ягонай асобе ўсе гэтыя малпы, аслы (хто там яшчэ быў?) склаліся ў такі дзіўны квартэт - і кожны спрабуе для сябе граць. І гэта ўсё ў адным чалавеку адначасова выплюхваецца вонкі праз ягоны «слоўны дрыстун». Вось уласна усё, што можна сказаць пра ягоную выправу на Шклоўшчыну. У прынцыпе тое ж самае можна сказаць амаль пра ўсе ягоныя выказванні апошнім часам. Яны вельмі эмацыйныя і неканструкцыйныя.

- Пасля Шклоўшчыны была нарада аб праблемах аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці, дзе ён заявіў, што фактычна цэлая вобласць павінна вярнуць яму 1,5 мільярда даляраў. Гэта, здаецца, першая заява ў такім ключы - раней гаворка ішла выключна пра "падтрымку" аграрнікаў. Ці з'яўляецца гэта нейкім важным сімптомам, на Вашу думку?

- Што ж, чалавек, зноў павёў сябе, як гопнік, прычым гопнік непісьменны. Чалавек давёў сельскую гаспадарку да той стадыі, у якой яно не можа зарабляць нават на сябе, у нуль выйсці не можа. Ён пасадзіў яе на датацыі, на субсідыі, якія сябе не апраўдваюць. Гэта значыць, гэтая ягоная «планавая эканоміка» не дзейнічае і дзейнічаць не будзе ніколі. У прынцыпе, яна нідзе ніколі не дзейнічала. Але Лукашэнка чамусьці шчыра перакананы ў адваротным, можа быць, ён гэта робіць назнарок, як клуб шкоднікаў нейкі.

Пры тым, што ён гэта сам усё зрабіў, загнаўшы ў пазыкі аграрнікаў, цяпер ён патрабуе, каб яны гэтыя пазыкі вярнулі. Уся гэтая сітуацыя не тое што вымаганнем тхне - гэта чыстай вады бандытызм. Так бандыты ў 90-я ставілі чалавека ў такія варункі, каб ён працаваў у мінус, залазіў у пазыкі, якія потым з яго спаганялі. Бо ім з іншага чалавека, не звязанага з імі, цяжка было ўзяць грошы, няма чаго было выставіць. А тут правадыр наўмысля стварыў сітуацыю, пры якой ёсць што выставіць.

У прынцыпе, ён не мае рацыі нават юрыдычна, не кажучы ўжо пра тое, што ён не можа патрабаваць 1,5 мільярда даляраў з людзей, якія жывуць надгаладзь, у большасці сваёй у сельскай мясцовасці. А ён з іх патрабуе грошы. Не наўпрост вядома, а праз ўлады гэтага рэгіёну. Але ў кожным выпадку, улады будуць забіраць гэтыя сродкі з простых людзей - праз падаткі, праз паборы, праз прымусовую падпіску на афіцыйныя газэты. Спосабаў вымагання Лукашэнка ўвёў столькі, што адгадаць, якімі ў гэтым выпадку будуць карыстацца, проста немагчыма. Але яны будуць карыстацца і яны будуць даводзіць да стану надзвычайнай галечы ўсю вобласць.

- Як Вы пракаментуеце, што на фоне такой заявы з'явілася інфармацыя аб куплі Лукашэнкам новага Business Jet, які каштуе даволі-такі не танна.

- 102 мільёны даляраў. Так, я пра гэта пісаў у «Фэйсбуку». А пракаментаваць усё вельмі проста напраўду.

Я параўноўваю паводзіны гэтага чалавека з тым, як маленькае капрызлівае дзіцятка ў беднай сям'і разбіла каленку, і мама, замест таго, каб купіць дадому батон каўбасы або пачак малака, або ёд, каб памазаць каленку, ідзе і купляе яму цукеркі. Такім чынам, Лукашэнка купіў сабе «цукерку» - у той час, калі ў яго каленка разбітая.

Прычым не ў аднаго яго - ён разбіў калені ўсёй краіне. Але сябе, бо яму, ці бачыце, блага (я маю такое адчуванне, што яму душэўна ой як блага), ён пацешыць такой цацачкай. Пры гэтым ён не змог схаваць ад СМІ дарагі самалёт. Выйшаў розгалас - гэта ж не шпілька дыяментавая. А колькі цацак і на якія сумы ён дапраўды купляе сабе для такой баўкі, мы не ведаем. І пакуль ён не сыдзе ад улады, пакуль яго не будуць судзіць, мы і не даведаемся.

Мая думка пра ўсе апошнія падзеі: усё гэта - агонія лукашэнкавай улады, гэта сапраўдная агонія. Цяпер ён паедзе ў Добруш - і там цяпер косяць траву ўзімку. І начальніца горада паказала блогеру дулю ў камеру. Гэта гістэрыка. Гэта агонія ўлады. Яе, гэтай улады, ужо не будзе неўзабаве. Усё! Кропка. Мая думка такое: Лукашэнка не ўтрымаецца сам. Таму няхай рыхтуецца да выбараў. Выбары будуць сур'ёзныя.

- А якія настроі сярод звычайных беларусаў? І настроены яны гэтак жа, як і Вы, на тое, што гэтыя выбары вельмі важныя і «прабіла часіна X»?

- Тут можна падзяліць людзей на некалькі катэгорый.

Вельмі вялікая колькасць людзей разумее, што час прыйшоў, што ўжо валаводзіць больш няма куды. Настроеныя, у большасці сваёй, катэгарычна на змену ўлады. Гэта факт. Калі браць ступень ахвоты да нейкіх сур'ёзных крокаў, то ўсё ж такі такіх людзей таксама большасць.

Але ёсць дастатковая група людзей, якая не ахвочая яшчэ да такіх сур'ёзных крокаў. Але я думаю, што гэтая «прагрэсія эканамічнага дна», якая цяпер назіраецца, можа падштурхнуць і гэтых людзей да нейкіх сур'ёзных дзеянняў.

Пры гэтым людзі, якія яшчэ не гатовыя, настроеныя радыкальна супраць Лукашэнкі і супраць ягонай улады. Проста яны мяркуюць, што пакуль што яны яшчэ маюць што траціць. Гэта людзі, якія ў наступныя месяцы, праз становішча спраў у эканоміцы, зразумеюць, што напраўду траціць ужо няма чаго.

З нагоды настрояў сярод знаёмых: неўзабаве будзе сустрэча выпускнікоў-медыкаў. Мы стварылі агульную суполку, дзе гутараць больш за 60 чалавек. Апошнім часам я заўважаю там, што людзі вельмі незадаволеныя. Менавіта медыкі незадаволеныя ўладай і становішчам спраў настолькі, што татальна шукаюць працу ў Польшчы, у Літве, у Латвіі. Ахвочыя перабірацца - бо гэта ж сямейныя людзі. Гэта значыць, гэта 40-гадовыя жанчыны з сем'ямі і дзецьмі, якія ахвочыя ездзіць вахтавым метадам за мяжу і працаваць там. Ахвочыя вучыць мову. Ахвочыя здаваць экзамены. Бо тут працаваць немагчыма: медыцынская сфэра забітая.

Тое ж самае, мне здаецца, адбываецца і з усімі бюджэтнымі сфэрамі. У мяне брат на адным з заводаў працуе ў Менскай вобласці, ён пісаў надоечы, што працаваць стала вельмі цяжка: вымушаюць сыходзіць у адпачынкі за свой кошт, з заробкамі праблемы. Гэта значыць, Лукашэнка сам робіць усё, каб людзі яго не «выбралі».

- Што б Вы хацелі сказаць той катэгорыі людзей, якія незадаволеныя, але яшчэ не гатовыя выходзіць на пратэсты?

- Я магу сказаць гэтым людзям толькі адно. Лукашэнку можна змяніць, выходзячы на вуліцы. Практыка «парламенцкіх выбараў» паказала, што ён гэтага баіцца.

Гэта значыць, мы выходзілі на вуліцу ў «парламенцкія выбары», мы выходзілі на вуліцу ў падтрымку незалежнасці - і гэта ўсё адгукнулася сур'ёзным перапудам для ўлады. Не таму быў уведзены ў дзеянне гэты «судовы канвеер», што Лукашэнка хоча пальчыкам паківаць, а таму, што ён баіцца.

І гэта значыць, што толькі такім чынам, выходзячы на вуліцы, паказваючы свой пратэст, паказваючы сваю незадаволенасць публічна, мы можам змяніць сітуацыю ў краіне. І тады тыя людзі, якія незадаволеныя цяперашнім становішчам, будуць мець шанц яго выправіць.