27 красавiка 2024, Субота, 1:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выбары ў ЗША: Папулярнасць мільярдэра Блумберга расце

Выбары ў ЗША: Папулярнасць мільярдэра Блумберга расце
МАЙКЛ БЛУМБЕРГ
ФОТА: BLOOMBERG.COM

Ён зможа ўдзельнічаць у дэбатах дэмакратаў.

Былы мэр Нью-Ёрка мільярдэр Майкл Блумбэрг заручыўся дастатковай падтрымкай прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі, каб упершыню ўдзельнічаць у дэбатах патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. У сераду мільярдэр упершыню будзе ўдзельнічаць у дэбатах у Невадзе, паведамляе ВВС.

Акрамя яго, на сцэну адной з канцэртных залаў Лас-Вегаса паднімуцца былы віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, экс-мэр невялікага горада Саўт-Бэнд у штаце Індыяна Піт Бутыджыч, сенатарка ад штата Мінесота Эмі Клобушар, сенатар ад Вермонта Берні Сандэрс і сенатарка ад Масачусетса Элізабэт Уорэн.

Каб трапіць на дэбаты, Блумбергу трэба было атрымаць больш як дзесяць адсоткаў паводле вынікаў апытанняў сярод прыхільнікаў дэмакратаў. У аўторак апытанне, арганізаванае грамадскім радыё, праграмай PBS Newshour і фондам грамадскай думкі Marist, паказала, што Блумберга падтрымліваюць 19% апытаных.

Гэта падымае былога мэра Нью-Ёрка на другое месца сярод астатніх кандыдатаў ад партыі. Лідарства захоўвае Берні Сандэрс з 31%.

За імі стаяць Джо Байдэн (15%) і Элізабэт Уорэн (12%).

Каментатары адзначаюць, што кампанія Блумберга за апошні час размесціла вялікую колькасць рэкламы ў СМІ і інтэрнэце, выдаткаваўшы на гэта некалькі сотняў мільёнаў даляраў. Паводле звестак Сі-эн-эн, на прэзідэнцкую кампанію мільярдэра ўжо працуюць больш за 2 тыс. чалавек – як у Нью-Ёрку, так і ў іншых раёнах ЗША.

Пытанні пра ператрусы

"Майку не церпіцца выйсці на сцэну з астатнімі кандыдатамі ад дэмакратаў і расказаць, чаму ён найлепшы кандыдат для таго, каб перамагчы Дональда Трампа і аб'яднаць краіну", – заявіў мэнэджар кампаніі Блумберга Кевін Шыкі.

Канкурэнтныя былому мэру Нью-Ёрка Уорэн і Сандэрс абвінавачваюць Блумберга ў спробе забяспечыць поспех выключна за кошт свайго багацця. Берні Сандэрс на сходзе чальцоў Дэмакратычнай партыі ў суботу сказаў, што "амерыканскі народ стаміўся ад мільярдэраў, якія набываюць выбары".

Блумбэрг адмаўляе падобныя абвінавачванні і прапануе спансаваць кампанію дэмакратаў супраць Дональда Трампа, нават калі сам ён яе не ўзначаліць.

Падчас дэбатаў Блумбергу трэба будзе адказаць на складаныя пытанні пра сваю працу мэра Нью-Ёрка.

Блумберга-мэра крытыкавалі за падтрымку заканадаўства, якое дазволіла паліцыянтам праводзіць вулічныя ператрусы. На практыцы такія ператрусы часцей за ўсё зазнавалі чарнаскурыя і лацінаамерыканцы.

За падтрымку гэтай палітыкі экс-мэр ужо прасіў прабачэння, аднак Джо Байдэн тым не менш абяцаў, што падрабязна распытае пра яе Блумберга на дэбатах.

Кандыдатка Эмі Клобушар раней казала, што Блумбэрг павінен удзельнічаць у дэбатах. "Ён не можа хавацца за эфірам і павінен адказваць на пытанні", – сказала яна ў адным з інтэрв'ю.

Перад бітвай

Беспрэцэдэнтная ў маштабах рэкламная атака Майкла Блумберга дала яму платформу для прасоўвання сваёй кандыдатуры. Пакуль усё працуе выдатна.

Аднак у сераду ў Лас-Вегасе яму трэба будзе ўпершыню выйсці на сцэну з жывымі спаборнікамі. Блумбергу варта падрыхтавацца да цяжкай размовы.

Цяжка ўявіць, каму з апанентаў-дэмакратаў цяпер магло б быць нявыгадна атакаваць Блумберга. Калі памяркоўныя кандыдаты хочуць атрымаць хоць нейкую падтрымку ў дзесяці штатах, дзе цягам некалькіх тыдняў будуць праходзіць праймерыз, ім давядзецца адабраць у былога мэра Нью-Ёрка частку электарату.

А для левых і прагрэсіўных Сандэрса і Уорэн мільярдэр Блумберг увасабляе адмоўны ўплыў вялікіх грошай на амерыканскую палітыку.

Хоць у апошні час амерыканскія СМІ часта пішуць пра Блумбэрга негатыўна, увага да яго прэсы не слабее, а падтрымка сярод электарату расце. Цяпер у яго ёсць шанец даказаць, што гэтаму хайпу можна верыць.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках