25 красавiка 2024, Чацвер, 11:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З міру па нітцы - убогаму штаны

25
З міру па нітцы - убогаму штаны
УЛАДЗІМІР ХАЛІП

Нядзельны падарунак уладаў быў сціплы і прадказальны. Павысіліся кошты бензіну і саляркі.

Усяго на капейку. Аднак з пачатку года гэта ўжо шостым разам. Добры ўзялі тэмп. Калі ўлічыць, якія жарсці разгарэліся ў гэтай сферы, няцяжка здагадацца, што чакае аўтамабілістаў у агляднай перспектыве.

А таму ў Магілёве цалкам натуральна намеціўся сход тых, чые гаманцы на задуму ўладаў павінны ў нейкай ступені кампенсаваць страты бюджэту ад распачатага ўсходнім суседам падатковага манеўру. Падзея быццам бы звыклая, і чыноўнікам ладзіць з такой нагоды звычайную валтузню з судамі і кутузкамі падстаў не было. А вось цікавасць да такога сходу з боку журналістаў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам «Белсат», цалкам прадказальная і зразумелая. Ды і ўсім карысна было б пачуць меркаванне тых, каму нядзельны падарунак адрасаваны.

Але вось тут і пачалося нешта няўяўнае. Ледзь з пад'езда дома выйшла журналістка, якая разам з тэлеаператарам павінна была падрыхтаваць рэпартаж аб тым сходзе, як яе сустрэў прадстаўнік нашай усюдыіснай і бескампраміснай міліцыі. Ды да таго ж не які-небудзь участковы або сціплы чын з двума вузкімі лычкамі, а бравы падпалкоўнік.

Не, рукі не заломлівалі. І аўтазак паблізу заўважаны не быў. Высокі чын карэктна патлумачыў, што гэта не затрыманне. Проста ўзнікла неабходнасць адразу даставіць журналістку ў пастарунак. Што і было неадкладна выкананае.

Тры гадзіны праз «не затрыманую» выпусцілі. Натуральна, з пратаколам аб затрыманні. Інфармацыйныя сайты цытуюць гэты дакумент, у якім проста ашаламляе юрыдычная вытанчанасць у вызначэнні віны парушальніцы рэжымнага спакою. «Незаконны выраб прадукцыі СМІ». Але чамусьці не пазначана, колькі скрынь, цюкоў або бочак незаконнай «прадукцыі СМІ» ўжо было адгружана прастадушнаму спажыўцу.

Ды і не гэтак важна, што там напісана. Куды цікавей было б даведацца, у якую капейчыну вылецела беднай краіне гэтая спецаперацыя ў прадухіленні чагосьці. Паколькі быў затрыманы заадно і тэлеаператар, які ехаў на таксоўцы. У ашаломленага кіроўцы доўга і старанна супрацоўнікі міліцыі правяралі дакументы. Так ці інакш, але бравая група надзвычай адказных вартавых вонкавага парадку ўсімі сіламі старалася прадухіліць з'яўленне інфармацыі аб сходзе непакорлівых аўтамабілістаў на тэлеэкране.

Аднак здымкі гэтай акцыі ўсё ж адбыліся. Абураных кіроўцаў здымалі тыя самыя людзі з камерамі, якія з'яўляюцца звычайна там, дзе збіраюцца больш за тры чалавекі. А тут іх было дзясяткі два, незадаволеных сталым ростам коштаў паліва. Так, быццам бы дробязь капейка. Але рэжым усім выразна паказаў, што сваю мудрагелістую капейчыну ні за якія пернікі не аддасць. Нікому і ніколі. Чаго б гэта ні каштавала.

Таму што так лёгка і проста, як было раней, яе ўжо не здабыць. Ды і палёт у Сочы надзей не апраўдаў. Падступны хаўруснік злосна перакрыў трубу. Яна больш не падцякае. І з таго боку, дзе паводле легенды размешчанае элітнае карыта для асабліва адданых прыхільнікаў гэтай вертыкальнай улады, ужо выразна чуюцца нараканні незадаволенасці.

Пусцее тара для асабліва абраных. Толькі на выплату вонкавай пазыкі сёлета спатрэбіцца тры мільярды даляраў. Пайшлі нават чуткі, што зноў уключаны друкаваны станок. А крамлёўскія кампаньёны здзекуюцца: якія яшчэ зніжкі, якая кампенсацыя за наш падатковы манеўр? Нельга ж кошты рэгуляваць. У нас свабодны рынак. Умяшанне не трывае. Нафта патрэбная – ідзіце, дамаўляйцеся. З нафтавымі кампаніямі. Лепш з невялікімі. Сусветнымі коштамі. Вядома, нададзім садзейнічанне. Але гэта не дапаможа. Рынак!..

А вось усякім падпалкоўнікам і іншым дбайным ахоўнікам традыцый нахабнага ад усёдазволенасці рэжыму, не пралічыцца б у нястомных пошуках лішняй капейчыны для збяднелай улады. Не наступіць бы ў мітусні на ўсім вядомыя граблі, якія ў такіх выпадках па шапцы з брылём б'юць больш балюча, чым вымова за няспрытнасць. Рэпутацыя губляе таварны выгляд. Залішняя стараннасць наогул дрэнная якасць. Тым больш у эпоху пераменаў. Пра што неаднаразова папярэджвалі класікі — савецкія, прытым.

Калі ўсім вядомы мэнэджар Астап адчуў відавочны дэфіцыт грашовых знакаў, ён таксама задумаў рамонт Правалу. Але не такога безнадзейнага, як у нас. А таго самага, з вялікай літары. Запусціў у вольны продаж квіткі коштамі цалкам ніштаватымі. Ды яшчэ са зніжкай для студэнтаў і сябраў прафсаюза. І свой праект рэалізаваў паспяхова. Нават суровыя міліцыянты падзяліліся з прадпрымальным прарабам нейкай часткай асабістых зберажэнняў.

І было б наіўна меркаваць, што пры фінансаванні работ для аварыйнай ліквідацыі цяперашняга правалу наша ўлада кагосьці пакіне ў баку. Страсянуць, як не аднойчы было, і паплечнікаў, і нават ахоўнікаў. Ёй пазарэз неабходны ўсеагульны ўдзел у такой вялікай справе. Гэта ж даўняя традыцыя - усе свае прарэхі з нейтралізацыяй іх бачных наступстваў абвяшчаць справай усенароднай.

А зрэшты, нічога асаблівага ў Сочы ў гэтую пятніцу не адбылося. Проста гэты прымітыўны рэжым, які ўзнік на зыбкай глебе саўгаса «Гарадзец», заканчвае свой ганебны шлях. І ўпэўнена ўступае ў стадыю банкруцтва. Перасохла труба з таннай нафтай. А набываць яе сусветнымі коштамі - гэта значыць, забыцца аб даходах, якія дазвалялі столькі гадоў трымацца на паверхні.

І таму з кожным новым днём усё больш абвастраецца ягоная цікавасць да змесціва гаманцоў, кішэняў і запасаў грамадзян гэтай пакуль яшчэ не да канца абрабаванай краіны. Вядома, няўдачніку патрэбныя значныя сумы. Лепш бы ў цвёрдай валюце. Аднак і тутэйшай капейчынай лузер не пагрэбуе.

Гэта толькі здаецца, што капейчына - дробязь. Як бы не так! Яна ўсплыве пры аплаце рахункаў за камунальныя паслугі. У цэнніках на паўсядзённыя прадукты. Пры аплаце за праезд. І нават там, дзе пабораў вы ніяк не чакалі. Усё палічанае. З міру па нітцы - убогаму штаны. Ды яшчэ з лампасамі. Вертыкальная ўлада даўно ўжо засвоіла асноўны закон драздоўскай эканомікі.

Капейка даляр беражэ.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Сharter97.org

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках