27 красавiка 2024, Субота, 5:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генерал Грыб: Прызначэнцы Лукашэнкі могуць выявіцца прарасейскімі

45
Генерал Грыб: Прызначэнцы Лукашэнкі могуць выявіцца прарасейскімі
МЕЧЫСЛАЎ ГРЫБ
ФОТА: «Радыё Свабода»

Што адбываецца ў беларускіх сілавых структурах?

Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў Мінабароны, Генеральнага штаба Узброеных сілаў і Савета бяспекі. Міністрам абароны прызначаны Віктар Хрэнін, які раней з'яўляўся камандавальнікам войскамі Заходняга аператыўнага камандавання. Кіраўніком Генеральнага штаба УС прызначаны Аляксандр Вольфавіч, які раней працаваў першым намеснікам кіраўніка Генштаба.

Былы міністр абароны Андрэй Раўкоў стаў дзяржсакратаром Савета бяспекі. Што стаіць за гэтымі перастаноўкамі? На пытанні сайта Charter97.org адказвае экс-кіраўнік Вярхоўнага Савета Беларусі, генерал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб.

– Мечыслаў Іванавіч, свае прызначэнні Лукашэнка патлумачыў «няпростым часам». Як гэта разумець?

– Па-першае, колькі я чую Лукашэнку, усе гэтыя 25 гадоў – у нас заўсёды былі складаныя часы. Я ніколі не памятаю, каб ён казаў, што ў нас усё нармальна. Таму ці варта надаваць нейкае асаблівае значэнне гэтым выказванням?! Гэта проста пустыя словы. Вядома, сітуацыя на самай справе ўскладнілася. Асабліва за кошт рознагалоссяў, якія ў апошні час у нас выявіліся з Расейскай Федэрацыяй. Сярод іншага – у пытаннях гэтак званай інтэграцыі і атрыманні танных энэргарэсурсаў.

Быццам бы мы з Расеяй знаходзімся ў АДКБ, у адным, так бы мовіць, ваенным звязе. Але гэта нічога не значыць. Сёння можам быць у адным звязе, а заўтра – па розныя бакі. Сур'ёзна казаць пра тое, што Лукашэнка пачаў рыхтавацца сёння да абароны – вельмі складана. Рыхтавацца трэба ўвесь час, і быць у гатоўнасці ўвесь час. Але не рабіць з гэтага нейкую фішку, зацыклівацца на гэтым – не трэба.

– Як афіцэр, як Вы ацэньваеце працу сілавых установаў у Беларусі?

– Па-першае, у нас гэтыя ўстановы працуюць у закрытым або паўзакрытым стане ўвесь час. І як праходзіць іх праца – простым грамадзянам меркаваць пра гэта вельмі цяжка. Мы можам меркаваць толькі пра выказванні датычна тых ваенных вучэнняў, якія там праводзяцца. Нам кажуць заўсёды, што паспяхова праводзяцца, з вельмі добрымі вынікамі і гэтак далей. Але ці так гэта на самай справе – цяжка сказаць.

Эксперты кажуць, што ў войску адпаведнага парадку няма. У беларускім войску шмат самагубстваў, нават ёсць забойствы! У войску ёсць дзедаўшчына. Таму ацэньваць боегатоўнасць нашай арміі вельмі складана.

– Адна з першых заяваў новага міністра абароны Віктара Хрэніна – «салдаты павінны быць гатовыя да вайны». Да чаго такая заява?

– Безумоўна, мы ўвесь час павінны рыхтавацца да адбіцця ваеннай агрэсіі. Паколькі Беларусь заяўляе, што мы не маем і ніколі не мелі стратэгіі нападу, то дактрына ў нас павінна насіць чыста абарончы характар. Але абарона – гэта таксама вайна. Гэта таксама навука. І да гэтага ўвесь час трэба рыхтавацца. Вайскоўцы павінны праходзіць адпаведную падрыхтоўку, рыхтавацца да адбіцця нападу. Тым больш, калі такія цяжкія стасункі з Расейскай Федэрацыяй.

– З аднаго боку – мы знаходзімся ў так званым ваенным звязе з Расеяй. З іншага – разглядаем яе ў якасці праціўніка. Тут няма ніякіх супярэчнасцяў?

– Які паўнавартасны звяз можа быць з Расеяй? Акрамя таго, з АДКБ ваеннага звязу не атрымалася. Што б там ні рабілі, але ён застаўся больш гульнёй, чым рэальным. Мы ўваходзім у склад АДКБ, але мы не ўдзельнічаем у нейкіх ваенных дзеяннях і гэтак далей.

Удзельнічае адна галоўная і асноўная краіна – Расейская Федэрацыя. З намі, як з краінай, якая ўваходзіць у АДКБ, ніхто нават і не раіцца.

Апавесціў нехта Беларусь пры захопе Крыма? А падчас іншых ваенных дзеянняў? Думаю, што ніхто ў кіраўніцтва Беларусі не пытаўся. Масква сама ўсё гэта зрабіла і проста паставіла перад фактам. Таму не трэба строіць ілюзій.

– Новыя кіраўнікі сілавых установаў вучыліся і рабілі кар'еру на тэрыторыі Расеі. Аляксандр Вольфавіч – нараджэнец РФ. Ці могуць такія абараніць нашу краіну ад патэнцыйнай пагрозы з Усходу?

– Разумееце, раней усе вайскоўцы, генералы і палкоўнікі, яны большай часткай мелі дачыненне да навучальных ваенных установаў, якія размешчаныя на тэрыторыі Расеі. Таму што ў нас практычна сваіх ваенных навучальных установаў не было. Была ў нас вучэльня, але не было ні інстытута, ні акадэміі, нічога. Потым у нас утварылася нацыянальная найвышэйшая навучальная ўстанова для падрыхтоўкі найвышэйшых вайскоўцаў. А раней жа не было. А дзе ім усім падрыхтоўку праходзіць? Натуральна – у Расеі. У Расеі былі і сярэднія, і вышэйшыя акадэміі, і акадэміі генштаба, усё-ўсё. І яны там праходзілі гэтую падрыхтоўку.

Безумоўна, у пэўнай ступені гэта можа паўплываць на іх выбар, па які бок барыкадаў апынуцца. Яны ўнутры могуць заставацца расейскімі. І такіх вайскоўцаў даволі шмат, якія мяркуюць, што расейскія ўзброеныя сілы – гэта «супер», а беларускія ўзброеныя сілы – абы-што.

Іншы бок, сёння калі браць, вайскоўцы ўзброеных сілаў Расеі матэрыяльна больш забяспечаныя, чым беларускія. Ды і тыя, хто на пенсіі, атрымліваюць больш.

Сёння больш выгодна матэрыяльна служыць у расейскіх узброеных сілах, чым у беларускіх. І гэта многіх вабіць: мова адна, межаў няма, тэарэтычная падрыхтоўка таксама ёсць.

Таму спадзявацца на гэтых афіцэраў не варта. У жыцці заўсёды трэба спадзявацца ў першую чаргу – толькі на сябе. Таму беларусам варта жыць сваёй галавой.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках