19 траўня 2024, Нядзеля, 8:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што кажуць у Скідалі аб знікненні дырэктара цукровага завода?

20
Што кажуць у Скідалі аб знікненні дырэктара цукровага завода?
Фота: «Радыё Свабода»

У жыхароў горада шмат версій.

У Беларусі, здаецца, затрымалі кіраўнікоў усіх буйных цукровых прадпрыемстваў. Чарговы дзень на працы адсутнічаў дырэктар Скідальскага цукровага камбіната Дзмітрый Ягораў. Што кажуць у горадзе - у матэрыяле «Радыё Свабода».

Дзмітрый Ягораў ўзначальвае Скідальскі цукровы камбінат з 2006 года. Яму 48 гадоў.

Намеснік генеральнага дырэктара Скідальскага цукровага камбіната Аляксандр Пазнанскі пракаментаваў знікненне Дзмітрыя Ягорава так: «Няма яго на працы. Наогул няма ніякай інфармацыі».

- Ён у планавым адпачынку або проста знік?

- Няма ніякай інфармацыі.

- Ніякіх здагадак, дзе ён можа быць?

- Не ведаю. Цяжка... Каментаваць нічога не хочацца, таму што няма на працы яго.

- Вы можаце зняпраўдзіць чуткі, што яго затрымалі?

- Каб аспрэчваць, патрэбна нейкая інфармацыя. Калі няма інфармацыі, штосьці пракаментаваць цяжка.

Са cлоў Пазнанскага, абавязкі генеральнага дырэктара ні на каго іншага не ўскладалі. Праца ідзе ў ранейшым рэжыме.

Намесніца старшыні Скідальскага гарвыканкама Алена Рэкець сказала, што нічога не можа растлумачыць з нагоды знікнення Ягорава.

У Скідзелі аб знікненні кіраўніка горадаўтваральнага прадпрыемства ведаюць.

«Можа, уцёк за мяжу? - выказвае здагадку адна з жанчын на аўтобусным прыпынку. - Дык яны што, згаварыліся ўсе ўчатырох [дырэктары цукровых заводаў], ці што?».

«Я чытала, што яго арыштавалі», - дадае іншая.

«Я ў суботу ў лазні быў з супрацоўнікамі цукровага завода. Яны нічога не казалі», - кажа адзіны здзіўлены пытанню жыхар Скідаля.

«Ён у Менск паехаў на тым тыдні. Прыехаў ці не... А пасля гэтага я не ведаю, дома ён ці не», - кажа пара, якая вяртаецца ўвечары дадому па вуліцы, дзе жыве дырэктар цукровага камбіната.

Суседзі характарызуюць Ягорава як добрага чалавека.

«Я пра яго нічога дрэннага не скажу, - кажа яго суседка, якая не працуе на цукровым камбінаце. - Ён нікому нічога дрэннага не зрабіў. Заўсёды хадзіў, вітаўся. Колькі мы тут жывем, ніхто нічога дрэннага пра яго не скажа. Добрыя людзі. Для нас гэта [знікненне] з'яўляецца дзіўным. Па вечарах у доме святло гарыць».

На пытанне, ці абвінавачвалі Ягорава людзі ў выбуху 2017 года, калі загінулі 4 жанчыны, жанчына адказвае адмоўна. Маўляў, ён тады адсутнічаў на працы некалькі тыдняў, яго не маглі абвінаваціць.

Суседзі кажуць, што дырэктар на працу і з працы хадзіў пешшу.

«Хто ведае? Ва ўсёмагутнага нашага пытайцеся. Калі ходзіць з працы і на працу, мы бачым яго. Тое, што ў інтэрнэце пішаце, то і ведаем. Нармальны чалавек. Безумоўна, людзі здзіўлены. Як так можна? Трыццаць сёмы год, ці што?», - кажа яшчэ адзін сусед аб таямнічым знікненні.

«Мы нават не ўяўляем, што ён знік. Напісалі «ў Менску», значыць, у Менску. Ён часта бывае ў сталіцы», - працягвае суседка сваю версію, дзе можа знаходзіцца Ягораў.

Юрый, сусед, які працуе на цукровым заводзе, кажа, што ў яго таксама няма ніякай інфармацыі.

«Усё, што пішуць у інтэрнэце, то я ведаю», - кажа ён.

Дом Ягорава знаходзіцца за 10-15 хвілін хады ад цукровага камбіната, у новым раёне з катэджамі, які так і завуць: «Цукровы завод». Двухпавярховы цагляны катэдж знаходзіцца ў канцы вуліцы. Побач некаторыя дамы яшчэ не дабудавалі і не засялілі.

Дзмітрый жыве з жонкай Святланай, якая таксама працуе на цукровым камбінаце. Іх сын жыве асобна, у Менску. Увечары ў доме сапраўды гарыць святло. У двары стаіць Audi. На доме вісяць відэакамеры. Фортка зачыненая на замок, званка няма. На стук у брамку з дому ніхто не выйшаў.

Яго бацькі жывуць амаль каля самага заводу, у аднапавярховым доме на некалькі кватэр. Суседзі пра месца знаходжання Дзмітрыя Ягорава нічога не ведаюць.

Дзверы кватэры Ягорава адкрывае пажылы мужчына, напэўна, бацька Дзмітрыя Уладзімір. Выглядае заклапочаным. Чуваць, што побач з ім да дзвярэй выйшла жонка.

Пасля слоў пра тое, што пра Дзмітрыя Ягорава даўно няма ніякіх звестак, гаспадар коратка адказаў:

«Гэта не ад нас залежыць» і зачыніў дзверы.

Скідальскі цукровы камбінат за 2018 год мае чыстыя страты на 10 мільёнаў рублёў, а за 2017 год меў іх на 18 мільёнаў. Мае да таго ж крэдытаў на 122 мільёны.

Інфармацыя аб верагодным затрыманні дырэктара Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіла Крыштаповіча з'явілася ў суботу 24 студзеня. Як мяркуецца, ён быў адным з пасажыраў рэйса «Белавія» з Менска ў Мюнхен, якіх знялі з самалёта ў Гародні.

Разам з Крыштаповічам у самалёце быў таксама ягоны калега, дырэктар Слуцкага цукровага завода Мікалай Пруднік.

Не было на працоўным месцы ў панядзелак і дырэктара цукровай фабрыкі ў Жабінцы Віктара Міронава. Пра ягонае затрыманне паведамляюць мясцовыя СМІ. Кіраўніка цукровага завода ў Скідалі Дзмітрыя Ягорава таксама ў панядзелак на працоўным месцы не аказалася.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках