26 красавiка 2024, Пятніца, 18:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслава Гліннік: Беларусы з'язджаюць, каб вярнуцца

7
Станіслава Гліннік: Беларусы з'язджаюць, каб вярнуцца
Станіслава Гліннік

Як унучка Станіслава Шушкевіча дапамагае беларускім уцекачам у Варшаве.

Станіслава Гліннік - унучка першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча. У 2013 годзе яна паехала на навучанне ў Польшчу, а ў 2020-м стала адным з заснавальнікаў арганізацыі Беларускі Моладзевы Хаб, якая ўваходзіць у асноўны склад Цэнтра Беларускай Салідарнасці.

Пра падзеі ў Беларусі і што сёння робіцца для дапамогі беларусам у Варшаве, Станіслава распавяла сайту Charter97.org.

- Станіслава, як ты, унучка першага кіраўніка незалежнай Беларусі, апынулася ў Польшчы?

- У 2013 годзе я прыехала сюды паводле праграмы імя Кастуся Каліноўскага. Да гэтага я вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на спецыяльнасці «Біятэхналогія», але забрала дакументы. Цягам гэтага года мяне затрымалі на працы, бо мы здавалі памяшканне незалежным назіральнікам на «парламенцкіх выбарах». Праз тое, што я з палітычна ангажаванай сям'і, якія-небудзь праблемы і цікавасць да мяне ўзнікала цягам усяго жыцця. У выніку я зразумела, што атрымліваць адукацыю мне лепш за мяжой і падала дакументы на праграму Каліноўскага, па якой сюды прыехала.

Тут я прадоўжыла адукацыю ў Варшаўскім універсітэце, але так як зразумела, што ў мяне не гуманітарны склад розуму, змяніла ўніверсітэт і цяпер заканчваю SGGW (Szkoła Główna Gospodarstwa Wiejskiego - Галоўная школа сельскай гаспадаркі) у спецыяльнасці «Гастранамія і гатэльная справа».

- А як Станіслаў Станіслававіч паставіўся да таго, што ты вымушаная была з'ехаць з Беларусі?

- У прынцыпе, ён не меў нічога супраць. Размовы пра тое, што я магу атрымаць адукацыю за мяжой, вяліся, напэўна, цягам усяго майго жыцця. Было зразумела, што сям'я не зможа аплачваць маю адукацыю. Мы казалі пра тое, што калі я змагу паступіць на бясплатнае, калі я змагу сама давесці, што здолею вучыцца за мяжой і атрымаць дыплом, то з боку сям'і няма перашкод. Адзінае, што мы адразу вызначылі, што я не павінна застацца за мяжой пасля вучобы. Атрымаць адукацыю за мяжой - гэта адно, а застацца недзе назусім - гэта зусім іншае.

- Гэта значыць, плануеш пасля атрымання дыплома вярнуцца ў Беларусь?

- Вядома. І апошнім часам спрабую паскорыць гэты момант.

- Як спрабуеш паскорыць? Праз сваю грамадскую дзейнасць?

- Так, у мяне ўжо ёсць нейкі досвед грамадскай дзейнасці, я бачу, чым магу займацца па вяртанні ў Беларусь. У маёй сям'і таксама ёсць цікавыя праекты. Бацька арганізуе беларускі культурны цэнтр на мяжы з Літвой. Ёсць шмат цікавых рэчаў, якія трэба рабіць у Беларусі.

У Варшаве я занялася актывізмам толькі сёлета. Да гэтага я ўвесь час сябравала з нейкімі арганізацыямі, перыядычна брала ў чымсьці удзел, вяла больш культурныя мерапрыемствы, ладзіла літаратурныя вечары, арганізоўвала канцэрты беларускай і ўкраінскай музыкі. У актыўную палітычную дзейнасць я патрапіла 18 чэрвеня гэтага года, абсалютна выпадкова, бо гэта быў перыяд, калі ў Беларусі пачаліся масавыя арышты. Наколькі я памятаю, на той момант ужо арыштавалі і Сяргея Ціханоўскага, і Віктара Бабарыку. У Менску пачалі выбудоўвацца ланцугу салідарнасці.

- Акурат 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і арыштавалі.

- І патрэбен быў адказ ад Варшавы, патрэбна была акцыя. Усе хацелі выйсці і выказаць салідарнасць. На жаль, ніводная з наяўных на той момант арганізацыяў не арганізавала пратэст, на які маглі б прыйсці ўсе. Я ўбачыла ў каментарах у групах беларусаў у сацсетках, што людзі пачынаюць самі збірацца, але разумела, што ніхто не дамовіўся з польскай паліцыяй. Таму што згодна з польскім заканадаўствам не трэба прасіць дазволу, але трэба паведаміць пра тое, што будзе акцыя. Я зарэгістравала акцыю на сябе, стварыла сустрэчу і паклікала ўсіх.

Вось так прайшла першая акцыя пад пасольствам Беларусі 21 чэрвеня, на якую прыйшло больш за паўтара тысяч чалавек. І пасля гэтага вельмі шмат людзей мне напісалі, вельмі шмат людзей падыходзілі на самой акцыі, пачалі з'яўляцца нейкія ідэі, вакол мяне з'явілася група актыўнай моладзі, і мы прадоўжылі праводзіць акцыі цягам усяго лета, аж да заснавання Цэнтра беларускай салідарнасці.

- Ты стала адной са стваральніц у Варшаве арганізацыі Беларускі Моладзевы Хаб?

- Так, разам з Аляксандрам Лапко і Андрэем Ракевічам мы стварылі Беларускі Моладзевы Хаб. І Беларускі моладзевы хаб стаў сузаснавальнікам Цэнтра Беларускай Салідарнасці. Мы цяпер працуем з офіса на Oleandrów 6, кансультуем беларусаў, якія сюды прыязджаюць, не толькі рэпрэсаваных бежанцаў, але і агулам усіх людзей, якія апошнім часам выехалі з Беларусі на розныя абставіны.

Шмат хто з'язджае праз пачуццё небяспекі, неабавязкова быць пры гэтым арыштаванымі. Мы дапамагаем па магчымасці ўсім. Я асабіста кансультую сем'і з дзецьмі аб тым, напрыклад, як аддаць дзіця ў школу, як легалізаваць тут сваё пражыванне. Наша спецыялістка Ганна Канеўская дапамагае студэнтам, дапамагае запоўніць дакументы на праграму Каліноўскага альбо падабраць іншую прыдатную праграму, кансультуе наконт паступлення, моўных курсаў.

Аляксандр Лапко, кіраўнік нашага хаба і прадстаўнік By_help (арганізацыя, якая дапамагае з выплатай штрафаў і кампенсацый ахвярам гвалту сілавікоў), цяпер займаецца мерапрыемствамі. Мы праводзім онлайн і офлайн мерапрыемствы, у тым ліку адукацыйныя і інтэграцыйныя вебінары аб тым, як пачаць жыццё ў Польшчы. На іх мы гаворым аб адукацыі, працы, легалізацыі і аб карысных лайфхаках. У правядзенні офлайн мерапрыемстваў, вядома, падчас пандэміі ў нас ёсць сур'ёзныя абмежаванні. Але малалікімі групамі праводзім экскурсіі і вечары памяці, а таксама майстар-класы, напрыклад, у пляценні калядных вянкоў. Нядаўна быў вечар у гонар 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча: чыталі творы, рабілі відэаматэрыялы, якія пасля распаўсюджваем у Беларусі.

Па магчымасці стараемся рабіць як мага больш, канцэнтруючыся на тым, каб падтрымаць беларусаў. Стараемся запісваць відэа, рабіць медыяпраекты, распрацоўваць інфаграфіку.

- Ну а як ты ацэньваеш наогул эміграцыю беларусаў у Польшчу? Цяпер сур'ёзны рост?

- Рост сур'ёзны, але я параўноўваю з эміграцыяй украінцаў, бо заспела гэтую хвалю. Пасля пачатку Майдана ў Польшчу прыехалі 2 мільёны ўкраінцаў. Калі лічыць па прапорцыі - гэта як быццам бы прыехала 500 тысяч беларусаў. Гэта значыць, у параўнанні атрымліваецца, што не так ужо і шмат з'ехала людзей.

Усё ж, параўноўваючы з Украінай, я разумею, што ў нас спрацоўвае класічная гісторыя таго, што мы «тутэйшыя» і беларусы са сваіх зямель сыходзяць толькі тады, калі не застаецца іншага выбару.

- А ў якім настроі, у якім стане прыязджаюць людзі?

- У розным. Мне падабаецца, што ў большасці людзей, якія прыязджаюць, няма жадання асімілявацца ў Польшчы, быць палякамі і забыцца пра тое, што яны беларусы. Часцей за ўсё людзі прадаўжаюць у меру магчымага быць валанцёрамі беларускіх актыўных груп тут, шукаюць для сябе працу ў беларускіх арганізацыях. Хто быў актыўна заангажаваны ў грамадскі рух, прадаўжае быць у грамадскім руху, толькі цяпер адсюль.

Вядома, важны момант, што многія, на жаль, не ведаюць польскай мовы. Гэта часта ўплывае на магчымасці неяк працаўладкавацца, але, тым не менш, кожны можа нешта для сябе знайсці. Мы заўсёды рады валанцёрам, і людзі прадаўжаюць дапамагаць.

- Гэта значыць, большасць гатовая працаваць на сваё хуткае вяртанне дадому?

- Так.

- А ў ранейшыя гады такая тэндэнцыя хіба была?

- Мне здаецца, што не. З іншага боку, сярод маіх сяброў, якія маюць статус бежанцаў яшчэ з 2010 года, многія хацелі прадаўжаць дапамагаць Беларусі пазбавіцца ад рэжыму. Усё ж шмат рэдакцый беларускіх медыя, многія арганізацыі знаходзяцца тут. Тут працуюць людзі, якія часцей за ўсё паводле палітычных прычын не могуць вярнуцца дадому. Але мне здаецца, што дагэтуль вельмі мала беларускіх арганізацый маглі задаволіць запыт беларусаў на актывізм. Гэта значыць, людзі, можа быць, і хацелі прадаўжаць займацца беларускім пытаннем, але не маглі, бо не было арганізацый, якія маглі б іх накіраваць.

- Што цяпер робіць Моладзевы Хаб? Канкрэтна якую праграму дапамогі вы выконваеце?

- Мы цяпер рэалізоўваем праект супольна з фондам HumanDoc, у рамках якога кансультуем па працы, даём кансультацыі студэнтам, праводзім кансультацыі па легалізацыі, кансультацыі сем'ям. І акрамя гэтага мы арганізоўваем адукацыйныя, культурныя і інтэграцыйныя мерапрыемствы.

У рамках работы Цэнтра Беларускай Салідарнасці мы па магчымасці надаем матэрыяльную дапамогу. Але гэта часцей за ўсё не грашовыя выплаты. Дапамагаем знайсці жыллё на першы час. Калі чалавек мае патрэбу, мы можам аплаціць чалавеку жыллё на месяц. Паколькі з 1 снежня ў Польшчы можна працаваць паводле гуманітарных візаў, то мы стараемся падтрымаць чалавека толькі першы час, пакуль не ён знойдзе працу і не ўладкуецца.

Мы, вядома, хацелі б дапамагчы ўсім, але на гэта ў нас не выстарчыць рэсурсаў, таму дапамагаем толькі першы час і толькі тым, хто сапраўды не можа пражыць тут без нашай дапамогі. Таксама мы афармляем бясплатныя sim-карты, перадаём коды для супермаркета «Бедронка», у асноўным, у лагеры для бежанцаў і шэлтэры. Шэлтэры ўжо дзейнічаюць у Варшаве, Кракаве і Беластоку.

- Што такое шэлтэр?

- Гэта кватэра, прызначаная для таго, каб там часова маглі жыць людзі. Не ў лагеры для бежанцаў, а вось у такім месцы. І ў першы месяц яны могуць там жыць бясплатна, у другі - гэта палова кошту, і калі яны хочуць застацца там даўжэй, то ўжо павінны плаціць поўны кошт.

Для таго, каб атрымаць дапамогу ў Цэнтры беларускай салідарнасці, трэба звярнуцца на Інфалінію ЦБС на нумары +48722722500 альбо ў Тэлеграме па нікнэйму @cbshelp. Аператар інфалініі раскажа, чым можам дапамагчы. Гэта можа быць матэрыяльная дапамога, кансультатыўная дапамога, дапамога юрыстаў і многае іншае. У залежнасці ад вашых пытанняў, супрацоўнікі інфалініі накіруюць да патрэбных людзей, якія змогуць вам дапамагчы. Калі ёсць нейкія пытанні, якія непасрэдна Цэнтр не развязвае, у нас ёсць велізарная група валанцёраў, якія асабіста могуць дапамагчы: зарэгістраваць рахунак у банку, схадзіць у нейкі выканкам, прывезці вам прадукты, калі вы знаходзіцеся на карантыне. Агулам усякае пытанне можна задаць і даведацца. Часцей за ўсё мы можам дапамагчы.

- Ці цяжка беларусам уладкавацца на працу ў Польшчу?

- З 1 снежня афіцыйнай пастановай польскага ўрада беларусам, якія заязджаюць з гуманітарнымі візамі альбо паводле праграмы Poland Business Harbour, дазволена афіцыйна працаваць. Гэта значыць, больш не патрэбны дазвол на працу ў Польшчы. Раней трэба было пісаць ваяводзе, даведвацца, ці няма палякаў на канкрэтнае працоўнае месца. Часцей за ўсё гэта проста фармальная працэдура, але яна займае два-тры тыдні. Цяпер яе не трэба праходзіць, можна наўпрост уладкоўвацца на працу.

Але ёсць і іншы момант - веданне польскай мовы. Для працы ў Польшчы ведаць польскую мову трэба часцей за ўсё. Калі гэта праца на польскія кампаніі, а не на міжнародныя, дзе ідзе гаворка аб ангельскай мове. Без польскай мовы гэта можа быць толькі фізічная праца. Такіх варыянтаў шмат. Ёсць вялікая патрэба ў людзях на фабрыках, на складах, на заводах, кіроўцамі, дастаўшчыкамі. Гэта значыць, фізічную працу знайсці лёгка. Калі ж усё чалавек хоча працаваць на больш высокакваліфікаванай пасадзе, то трэба ведаць польскую мову.

На шчасце, беларусам лёгка вывучыць польскую, бо гэта блізкая моўная група. І цяпер не толькі мы, а таксама і іншыя арганізацыі прапаноўваюць паскораныя курсы польскай мовы. У нас цяпер няма новага набору, мы толькі што пачалі курс, а шукаем дадатковых выкладчыкаў. Я думаю, што са студзеня мы запусцім яшчэ адзін курс польскай мовы. У нас будуць групы і онлайн, і стацыянарныя.

- Кажуць, у палякаў вельмі добразычлівае стаўленне да беларусаў.

- Палякі вельмі любяць браць на працу менавіта беларусаў. Мяркуецца, і я з гэтым згодная, што беларусы – добрыя выканаўцы, працавітыя, не крадуць, не падманваюць. І таму досвед працы ў палякаў з беларусамі добры, вельмі ахвотна бяруць на працу, гэта праўда.

- Акрамя гуманітарнай дзейнасці вам даводзіцца займацца і палітыкай. Вы сёння выступаеце актыўна за ўвядзенне эканамічных санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі?

- Так. Мы падтрымліваем усе патрабаванні дэманстрантаў у Беларусі. Мяркуем, што Лукашэнка павінен сысці.

Галоўная мэта нашай работы напраўду - гэта спыніць гэтую працу. Цэнтр Беларускай Салідарнасці - гэта часовае аб'яднанне, створанае для экстранай дапамогі беларусам. І мы спадзяемся, што неўзабаве беларусам не трэба будзе нікуды ўцякаць. Магчыма, яшчэ нейкі час патрэбная будзе дапамога, каб вярнуцца дадому. На гэтым мы і скончым сваю дзейнасць.

Калі застануцца беларусы, якія захочуць жыць далей у Польшчы, яны змогуць стаць удзельнікамі культурных і інтэграцыйных працэсаў, наладжвання сяброўскіх сувязяў паміж Польшчай і Беларуссю. Але я спадзяюся, што нам больш не давядзецца дапамагаць уцекачам проста таму, што іх больш не будзе.

- Будзем спадзявацца. А што канкрэтна вы робіце для ўвядзення санкцый? Ідзе ўзаемадзеянне з польскімі ўладамі, праваабарончымі арганізацыямі?

- У гэты момант група валанцёраў Беларускага Моладзевага Хаба рыхтуюць лісты, звароты і да польскага ўрада, і да канкрэтных арганізацый, якія супрацоўнічаюць з беларускім бізнэсам. Мы хочам дамагчыся санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі ў Польшчы.

У той жа краме Carrefour можна дагэтуль набыць прадукты «Санта-Брэмар», напрыклад. Ёсць і будаўнічыя пастаўшчыкі. У нас ёсць спіс усіх гэтых пастаўшчыкоў. Мы спачатку будзем накіроўваць лісты непасрэдна ў гэтыя арганізацыі, паглядзім на іх рэакцыю. Магчыма, яны проста яшчэ не здагадаліся, што гэта не вельмі добра, што яны падтрымліваюць рэжым. Мы паспрабуем выйсці з імі на кантакт наўпрост. Калі ў нас гэта не атрымаецца, мы прадоўжым гэтага дамагацца акцыямі і накіроўваць лісты ўжо ў дзяржаўныя інстанцыі.

- Як Станіслаў Станіслававіч ацэньвае тваю працу?

- Мы з ім гэта практычна не абмяркоўваем. Часам мама распавядае, што дзеду, напрыклад, паказалі нейкае відэа, на якім я нешта расказваю, ці мае вебінары. І мне перадаюць, што ён мной ганарыцца. Гэта, вядома, прыемна.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках