2 траўня 2024, Чацвер, 14:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія НПЗ – усё?

67
Беларускія НПЗ – усё?

Расейскі падатковы манеўр пазбавіць Беларусь статусу найбуйнейшага экспарцёра нафтапрадуктаў.

Рэформа ў нафтавай галіне РФ паставіла беларускія НПЗ перад сур'ёзнымі выклікамі. Падатковы манеўр наблізіў для іх перспектыву набыцця сыравіны паводле сусветных коштаў і абвастрыў неабходнасць дыверсіфікацыі крыніцаў сыравіны, піша ў артыкуле на сайце «Наша думка» спецыялістка ў сыравінных рынках Таццяна Манёнак.

Пакуль у поўным аб'ёме альтэрнатывы пастаўкам расейскай нафты няма. Задача дыверсіфікаваць пастаўкі нафты пастаўленая з улікам хуткага заканчэння падатковага манеўру ў нафтавай галіне РФ. Лукашэнка на нарадзе 21 студзеня заявіў, што Беларусь будзе імкнуцца да таго, каб 30–40% сыравіны набываць у Расеі, блізу 30% павінны з Балтыкі завозіць і адсоткаў 30 праз Украіну – «правераны» ўжо шлях.

Пакуль гэтыя заявы гучаць як добры намер і сігнал расейскім кампаніям, з якімі пакуль не атрымалася дамовіцца пра ўмовы пастаўкі нафты ў Беларусь у 2020 годзе.

Ці гатовыя да альтэрнатывы беларускія НПЗ?

Беларускія НПЗ рыхтуюцца да новых абставінаў даўно. Цягам некалькіх апошніх гадоў яны праводзяць маштабную мадэрнізацыю, каб эфектыўна перапрацоўваць сыравіну паводле сусветных коштаў. Урад даўно прыспешвае іх мадэрнізацыю. Пакуль асноўныя праекты ў рамках праграмаў мадэрнізацыі на двух заводах – комплекс запаволенага каксавання ў ААТ «Нафтан» і комплекс гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў у ААТ «Мазырскі НПЗ» – знаходзяцца на апошніх стадыях рэалізацыі. Увод у эксплуатацыю гэтых тэхналагічных аб'ектаў дазволіць абодвум заводам забяспечыць глыбіню перапрацоўкі нафты на абодвух НПЗ на ўзроўні найлепшых сусветных заводаў.

Напрыклад, «Нафтан» у траўні гэтага года павінен закончыць будаўніча-мантажныя працы на комплексе запаволенага каксавання нафтавых рэшткаў, а ў жніўні – атрымаць першую прадукцыю. Будаўніцтва гэтай устаноўкі на «Нафтане» дазволіць стварыць у Беларусі вытворчасць новага прадукту – нафтавага коксу. Згодна з планамі, «Нафтан» будзе вырабляць блізу 400 тыс. тонаў нафтавага коксу за год. Пастаўкі на экспарт могуць скласці 30–40 тыс. тонаў нафтавага коксу за месяц. Папярэдне «Нафтан» дамовіўся пра супрацоўніцтва ў закупцы нафтавага коксу з найбуйнейшымі сусветнымі гульцамі – з амерыканскімі кампаніямі Oxbow Energy Solutions, Rain Carbon Inc., Tricon і швэйцарскай Suek AG.

Беларусі для забеспячэння ўнутранага рынку паліва хопіць аднаго НПЗ

Сёння Беларусь, загружаючы свае НПЗ толькі імпартнай нафтай, з'яўляецца адной з найбуйнейшых у Еўропе краінаў-экспарцёрак нафтапрадуктаў. І гэта пры тым, што абодва беларускія НПЗ размешчаныя далёка ад партоў (з пункту гледжання лагістычных выдаткаў такі экспарт не можа быць эфектыўным).

Беларусь стала адной з сусветных «лідарак» у экспарце нафтапрадуктаў (у апошнія гады аб'ём экспарту складае 11-12 млн тонаў) дзякуючы прэферэнцыйным умовам паставак расейскай нафты. Кошт расейскай нафты для беларускіх НПЗ заўсёды быў прыкметна ніжэйшы за сусветны (цяпер падатковы манеўр павысіў яго да 83% ад сусветнай). Розніца паміж экспартнымі мытамі на нафту і нафтапрадукты дазваляла і пакуль яшчэ дазваляе заводам пакрыць лагістычныя выдаткі пры экспарце нафтапрадуктаў, у тым ліку праз парты.

Між тым, як паказвае сусветная практыка, калі НПЗ размешчаныя за 500–600 км ад мора, то для іх няма сэнсу экспартаваць нафтапрадукты праз парты – занадта дорага і неэфектыўна. Да прыкладу, у агульным аб'ёме вытворчасці нафтапрадуктаў польскіх НПЗ экспарт складае крыху больш за 10%, у нямецкіх НПЗ – менш за 10%.

Калі Беларусі давядзецца набываць нафту паводле сусветных коштаў, сітуацыя для яе НПЗ кардынальна памяняецца. Усе сусветныя НПЗ, якія набываюць нафту паводле сусветных коштаў, пастаўляюць нафтапрадукты пераважна на ўнутраны рынак, а не на экспарт. Ва ўмовах сусветных коштаў на сыравіну беларускім НПЗ давядзецца таксама працаваць паводле гэтых правілаў.

Старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў на нарадзе 21 студзеня адзначыў, што для забеспячэння ўнутранага рынку Беларусі хапіла б 80% загрузкі аднаго нафтаперапрацоўчага завода. Тым не менш, як можна меркаваць, улічваючы іх патэнцыйныя магутнасці ў перапрацоўцы – 24 млн тонаў – яны будуць імкнуцца захаваць сваю дзель на найбліжэйшых і найбольш маржынальных рынках – перш за ўсё, украінскім, хоць і там канкурэнцыя будзе ўзрастаць – перш за ўсё, з расейскімі кампаніямі.

«Нафтану» давядзецца сыходзіць у нафтахімію

Будучыя выклікі ўжо прымусілі беларускіх нафтаперапрацоўнікаў сур'ёзна задумацца пра далейшую перспектыву развіцця заводаў.

У канцэрне «Белнафтахім» прызналі, што развіццё двух беларускіх НПЗ паводле паліўнага варыянту спалучанае з рызыкай для іх як у збыце прадукцыі, так і ў эфектыўнасці іх працы ў цэлым. «Гэта абумоўлена павелічэннем канкурэнцыі на патэнцыйных рынках збыту маторных паліваў, а таксама адсутнасцю свабоднай ёмістасці найбліжэйшых рэгіянальных рынкаў для забеспячэння эфектыўнай рэалізацыі нафтапрадуктаў», – адзначаюць у канцэрне.

Цяпер канцэрн разглядае тры магчымыя варыянты стратэгічнага развіцця айчынных НПЗ: паліўна-нафтахімічны, нафтахімічны, араматычны. У распрацоўцы стратэгіі развіцця «Нафтана» і Мазырскага НПЗ удзельнічае кампанія «Эрнст энд Янг – ацэнка і кансультацыйныя паслугі» (расейская «дачка» міжнароднай кансалтынгавай кампаніі EY).

Напрыклад, раней на «Нафтане» пасля заканчэння мадэрнізацыі збіраліся пабудаваць другую ўстаноўку запаволенага каксавання, а таксама другую ўстаноўку гідраачысткі і яшчэ адзін гідракрэкінг, каб павялічыць вытворчасці дызельнага паліва. Аднак вывучыўшы сітуацыю ў Расеі, кіраўніцтва прыйшло да высновы, што далейшае развіццё паводле паліўнага варыянту, непрымальнае, бо завод не зможа канкураваць з расейскімі кампаніям на сваіх асноўных экспартных рынках – Украіны, краінаў Балтыі, Польшчы.

Таму для «Нафтана», які працуе ў тэхналагічнай звязку з «Палімірам», абраная далейшая мадэль развіцця ў якасці нафтахімічнага комплексу. Гэта значыць, акрамя паліўнага складніку, «Нафтан» у перспектыве павінен арыентавацца на развіццё выпуску нафтахімічнай прадукцыі.

У канцэрне ў сувязі з гэтым адзначаюць, што хоць Беларусь і не мае выхаду да мора, яна ў той самы час тэрытарыяльна блізкая да ёмістага і высокамаржынальнага еўрапейскага рынку. Гэта дазволіць НПЗ пастаўляць на гэты рынак сваю новую прадукцыю, а таксама імпартаваць сыравіну для далейшай перапрацоўкі.

Аднак варта браць да ўвагі, што рэалізацыя перспектыўных стратэгій беларускіх НПЗ запатрабуе вялікіх інвестыцый. І гэта стане новым, не менш складаным выклікам, чым падатковы манеўр.

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках